Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Nizkiz: Па-беларуску выходзяць больш лірычныя і асэнсаваныя песьні


Адной зь яскравых зьяваў апошніх гадоў у беларускай альтэрнатыўнай музыцы стала магілёўская каманда Nizkiz. Актыўную канцэртную і студыйную дзейнасьць хлопцы пачалі ў 2012-м, адразу ж згуртаваўшы вакол сябе аматараў насычанага гучаньня і адметнага голасу вакаліста.

Nizkiz — гэта саліст, паэт і кампазытар у адной асобе Аляксандр Ільін, на гітары — Леанід Несьцярук, на басе — Сяргей Кульша, за барабанамі — Дзьмітрый Халяўкін (ён жа мэнэджэр калектыву, на якім гаспадарчыя і камунікацыйныя клопаты). Днямі выступам у Менску завяршыўся іх тур у падтрымку трэцяга па ліку альбому, выхад якога пры станоўчым зьбегу абставінаў заплянаваны да канца году. Праўда, для «затраўкі» у рэпэртуары ўсяго некалькі новых песень — каб не сапсаваць элемэнт нечаканасьці.

Мэнэджэр і ўдарнік Дзьмітрый Халяўкін гаворыць: калі не лічыць запрашэньняў на летнія «оўпэн-эйры», зь беларускімі слухачамі музыкі разьвітваюцца да восені:

«Мы праехалі ўсе абласныя гарады з фінальным канцэртам у Менску. Гэта апошні выступ перад тым, як мы засядзем за запіс і падрыхтоўку навага альбому. Само сабой, будуць нейкія адзінкавыя выступы, бо летам запрашаюць да ўдзелу розныя фэстывалі, адмаўляцца, натуральна, на будзем. Скажам, у выходныя едзем у Піцер, дзе пройдзе чатырохдзённы шоўкейс-фэстываль Colisium Music Conference. У рамках імпрэзы ў нас два выступы, агулам на двух дзесятках пляцовак адыграюць 80 выканаўцаў з самых розных краінаў. Таксама плянуем некалькі канцэртаў ва Ўкраіне і, магчыма, штосьці яшчэ атрымаецца ў Расеі. А ў пляне сольных канцэртаў у Беларусі да восені пастаўлена кропка».

За пару мільёнаў беларускіх рублёў можна прыдумаць назву для песьні

Сустрэча з магілёўскімі рокерамі адбылася на канькабежным стадыёне «Менск-Арэны». Хлопцы раскатваліся пад уласныя песьні, якія гучалі з дынамікаў, вакол увіхаліся юныя прыхільніцы. Здаровы лад жыцьця ці бонус ад арганізатараў менскага канцэрту? Дзьмітрый Халяўкін папраўляе — ёсьць яшчэ і трэці варыянт:

«Напэўна, усё разам, але асноўнае, што мы распачалі займацца такой моднай зараз рэччу, як краўдфандынг. То бок, збор грошай грамадой — хто колькі можа за нейкія „плюшкі“. На партале „Мае сэнс“ запусьцілі праект па зборы грошай на новы альбом. Там асноўная фішка ў тым, што любы ахвотны можа ствараць, прадаваць нейкія сустрэчы. Мы прапанавалі пакатацца з намі на каньках. Людзі робяць стаўкі, і пераможцы атрымліваюць, што прапануецца ў канкрэтнай сустрэчы. Такім чынам, хто перамог, з намі тут і катаецца на каньках. У пэўным сэнсе катаньне з фанатамі. І тое, што людзі заплацілі за гэтую сустрэчу, пойдзе на наш праект, на новы альбом».

Дзьмітрый Халяўкін перад сэансам катаньня з фанатамі
Дзьмітрый Халяўкін перад сэансам катаньня з фанатамі

Дарэчы, стаўкі прымаюцца самыя розныя: ад магчымасьці прысутнічаць пры запісе альбому (500 тысяч рублёў з «носу») і рэпэтыцыі (за 1 мільён) да сумеснага абеду ў рэстарацыі (3 мільёны) і паездкі ў адной кампаніі на канцэрт (5 мільёнаў). За пару мільёнаў можна паўдзельнічаць у выбары назвы для асобных песень, а можа і ўсяго альбому. Пакуль, удакладняе Дзьмітрый, ідзе працэс абмеркаваньня:

«Нічога дакладнага няма, усе песьні „ідэнтыфікуюцца“ па нейкіх словах, па асобным радку. Думаю, канчатковая назва зьявіцца бліжэй да канца працэсу, калі будзе зразумелая агульная канцэпцыя, калі альбом будзе выбудаваны стылістычна. Пакуль жа на ўзроўні нумарацыі: першая песьня, трэцяя, чацьвёртая і г.д.».

У кожнага ўнутры свая турма, свая Гуантанама

Знакавым для Nizkiz стаў 2013-ы, калі ў рэпэртуары зьявілася першая беларускамоўная песьня «Гуантанама» — стопрацэнтны хіт, які адразу ж узначаліў чарты парталаў tuzin.fm, ultra-music.com. Праз тры гады, пасьля гістарычнай сустрэчы ў Гаване лідэраў Кубы і ЗША, «Гуантанама» набыла яшчэ і палітычны падтэкст. Хоць, як кажа Дзьмітрый Халяўкін, настолькі глыбокі сэнс у тэкст не закладаўся, а назва амэрыканскай ваеннай базы з турмой для тэрарыстаў — толькі мастацкі вобраз:

«Нельга сказаць, каб мы ўкладалі ў зьмест геапалітычныя падзеі аж такога маштабу. У большай ступені гэта сымбалізм, падмацаваны кропкай на мапе сьвету. У гэтым пляне мы ўвогуле досыць апалітычныя — прынамсі ў сваёй творчасьці палітыку, рэлігію, іншыя моманты стараемся не закранаць. Тыя ці іншыя сымпатыі і прыярытэты — асабістая справа кожнага ўдзельніка гурта. Але на сацыяльна-палітычныя тэмы песень у нас няма. Прынамсі „Гуантанаму“ з візытам на Кубу Барака Абамы не зьвязваем дакладна».

Крыху раней Аляксандр Ільін удакладніў: «Гэтую мэтафару мы скарысталі, каб падзяліцца ўнутранымі перажываньнямі, распавесьці пра тую турму, якая ёсьць унутры чалавека, пра межы ды рамкі, якія мы самі для сябе выдумляем», — патлумачыў сам аўтар словаў, вакаліст Nizkiz.

Пасьля «Гуантанамы» моўны экспэрымэнт быў працягнуты, зьявіліся такія запамінальныя рэчы, як «Цяпер і далей», «Як спыняецца цішыня», «Цемра». І зноў — упэўненае лідэрства ў чартах на tuzin.fm. Цікаўлюся ў Дзьмітрыя, ці захаваецца тэндэнцыя ў новым альбоме?

«Такі курс захаваецца, безумоўна. Пакуль, праўда, ня ведаю, у які бок будзе перавага, а можа ўвогуле апынецца аднолькавая колькасьць. Але адназначна альбом ня будзе цалкам ці то па-расейску, ці то па-беларуску. Зноў будзе нейкі мікст».

Што стала штуршком да беларусізацыі рэпэртуару? Як паказвае практыка, ад пачатку расейскамоўныя гурты, за рэдкім выключэньнем, амаль не зьвяртаюцца ў сваёй творчасьці да беларускай:

АЎДЫЁ Песьня «Цяпер і далей»

«Ну, ня тое што нас „накрыла“, проста апошнім часам песьні ад пачатку пішуцца альбо на беларускай мове, альбо на расейскай — залежна ад таго, як трапляе „ў пазл“ слова, музыка. Па тэндэнцыі бачна, што больш лірычныя, больш асэнсаваныя песьні выходзяць па-беларуску. А вось драйвовыя рэчы на беларускую пакуль ня вельмі кладуцца».

Асноўным «беларусістам» у камандзе — вакаліст Аляксандр Ільін. На ім, удакладняе Дзьмітрый Халяўкін, асноўны цяжар «творчых пакут». Прынамсі на пачатковым этапе:

«Асноўны аўтар песень — гэта наш вакаліст Саша Ільін. Так склалася, што менавіта на ім гэты абавязак: ён прыносіць стрыжневыя ідэі, тэксты, мэлёдыі, а далей ужо сумеснымі намаганьнямі даводзім да ладу, да гатовай кампазыцыі. Так што і беларускамоўныя, і расейскамоўныя песьні — гэта заслуга перадусім ягоная».

Ва Ўкраіне беларускамоўныя песьні разумеюць, у Расеі — «напэўна, не»

Некалькі гадоў таму ў пошуках новай аўдыторыі магілёўцы паспрабавалі наладзіць экспарт прадукцыі Nizkiz у эўразону, але ўрэшце вырашылі лякалізавацца. Чаму — тлумачыць Дзьмітрый Халяўкін:

«Экспансія, па вялікаму рахунку, не адмяняецца... Мы сапраўды паспрабавалі рушыць на Захад, але ўжо польскія канцэрты паказалі: гэта не зусім наша і не зусім іхняе. Там такая музыка, пэўна, не такая актуальная дый не зусім патрэбная. Наш вэктар усё ж у бок усходніх, паўднёвых суседзяў — Расеі, Украіны. Адной Расеі неабсяжная прастора, якую можна доўга скараць. Ну, і ў самой Беларусі наша музыка даволі запатрабаваная, актуальная і мае куды больш патэнцыялу, чым на Захадзе. Безумоўна, Эўропа — нашмат круцей і цікавей, але рэальнасьць менавіта такая».

Калі ўкраінцы па большай частцы разумеюць беларускамоўныя песьні з канцэртнага рэлізу, то як рэагуюць на нацыянальную ідэнтычнасьць расейцы? «Інтуітыўна», — гаворыць мой суразмоўца:

«Ва Ўкраіне — так, разумеюць. У Расеі — напэўна, не. Але нават у нас шмат людзей (я ў тым ліку) мала слухаюць расейскую ці беларускую музыку, перавага ўсё ж замежнай. Да сораму ці не — пытаньне адноснае, як кажуць, на аматара. З пазыцыі разуменьня мовы прыблізны зьмест тых жа англамоўных кампазыцый я ўяўляю. А ў падлеткавым узросьце сэнсу практычна не разумеў, тая ці іншая каманда падабалася на ўзроўні музыкі, стылю, „фірмы“. Так і расейцам: для вуха прыемны ня сам тэкст, колькі мэлядызм, драйв. У сэнс, ясная справа, ніхто не заглыбляецца».

Абмежаванасьць музычнага рынку Расеяй ды Ўкраінай нясе свае нюансы. Адной зь першых ахвяраў «апалітычнасьці» стаў беларускі рэпэр Макс Корж, які абвешчаны неўязным ва Ўкраіну пасьля канцэртаў у анэксаваным Крыме. Як ён не апраўдваўся, што нічога дрэннага не перасьледаваў, не дапамагло. Якое стаўленьне да ўкраінскіх падзеяў, якія падзялілі творцаў на прарасейскіх і праўкраінскіх, у хлопцаў з Nizkiz?

«Зразумела, лепш такія сытуацыя загадзя прадугледжваць, каб у выніку не атрымалася, як у дадзеным выпадку з Каржом. Пакуль такіх пагрозаў як быццам не прадбачыцца, няма падставаў. Што тычыцца таго, на чыім мы баку ў гэтым канфлікце? Паўтаруся: мы палітыку стараемся абыходзіць. Так, канкрэтныя прапановы канцэртаў будуць разглядацца, але не з такой пазыцыі, што мы за тых ці за іншых, што абавязаныя трымаць нейкую палітычную лінію і г.д.».

У Эўропе няма ілюзій, што патрапіў на «Эўрабачаньне» — і твая будучыня забясьпечаная

За апошні час магілёўская каманда стала пазнавальнай ня толькі ў Беларусі, але і на аўтарытэтных фэстывалях у сумежных краінах. Ці дазваляе пачатковая папулярнасьць, гастрольная дзейнасьць жыць за кошт музыкі? Дзьмітрый Халяўкін ляканічны:

АЎДЫЁ Песьня «Цемра»

«Не, не дазваляе. Уся гэтая папулярнасьць — на ўзроўні тых, хто нечым рэальна цікавіцца. Ды запытайся зараз у выпадковых людзей — добра, калі аднаму зь дзесятка хоць нешта скажа наша назва. Пакуль хапае сродкаў мінімум на тое, каб моцна не ўкладацца і выйсьці на самаакупнасьць. То бок, на рэпэтыцыі, на запісы, на паездкі. Каб мець грошы на нешта іншае — тыя ж банальныя бытавыя расходы, — кожнаму трэба дзесьці працаваць. Таму пакуль як хобі: нелюбімай працай зарабляеш, каб займацца любімай музыкай».

Прынамсі — працягваю тэму — такі расклад не пагражае артыкулам «аб дармаедзтве»: ня факт, што ўдалося б атрымаць статус творчага работніка і вызваленьне ад дзяржаўнага «аброку»:

«Так, у нас усе афіцыйна працуюць, таму наконт гэтага праблемы няма. Што тычыцца самой пастаноўкі пытаньня пра атрыманьне статусу творчага работніка... Зноў жа, праблемаў шмат, усе мы разумеем, якая ў нас краіна і якімі мэтадамі выцягваюцца грошы. Як на наш погляд, у гэтай сытуацыі шэраг незаслужаных людзей пад шумок якраз атрымліваюць статус. А вось тыя, хто насамрэч яго заслужыў, але іх творчасьць камісіі незнаёмая, што называецца, „у пралёце“. Сытуацыя часьцяком вельмі спрэчная».

Шмат якія калектывы і выканаўцы, адчуўшы ўласную значнасьць, намагаюцца праціснуцца праз сіта нацыянальнага адбору на конкурс «Эўрабачаньне». Дзьмітрый Халяўкін прызнаецца, што аднойчы такая спакуса зьявілася, але пасьля кантактаваньня з калегамі сама сабой зьнікла:

«Было такое жаданьне, нават песьню „Цяпер і далей“ ад пачатку думалі рыхтаваць на адбор... Насамрэч ажыятаж вакол конкурсу збольшага пануе ў Беларусі, можа яшчэ ў Расеі. У астатняй Эўропе няма такіх ілюзій, што трапіў на „Эўрабачаньне“ — і твая будучыня забясьпечаная. Мы самападманам не займаемся. Тым больш, ведаем некаторыя дэталі ад магілёўскага гурту „Беатрыс“ — Саша Ільін пісаў ім песьню. Летась дзяўчаты спрабавалі патрапіць на „Эўрабачаньне“, нават прайшлі ў фінал і занялі пятае ці шостае месца. Ад іх крыху ведаем сытуацыю знутры — ня так усё проста, прынамсі толькі добрай песьняй усё не абмяжоўваецца. Шмат падводных камянёў і, шчыра кажучы, не асабліва хочацца ў гэта ўвязвацца».

Вакаліст Nizkiz Аляскандар Ільін

Сёлета на «Эўрабачаньні» Беларусь будзе прадстаўляць «Іван у лацініцы» — (Ivan). Мала вядомы нават у вузкіх колах, галоўнае, што пратэжэ расейскага прадусара Віктара Дробыша, адзначанага за «асаблівыя заслугі» ордэнам Скарыны. Ня так даўно абвясьціў пра намер зьдзівіць публіку калі ня голасам, дык натурай — паабяцаў выйсьці на сцэну голым і з сабакамі:

«Зноў жа, не разумею, як дзеля незразумелай мэты любым чынам патрапіць на „Эўрабачаньне“ можна пайсьці на ўсё, адкінуўшы нормы элемэнтарнай прыстойнасьці, паводзінаў. На мой погляд (і хлопцы мяне падтрымліваюць), гэта, мякка кажучы, няправільна. Найперш трэба заставацца самім сабой. І калі ацэняць, прымуць такім, як ты ёсьць, — гэта здорава. А калі не — ну, значыць, не тваё».

Адсутнасьць сталічных спакусаў — наш плюс

Ці ціснуць на хлопцаў рамкі хоць і не малога, але ўсё ж абласнога цэнтру? І каб была магчымасьць працаваць у сталіцы, ці было б ад гэтага больш камфортна? Дзьмітрый Халяўкін дэманструе лякальны патрыятызм:

«Як мне падаецца, на сёньня геаграфічнае становішча ўжо ня так важнае, як калісьці. На прыкладзе нават заходніх камандаў: скажам, удзельнікі культавага гурту Muse увогуле жывуць у розных краінах, зьбіраюцца разам толькі пад нейкія праекты ці для паездкі ў тур. Зараз, у эпоху інтэрнэту, у эпоху самалётаў любыя адлегласьці робяцца ўмоўнымі. Тым больш няма ніякага рэзону пераяжджаць з Магілёву: селі ў машыну, паўтары гадзіны — мы і так у Менску. Нават пераезд глябальны, у той жа Піцер... Але такой неабходнасьці таксама ня бачым. Ёсьць магчымасьць выступіць у Расеі ці ва Ўкраіне — загрузіліся і паехалі. Ня так шмат часу сёньня гэта займае».

У чым сакрэт рэгіянальных гуртоў, якія ўсё часьцей «бʼюць» узроўнем сталічных канкурэнтаў? Ці толькі жаданьне даказаць, што не правінцыялы? Дзьмітрый прызнае: адрозна ад многіх менскіх камандаў, тутэйшыя калектывы ў меншай ступені рызыкуюць падхапіць «зорную хваробу»:

«Думаю, што ў гэтым якраз наш плюс — нерасьпешчанасьць, адсутнасьць сталічных спакусаў. Пры правільнай арганізацыі працэсу адным сваім запалам можна шмат у чым перакрыць сталічныя каманды, якія часьцяком так сябе і паводзяць: маўляў, мы зь Менску, а таму апрыёры лепшыя. Хоць на практыцы аказваецца, што госьці з правінцыі як мінімум ня горшыя».

Наўрад ці хто будзе аспрэчваць, што добрую палову папулярнасьці (калі ня большую) магілёўскай камандзе забясьпечвае незвычайны і пазнавальны вакал Аляксандра Ільіна. Тым ня меней, пытаньне музычнай адукацыі для Nizkiz гэткае ж неактуальнае, як і для многіх іншых альтэрнатыўшчыкаў:

«Музычнай адукацыі ні ў каго з нас няма — зрэшты, як і ў музыкаў зь іншых калектываў. У кагосьці дзіцячы вопыт, несумненна, ёсьць, калі бацькі заганялі ў музычныя школы — баяны, балалайкі. Але мэтанакіраваная прафэсійная падрыхтоўка ў бальшыні адсутнічае. Хоць, як мне здаецца, у чымсьці гэта нават плюс — няма загадзя запраграмаванага падыходу. Такі прыклад: падчас апошняга канцэрту ў Магілёве з намі хацела сыграць на цымбалах 10-гадовая дзяўчынка. Але адыйсьці ад шаблёну яна ўжо ня можа — і гэта за пару гадоў музычнай граматы. Не разумее, як можна паламаць „рамачныя“ рэчы, дыстанцыявацца ад завучанай праграмы. У гэтым, мабыць, мінус музычнай адукацыі».

Гурт Nizkiz утвораны ў Магілёве ў 2008 годзе. Прарывам стала перамога ў 2012 годзе ў конкурсе Rock Smena і выпуск першага поўнафарматнага альбому «Nizkiz». Пераможцы конкурсных адбораў «Соседний Мир», «Emergenza», удзельнікі фэстаў «Басовішча», «Рок-иммунитет», Х-Star, канфэрэнцыі Moscow Music Week. У Менску выступалі з галяндзкім калектывам Within Temptation. У 2013-м зьнятыя відэакліпы на песьні «Кроме» і «Это я сам», зьявілася першая беларускамоўная песьня «Гуантанама». У 2014-м уганараваныя прэміяй Euroradio.fm за «Сінгл году». У 2015-м выйшаў другі альбом «Лiрика», у падтрымку якога дадзеныя тры дзесяткі канцэртаў. Падрыхтаваны матэрыял для чарговага альбому, выхад якога чакаецца ў другой палове 2016-га.

Дыскаграфія:

• «Nizkiz» (альбом, CD, 2012)
• «Держи» (сінгл, 2013)
• «Guantanama» (сінгл, 2013)
• «Цяпер і далей» (сінгл, 2014)
• «Лiрика» (альбом, CD, 2015)
• «Цемра» (сінгл, 2015)
• Праца над альбомам і сінглам (2016)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG