Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі чацьвёртага тыдня фотаконкурсу «Незалежнасьць — гэта...»


Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ! Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com



Фотатыдзень камэнтуе вядучы Валер Дранчук.

Удзельнікі:

Іван Дзявойна
Ільля Копыл
Вольга Дайлід
Пятровіч-Баркоўскі
Зьвярок Шэранькі
Міхал Капышка




«Мой лес — мая незалежнасьць...»

Пачынаем з ліста ад Івана Дзявойны са Стаўпецкага раёна. Гэта своеасаблівы крык зь лесу або крык лесу. «Апошні час я жыву на бацькаўшчыне ў вёсцы Вязавец. — піша ён. — Трымаю пчол, даглядаю сядзібу продкаў, стварыў музэйную экспазыцыю. Але больш за ўсё люблю родны лес. І за яго цяпер больш за ўсё баліць маё сэрца. На конкурс дасылаю свае фатасьведчаньні, якімі па-свойму хачу праілюстраваць і адказ на пытаньне:

„Незалежнасьць — гэта... захаваны, здаровы, не пакалечаны лес у тваіх і маіх ваколіцах і ў кожным кутку Беларусі. Мой лес — мая Незалежнасьць“.

Маючы сёньня такі лес, які бачым на здымках, нельга паверыць, што мы жывём у незалежнай краіне.»

Лес у маіх ваколіцах. Фота 1. Вёска Вязавец, Стаўпецкі раён. Сакавік 2016
Лес у маіх ваколіцах. Фота 1. Вёска Вязавец, Стаўпецкі раён. Сакавік 2016

Лес у маіх ваколіцах. Фота 2. Вёска Вязавец, Стаўпецкі раён. Сакавік 2016
Лес у маіх ваколіцах. Фота 2. Вёска Вязавец, Стаўпецкі раён. Сакавік 2016

Лес у маіх ваколіцах. Фота 3. Вёска Вязавец, Стаўпецкі раён. Сакавік
Лес у маіх ваколіцах. Фота 3. Вёска Вязавец, Стаўпецкі раён. Сакавік



Лес у маіх ваколіцах. Фота 4. Вёска Вязавец, Стаўпецкі раён. Сакавік 2016
Лес у маіх ваколіцах. Фота 4. Вёска Вязавец, Стаўпецкі раён. Сакавік 2016

Лес у маіх ваколіцах. Фота 5. Вёска Вязавец, Стаўпецкі раён. Сакавік 2016
Лес у маіх ваколіцах. Фота 5. Вёска Вязавец, Стаўпецкі раён. Сакавік 2016


«На беспарадкі ў лесе, — дадае спадар Дзявойна, — я час ад часу скарджуся ў інстанцыі. У Клецкім лясгасе, які тут адказны за стан і гаспадарку, мяне ўжо няблага ведаюць. Літаральна днямі адправіў пратэст у Дзяржкантроль. Спадзяваньняў на зрухі няшмат. З досьведу магу сказаць, што на месца, як правіла, выяжджаюць, цікавяцца, аднак чалавека пры гэтым ня чуюць, стараюцца гучна давесьці, што дзяржава і яе выканаўцы ўсё ведаюць лепш і ўсё робяць правільна. Звычайную запушчанасьць тлумачаць так званай „фінскай тэхналёгіяй“, па якой, маўляў, працуе ўся Беларусь».

Дзякуй за водгук і фотаздымкі, спадар Дзявойна! Несумненна, Ваша крытычная пазыцыя ў адносінах да неахайнасьцяў у лесакарыстаньні вартая ўвагі шырокай грамадзкасьці. Лес як каштоўнасьць патрабуе куды большай незалежнасьці — Ваша рацыя! Што да звароту ў Дзяржкантроль, трымайце нас у веданьні, а заадно раскажыце і пакажыце, што ў Вас на сядзібе за экспазыцыя — гэта таксама цікава для нашага фотаконкурсу.

Цёмная хмара над Астраўцом


Трывогай за прыродна-біялагічную і грамадзка-палітычную незалежнасьць бацькаўшчыны прасякнуты развагі і фотаздымкі Ільлі Копыла зь Менску. Міжволі радуесься, што чалавек разьмяняў дзявяты дзясятак гадоў, і рачулка з паэтычным імем Поня па-ранейшаму кліча яго на спатканьне. І гэта ўзаемна!

У РОДНЫХ МЯСЬЦІНАХ. Рака Поня: «спрамленая ў адпаведнасьцi з плянам мэлiяpaцыi». 2015
У РОДНЫХ МЯСЬЦІНАХ. Рака Поня: «спрамленая ў адпаведнасьцi з плянам мэлiяpaцыi». 2015



«Незалежнасьць — гэта... калi кoжны чалавек, кожны грамадзянiн зь любоўю і трапяткім пачуцьцём ставiцца да сваёй краiны, да спадчыны, да роднай зямлi, да прыроды, да кожнага кургана, да кожнага дрэва, да кожнай рэчкi, возера, ручая, сажалкi і кpынiчкi. Гэта — калi мы ўсе разам будзем змагацца-стаяць супраць зьнiшчэньня малых вёсак, асяродкаў нашай прыроднай і духоўнай спадчыны».

«Усе здымкi зроблены ў ваколiцах маёй вёскi на Бягомльшчыне. Рака Поня раней была iншай — прыгожай і маляўнічай. Цяпер, каторы раз ні паглядзіш, агортвае горыч незагойнае страты», — узрушана паведамляе аўтар.

У РОДНЫХ МЯСЬЦІНАХ. Вясновы краявід. 2015
У РОДНЫХ МЯСЬЦІНАХ. Вясновы краявід. 2015

У РОДНЫХ МЯСЬЦІНАХ. Удалечыні справа можна згледзець вясковыя могілкі. Бягомльскі раён, 2015
У РОДНЫХ МЯСЬЦІНАХ. Удалечыні справа можна згледзець вясковыя могілкі. Бягомльскі раён, 2015

У РОДНЫХ МЯСЬЦІНАХ. На ўзьлеску. 2015
У РОДНЫХ МЯСЬЦІНАХ. На ўзьлеску. 2015

Аўтар здымкаў далей разважае:

«Калi б усё было так, як я напicaў вышэй, можна было б прадоўжыць у самым аптымістычным духу: Незалежнасць ... калi кожны грамадзянiн краiны — ад прэзыдэнта да апошняга бедака — мае права і гонар сказаць: „Гэта i мая краiна, гэта i мая зямля.“ А калi нацыя будзе зьяднаная, гэта самае можна будзе сказаць і адзiным хорам. Тады нixто не насьмеліцца дыктаваць, зь кiм сябраваць Беларусі — з дэмакратычнай, разьвiтай Эўропай цi з фэадальнай Сярэдняй Азiяй... Але ж у нас усё пакуль што далёка ня так. Інтэлiгенцыя слушна ставiць пытаньне: „Цi дойдзем мы да Беларусi?“ Патрэбна нейкая iдэя, якая б нас аб’яднала. Змаганьне за родную Мову, яе годнае месца і статус — так, але гэты працэс досыць працяглы. Калi ня будзем азipaцца па баках, то ў гэтым працэсе-змаганьнi можам хутка й загiнуць. Зараз, мяркую, самая вялікая небясьпека, якая навicла над намi, бы цёмная хмара, — гэта будаўнiцтва атамнай электрастанцыi ў Астраўцы. АЭС — найперш, дарагая цацка. Нашы велізарныя рэсурсы пойдуць на яе ўтрыманьне. Вельмі хутка яна апынецца ва ўласнасьці расейскix алiгархаў, як гэта адбылося з Белтрансгазам. Калi б нашаму грамадзтву ўдалося не дапусьцiць будаўнiцтва АЭС, можна было б сьцьвярджаць, што мы адбылiся як НАЦЫЯ. Паралельна з супрацівам завяршэньню БелАЭС трэба ўдумлiва і грунтоўна займаюцца Мовай. А найлепшым дапаможнiкaм для валоданьня Мовай будзе вывучэньне i асэнсаваньне нашай Гiсторыi. Калi мы будзем ведаць сваю Гicторыю i ганарыцца ёю, то i Мовай будзем ганарыцца i ведаць яе. Дзякуй за ўвагу!»

З адлюстраваньняў Цэляханскага краю


Чарговая пошта ад нашай удзельніцы Вольгі Дайлід. Яна выкладае гісторыю ў школе. Апякуецца асяродкамі краязнаўства, фатаграфуе рарытэты і навакольныя краявіды. Ставім два яе фотаздымкі.

«Незалежнасьць — гэта... лёгкасьць думак, якую нам дорыць прырода».

На ўлоньні Выганашчанскага возера. Івацэвіцкі раён, 2014
На ўлоньні Выганашчанскага возера. Івацэвіцкі раён, 2014


«Незалежнасьць — гэта... гісторыя краю ў родных назвах і словах».

Гісторыя Выганашчанскай фартэцыі. Навучаемся па-беларуску! Цэляханы, Івацэвіцк раён, 2014
Гісторыя Выганашчанскай фартэцыі. Навучаемся па-беларуску! Цэляханы, Івацэвіцк раён, 2014

Беларусь, 2001. Скаўцкі археалягічны летнік

Здымак, які даслаў Пятровіч-Баркоўскі (аўтар назваў сябе так), вяртае нас на самы пачатак 2000-х. Рэспэкт аўтару: захаваны надзвычай цікавы адбітак часу і гісторыі. Падлеткі на здымку сёньня ўжо дакладна сталыя людзі. Як склаўся іх лёс? Магчыма, аўтар прадоўжыць тэму... А гэтым разам чытаем:

«Незалежнасьць — гэта... калі скаўты-шасьціклясьнікі археалягічнага летніку самі, без дарослых, пішуць у сваім спальным пакоі гэтыя словы на кляснай дошцы (фота1), бо ўчора на раскопках гарадзішча яны знайшлі ананімную запіску з абразамі і пагрозай».

Археалягічны летнік. Беларусь, 2001.
Археалягічны летнік. Беларусь, 2001.



Фрагмэнт ананімнай запіскі на адрас скаўтаў. Беларусь, 2001.
Фрагмэнт ананімнай запіскі на адрас скаўтаў. Беларусь, 2001.

У вянок Памяці Ніла Гілевіча. Радасьці за краіну яму бракавала


Цікавы, калі не сказаць рэдкасны, здымак даслаў аўтар, які назваў сябе Зьвярок Шэранькі. Паэт з даверлівай зычлівасьцю дэманструе на фатакамэру (лічы, нам з вамі, дый цэламу сьвету, калі на тое!) свой паэтычны зборнік «Незалежнасьць» (што да назвы, пагляньце на год выданьня — 1991-ы!). Прыгледзеўшыся, лёгка запэўніваесься: праца — без фаташопа... тым ня менш, застаецца лёгкі сумнеў.

ПАМЯЦІ ПАЭТА. Ніл Гілевіч дома. Сьнежань 2013
ПАМЯЦІ ПАЭТА. Ніл Гілевіч дома. Сьнежань 2013


Я ўжо, было, пашкадаваў, што аўтар здымка нічога не напісаў пра сустрэчу з паэтам, аднак неўзабаве (дзякуй яму ж, аўтару!) знайшлася магчымасьць нам зьвязацца і перамовіцца. На здымку — сьнежань 2013. І трымае Ніл Сымонавіч зусім ня кнігу, а гэткі яе «муляж» у выглядзе сувэнірна-эксклюзыўнага ды моднага цяпер магніціка, які прэзэнтаваў паэту мой суразмоўца. А рэальная кніга — ёсьць, яна дакладна выйшла ў 1991 годзе ў сэрыі першых выданьняў Беларускай Незалежнасьці накладам 3000 асобнікаў. «Я адразу зьвярнуў на яе ўвагу, — кажа З.Ш., — і мне захацелася зрабіць прыемнае паэту, як і наогул засьведчыць вобраз таго часу такім вось чынам... Ніл Сымонавіч быў у добрым гуморы, вясёлы, шмат жартаваў і добра пачуваўся. Зрэшты, гэта відаць са здымку...».

Такая маленькая гісторыя, якой акурат 25. Прыглядаюся да фота, зноў ды яшчэ. Рука паэта-клясыка — «апошняга з Народных», якая далікатна трымае сувэнір-вокладку, выглядае, як для постаці Ніла Сымонавіча, нават занадта мініяцюрнай. Дзякуючы пярэдняму пляну, мы можам разгледзець пальцы, якімі пісаліся «Родныя дзеці», як шчыравалі яны, трымаючы вострае пяро, над сатырычнымі вершамі, мужнымі публіцыстычнымі творамі. Здымак, хай сабе ў большай меры экспромт, надзвычай удалы, годны, запамінальна плякатны. Аблічча самога ж Ніла Сымонавіча наогул казачна-самабытнае, душэўна прыгожае, хоць радасьці за краіну яму бракавала. Сьветлая памяць!

У Магілеў, пад цёплы лівень!


Яшчэ адна фатавэрсія і чатыры адлюстраваньні ад Міхала Капышкі з Магілеву.

«Незалежнасьць — гэта... абарона асобы і свабода шчасьлівага выбару».

ПАСЬЛЯ ЗАЛЕВЫ. На магілеўскай вуліцы 12 жніўня 2014.
ПАСЬЛЯ ЗАЛЕВЫ. На магілеўскай вуліцы 12 жніўня 2014.

ПАД ВЯСЁЛКАЙ. Асеньняя фатасэсія ў ваколіцах Магілеву 9 кастрычніка 2009.
ПАД ВЯСЁЛКАЙ. Асеньняя фатасэсія ў ваколіцах Магілеву 9 кастрычніка 2009.

НЕАБАРОНЕНАСЬЦЬ 1. Жанчына нясе дамоў здабытыя ў адыходах аўтапакрышкі для ўласнага падворку. 15 кастрычніка 2013.
НЕАБАРОНЕНАСЬЦЬ 1. Жанчына нясе дамоў здабытыя ў адыходах аўтапакрышкі для ўласнага падворку. 15 кастрычніка 2013.

НЕАБАРОНЕНАСЬЦЬ 2. Хлопчык вудзіць на забруджанай рачулцы Дубровенцы ў цэнтры Магілеву. 21 красавіка 2011
НЕАБАРОНЕНАСЬЦЬ 2. Хлопчык вудзіць на забруджанай рачулцы Дубровенцы ў цэнтры Магілеву. 21 красавіка 2011


Супрацьстаяньне. Пяць здымкаў ад вядучага

Георгі Лепін: «За бязьядзерную Беларусь»

Восем гадоў таму фатаграфаваў прафэсара Георгія Лепіна, які на пагрозы будаўніцтва АЭС у Беларусі ўзначаліў тым часам антыядзерны рух навукоўцаў. Доктар тэхнічных навук, чалавек Плошчы-2010, аўтар шматлікіх пратэстных артыкулаў супраць другога Чарнобылю ў Беларусі... Пераглядаючы сваю антыядзерную фататэчку, спыняюся на гэтым здымку, ён падаецца мне адметным дакумэнтам і вобразам маёй пасьлячарнобыльскай Беларусі.

Прафэсар Георгі Лепін на паседжаньні аргкамітэту грамадзкага аб’яднаньня «Вучоныя за бязьядзерную Беларусь». 9 сакавіка 2008, Менск
Прафэсар Георгі Лепін на паседжаньні аргкамітэту грамадзкага аб’яднаньня «Вучоныя за бязьядзерную Беларусь». 9 сакавіка 2008, Менск


Рэквіем

Разьвітаньне жыхaроў Менску з паркам 40-годзьдзя Кастрычніка, які на ўказ прэзыдэнта быў зьнішчаны пад будаўніцтва гатэлю «Пэкін». Грамніцы, 2012
Разьвітаньне жыхaроў Менску з паркам 40-годзьдзя Кастрычніка, які на ўказ прэзыдэнта быў зьнішчаны пад будаўніцтва гатэлю «Пэкін». Грамніцы, 2012

лея зь бегавой дарожкай у парку 40-годзьдзя Кастрычніка ў Менску, на месцы якога пабудаваны гатэль «Пэкін». 23 траўня 2011.
лея зь бегавой дарожкай у парку 40-годзьдзя Кастрычніка ў Менску, на месцы якога пабудаваны гатэль «Пэкін». 23 траўня 2011.

Звон Свабоды

ЗВОН СВАБОДЫ на выставе суполкі «Пагоня». Менск, 11 сакавіка 2011
ЗВОН СВАБОДЫ на выставе суполкі «Пагоня». Менск, 11 сакавіка 2011

МАЛІТВА. Айцец Леанід Акаловіч падчас адкрыцьця выставы суполкі «Пагоня». Менск, 11 сакавіка 2011
МАЛІТВА. Айцец Леанід Акаловіч падчас адкрыцьця выставы суполкі «Пагоня». Менск, 11 сакавіка 2011



Да наступнай суботы, сябры! Жадаю плённага Сьвятла ўсім удзельнікам фотаконкурсу. Чакаю новых вобразаў і сюжэтаў. Удалага фотаўлоньня!

Нагадаю, апошнім днём, каб патрапіць у чарговую, суботнюю галерэю, выбірайце сераду. Убачымся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG