Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вечарыне Сяргея Шупы ў кнігарні «логвінаЎ» гаварылі пра Менск – «горад без свайго рамана», пра літаратуру, якая «нікому не патрэбная», пра пісьменьнікаў, якія так і ня выйшлі з 19-га стагодзьдзя…

Гаварылі пра многае, але, мне падалося, пра адно.

Сяргей Шупа ня быў у родным Менску некалькі гадоў, не пускалі, і цяпер кажа: галоўнае, што яго цешыць, – калі ў фэйсбуку посьцяць фоткі старога Менску і ўсё гэта абмяркоўваюць зь непадробным энтузіязмам. Абагульняючы – цешыць нефармальная, нічым не інсьпіраваная цікавасьць і да гораду, і да літаратуры, а я б дадаў – і да сябе. Цешыць, бо ніколі раней такой цікавасьці не было – у заўважных маштабах. І гэта значыць, што яна толькі цяпер, на нашых вачах узьнікае, завязваецца, нараджаецца.

Праўда, і фэйсбуку ніколі раней не было.

Чаму так – можна сабе зразумець. Вечарына і пачалася з таго, што Менск за сваю гісторыю некалькі разоў быў зьнішчаны да тла. Тут ніколі не жыло пяць ці пагатоў дваццаць пакаленьняў аднаго роду (чаму ў горадзе амаль няма антыкварных крамаў). Але тое самае можна сказаць і пра літаратуру, якая ў 20 стагодзьдзі прынамсі аднойчы была зьнішчаная да тла, і пра чалавека, зь якім гэта адбылося не аднойчы. Так укаранялася нецікавасьць – да гораду, да літаратуры, да сябе. Не цікавіцца стала трывалай нормай для тутэйшых жыхароў.

І хто б ні пісаў пра Менск – ад Сыракомлі да Клінава – гэта заўсёды было супраць агульнага настрою, правакацыяй нормы, самотным голасам у пустэльні. Публіка з усіх сілаў не цікавілася горадам, літаратурай, сабою і не паддавалася на правакацыі. Яна з усяе моцы рабіла выгляд, што яе няма, што няма сьцен, між якіх яе няма, а значыць, няма тут пра што гаварыць і пісаць. І гэта была натуральная рэакцыя на вынішчэньне да тла – самім стаць тлом, фонам, а не фігурантамі гэтага жыцьця.

Асаблівай пакутай было пісаць пра родную мову і радзіму-Беларусь. Рэспубліканскі стандарт, калі мы ў адным шэрагу з грузінамі ды эстонцамі ўсякімі, каму гэта натуральна, прымушаў, а ўся істота – пярэчыла, у выніку чаго нараджаліся патрыятычныя шэдэўры, якім і цяпер вучаць у дзіцячым садку («Я роднае слова люблю без прымусу»), якія і цяпер у выглядзе песень гучаць на радыё («Я ўдзячны лёсу, што за ўсе часы мая блакітнавокая радзіма не затуліла мне чужой красы, мяне ад сьвету не адгарадзіла»), толькі чаму так радуецца лірычнае «я», сучаснае дзіця ўжо не зразумее.

Фоткі ў фэйсбуку, якія цешаць Сяргея Шупу, – цалкам супрацьлеглы працэс. Як, напрыклад, і дыскусіі вакол літаратурных прэміяў. Як і развагі пра месца розных людзей у беларускім соцыюме ці асаблівасьці выхаваньня дзяцей у канкрэтнай школе – са многімі, асабістымі, прыкладамі. І аказваецца ўсё гэта – адзіны працэс. Тутэйшых людзей спакваля адпускае вусьціш быць вынішчанымі да тла і яны пачынаюць патроху абазначаць сябе, праяўляцца ў горадзе і гаварыць пра гэта, і пісаць.

Наколькі шырокі гэта працэс – пытаньне. Але ён пашыраецца, безь ніякай прапаганды з агітацыяй, безь ніякага заахвочваньня ў людзях нараджаецца жывая цікавасьць да літаратуры, да горада і да саміх сябе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG