Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 400-х угодкаў сьмерці Шэксьпіра. Калі нарадзіўся і ад чаго памёр? Дзе навучыўся пісаць? Каму прысьвяціў свае санэты? Ці гэта ўсё напісаў адзін чалавек?

Усё, што ў сьвеце напісалі пра Ўільяма Шэксьпіра на працягу 400 гадоў пасьля ягонай сьмерці, наўрад ці зьмясьцілася б сёньня на паліцах бібліятэкі саліднага эўрапейскага або амэрыканскага ўнівэрсытэту. Магчыма, сваё багацьце сусьветная шэксьпіралёгія заўдзячвае перш за ўсё таму, што пра жыцьцё найвыдатнейшага англамоўнага драматурга і паэта засталася зусім мізэрная колькасьць вартых даверу зьвестак. У біяграфіі Ўільяма Шэксьпіра столькі прабелаў і таямніцаў, што некаторыя дасьледнікі наўпрост лічаць, што творы Шэксьпіра напісаў ня Шэксьпір, а нейкі іншы аўтар ці аўтары, якія пажадалі застацца невядомымі. Аналіз тэксту твораў Уільяма Шэксьпіра дае моцныя аргумэнты як для абаронцаў тэзісу, што іх напісаў гістарычна пасьведчаны пэрсанаж са Стратфарду па прозьвішчы Ўільям Шэксьпір, так і для тых, хто ставіць гэты тэзіс пад сумнеў.

Адзіны верагодны партрэт Шэксьпіра, на тытульным лісьце выданьня п’есаў 1623 г.

Адзіны верагодны партрэт Шэксьпіра, на тытульным лісьце выданьня п’есаў 1623 г.



Гэтая спрэчка для нас, звычайных чытачоў і гледачоў п’есаў Уільяма Шэксьпіра, мае, хутчэй за ўсё, чыста акадэмічны характар. «Гамлет» нам сёньня цікавы не сваімі сувязямі з магчымымі жыцьцёвымі пэрыпэтыямі яго аўтара, хто б ім ні быў, а з прычыны таго, што, як выказаўся некалі ангельскі пісьменьнік і лексыкограф Сэмюэл Джонсан, творчасьць Шэксьпіра можна лічыць «мапай жыцьця». Таму і ня так істотна, хто насамрэч хаваўся за прозьвішчам Уільям Шэксьпір. Або яшчэ інакш — ці істотна, хто хаваўся за імем Гамэр, калі прыгадаць тут яшчэ аднаго тытана літаратуры, пра жыцьцё якога чалавецтва ня ведае амаль нічога? Некалі іншы ангельскі пісьменьнік, Гілбэрт Кіт Чэстэртан, жартаваў з навуковых дасягненьняў дасьледнікаў Гамэра, кажучы, што пасьля двух тысячагодзьдзяў руплівай працы яны прыйшлі да агульнай высновы, што аўтарам «Іліяды» і «Адысэі» быў не Гамэр, а іншы чалавек, які называўся так сама ;)

Ды ўсё роўна жыцьцёвая дарога вялікага мастака ці пісьменьніка выклікае цікавасьць сама па сабе, нават калі яе ня зьвязваць наўпрост зь ягонымі творчымі зьдзяйсьненьнямі. Таму мне сёньня захацелася прыгадаць чытацкай публіцы некалькі таямніцаў зь біяграфіі Уільяма Шэксьпіра, якія працягваюць хваляваць уяўленьне ўсё новых пакаленьняў дасьледнікаў і падбіваць іх на разгадку «загадкі Шэксьпіра». «Шэксьпір — гэта ўрадлівы палетак для кожнага розуму, які страціў раўнавагу» — кажа адзін з пэрсанажаў «Уліса» Джэймса Джойса. Памятаючы пра гэтую перасьцярогу, я ніякіх загадак разгадваць не зьбіраюся. Толькі пералічу некаторыя зь іх.


1. Калі нарадзіўся Шэксьпір?


Усе неаспрэчныя факты зь дзяцінства Ўільяма Шэксьпіра паходзяць з касьцельных дакумэнтаў. У запісах касьцёла Сьв. Тройцы ў Стратфардзе адзначана, што тут яго ахрысьцілі 26 красавіка 1564 году. У які дзень дакладна пісьменьнік нарадзіўся ў сям’і рукавічніка Джона Шэксьпіра і Мэры Шэксьпір з дому Ардэн — не вядома.

Дом Джона Шэксьпіра ў Стратфадзе, у якім, як мяркуецца, нарадзіўся Ўільям

Дом Джона Шэксьпіра ў Стратфадзе, у якім, як мяркуецца, нарадзіўся Ўільям

Прымаецца, што 23 красавіка, то бок у той самы дзень, калі ён памёр праз 52 гады. У касьцельных запісах таксама адзначана, што 27 лістапада 1582 году, калі Ўільяму Шэксьпіру было 18 гадоў (тады ў такім узросьце чалавек усё яшчэ быў непаўналетні), біскуп Уінчэстэру дазволіў яму павянчацца з 26-гадовай Эн Хэтаўэй. Шэсьць месяцаў пазьней у касьцёле Сьв. Тройцы яны ахрысьцілі сваё першае дзіця, дачку Сюзан. Ясна? 2 лютага 1585 году ў тым самым касьцёле яны ахрысьцілі блізьняты, дачку Джудыт і сына Гамнэта (амаль што Гамлета, праўда?).

2. Дзе Шэксьпір навучыўся пісаць?


Не захаваліся ніякія сьведчаньні са школьных гадоў Шэксьпіра. У Стратфардзе, які ў другой палове 16-га стагодзьдзя налічваў каля паўтары тысячы жыхараў, была неблагая сярэдняя школа, у якую ж, пэўна хадзіў будучы паэт і драматург і ў якой ён мусіў навучыцца лаціне. Інакш і не вытлумачыць, як чалавек бяз добрага веданьня лаціны мог пісаць тое, што пісаў Шэксьпір — то бок паэзію і п’есы, якія сьведчаць аб ягонай шырокай і глыбокай начытанасьці ды эрудыцыі. У Шэксьпіра не было ніякай унівэрсытэцкай адукацыі. Гэта, сярод іншага, выклікала зьдзеклівы камэнтар сучаснага Шэксьпіру драматурга Робэрта Грына, які ў 1592 годзе ў Лёндане асьцерагаў сваіх калегаў-драматургаў, Крыстафэра Марло, Джорджа Піла і Томаса Нэша — людзей, як і ён, з унівэрсытэцкай адукацыяй — перад недавучаным выскачкай, некім «Трасісцэнам» (Shake-scene — гэтае слова перагукаецца з прозьвішчам Shakespeare), які асьмеліўся «белым вершам» супернічаць зь імі на сцэне. То бок у 1592 годзе Шэксьпір быў ужо вядомым аўтарам п’есаў, але ніхто ня ведае, ні якіх канкрэтна, ні на якіх сцэнах іх ставілі. Наогул, пэрыяд 1585-1592 (паміж нараджэньнем дзяцей-блізьнятаў і згадкай Грына пра «Трасісцэну») — суцэльны прагал у біяграфіі Шэксьпіра. Чаму ён пакінуў Стратфард? Якім чынам стаў вядомым драматургам у Лёндане? Пытаньні без адказаў.


3. Каму Шэксьпір прысьвяціў свае санэты?


154 санэты Ўільяма Шэксьпіра, якія выйшлі друкам у 1609 годзе, належаць да перлінаў ангельскай і сусьветнай паэзіі. Санэты 1-126 скіраваныя да маладога мужчыны. Паэт заклікае гэтага маладога чалавека ажаніцца і нарадзіць дзяцей, каб ягоная краса была перададзеная наступным пакаленьням. Санэты напісаны так, што можна зрабіць выснову — паэт закаханы ў гэтым маладым чалавеку і гэтае пачуцьцё мае ня толькі плятанічны характар. Санэты 127-152 гавораць пра каханьне паэта да нейкай жанчыны. Два апошнія санэты маюць алегарычны характар, іх адрасатам можа быць бог каханьня.

Генры Рызьлі, меркаваны адрасат санэтаў Шэксьпіра

Генры Рызьлі, меркаваны адрасат санэтаў Шэксьпіра

Увесь зборнік санэтаў прысьвечаны некаму, схаванаму пад ініцыяламі H.W. Існуе тэорыя, што прысьвячэньне было зробленае графу Генры Рызьлі (Henry Wriothesley), аднаму зь меркаваных апекуноў Шэксьпіра, які адначасова быў героем санэтаў 1-126 і ў якога аўтар закахаўся. Вось так...

4. Ці гэта ўсё напісаў адзін чалавек?

Агульнапрызнаны канон творчасьці Ўільяма Шэксьпіра ўключае 39 п’есаў (камэдыі — 13; гістарычныя хронікі — 11; трагедыі — 10; рамантычныя п’есы — 5), 154 санэты, 2 даўгія паэмы і некалькі драбнейшых паэтычных рэчаў. Усе тыя, якія кажуць, быццам бы некаторыя п’есы напісаў насамрэч ня Ўільям Шэксьпір, а аўтар або аўтары, схаваныя за ягоным прозьвішчам, робяць націск якраз на гэтую неверагодную пладавітасьць — як магчыма напісаць столькі і на такім узроўні аднаму чалавеку, пісьменьніцкая кар’ера якога трывала няпоўнае чвэрць стагодзьдзя? Акрамя гэтага фундамэнтальнага пытаньня, існуюць і іншыя, на якія цяжка знайсьці адказ. Напрыклад, наколькі тэксты п’есаў адлюстроўваюць тое, што насамрэч напісаў Шэксьпір? Рэч у тым, што ніякія рукапісы Шэксьпіра не захаваліся, а першае выданьне ягоных 36 п’есаў (гэтак званае First Folio) зьявілася ў 1623 годзе, сем гадоў пасьля сьмерці драматурга.

Сцэна “Пастаноўка п’есы” з “Гамлета” (карціна Дэніэла Макліса, 1842).

Сцэна “Пастаноўка п’есы” з “Гамлета” (карціна Дэніэла Макліса, 1842).

5. Ад чаго памёр Шэксьпір?

Нават гэтага ня ведаем. Шэксьпір памёр 23 красавіка 1616 году, тры гады пасьля свайго вяртаньня зь Лёндану да жонкі ў Стратфардзе. Яшчэ адна загадка мімаходам — чаму ён пакінуў жонку ў Стратфардзе і не забраў яе з сабою ў Лёндан? Ці не таму, што насамрэч яму больш падабаліся мужчыны? Ну але ша... Пра сьмерць. Ён пражыў усяго 52 гады, што крыху замала, як для здаровага чалавека. Не захаваліся ніякія сьведчаньні пра нейкую хваробу Шэксьпіра ў апошнія гады яго жыцьця. То бок ён, хутчэй за ўсё, памёр нечакана. Існуе вэрсія, што Шэксьпір зашмат выпіў на вясельлі свае дачкі Джудыт, якое адбылося ў лютым 1616 году, выйшаў на двор зь цёплага памяшканьня, схапіў прастуду, якая потым абярнулася ў цяжкое запаленьне лёгкіх, ад якога ён ужо не ачуняў.

Завяшчаньне Шэксьпіра зь ягоным подпісам

Завяшчаньне Шэксьпіра зь ягоным подпісам



Шэксьпіра пахавалі ў касьцёле Сьв. Тройцы ў Стратфардзе, у тым самым, дзе яго ахрысьцілі.

Магіла Шэксьпіра у Стратфардзе

Магіла Шэксьпіра у Стратфардзе

Над ягонай надмагільнай плітай была высечаная наступная эпітафія, напісаная, верагодна, ім самім:

Хрыстом прашу, мой дружа мілы,
Ня руш парэшткаў з гэтай во’ магілы.
Не падымай з касьцей каменьня,
Калі жадаеш Божага збаўленьня.


Пераклад мой.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG