Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі адбудзецца экстрадыцыя Джона Сільвэра з Расеі ў Беларусь, ён станецца палітвязьнем.

І ня проста палітвязьнем, а перасьледаваным за распаўсюд вольнага слова. Бо раптам высьветліцца, што інкрымінаваны яму артыкул «за парнаграфію» – гэта за сатырычны палітычны каляж на сайце 1863x.com. А другі інкрымінаваны артыкул – «распальваньне нацыянальнай варожасьці» – за матэрыял, які выкрывае адэптаў «русского мира» ў Беларусі. А значыць перасьлед – палітычны.

Публіцыстыка Джона Сільвэра станецца аб'ектам цытаваньня ў разнастайных СМІ, увагі экспэртаў і шырокай грамадзкасьці. І раптам высьветліцца, што для публікі Джон Сільвэр мае рацыю, а не «распальвае».

Калі вернецца Джон Сільвэр, ён ужо пад уласным сапраўдным імем Эдуард Пальчыс станецца мэдыйнай пэрсонай. Пакуль у сацсетках ягоны лёс асабліва не абмяркоўваецца. Цяжка суперажываць лёсу асобы, якая яшчэ нядаўна была ананімнай. Дый многія сумняваліся, ці сапраўды той Джон Сільвэр канкрэтная асоба, а не чыйсьці «праект» зь незразумелымі стратэгічнымі мэтамі. З экстрадыцыяй у Беларусь усё зьменіцца.

Высьветліцца, што Эдуард Пальчыс – герой-адзіночка, які кінуў выклік грамадзтву, дзе нават патрыёты-нацыяналісты азіраюцца па баках, каб не сказаць чаго лішняга. Дзе старэйшыя стаміліся ад дваццацігадовага маральнага супрацьстаяньня калгаснай дыктатуры, а маладзейшыя не арыентуюцца ў тым, што адбываецца ў краіне і навокал.

Герой-адзіночка, які дае прыклад аднагодкам – рабі як як. Называй рэчы сваімі імёнамі. Напрыклад, што Масква не сябра Беларусі, а патэнцыйны агрэсар, што сучасныя ўлады РБ на моцным кручку ў Крамля, што беларусам дагэтуль дураць галаву гістарычнымі міфамі пра «брацкасьць расейскага і беларускага народаў», пра хлусьню і прапаганду, калі ў «русафобы» запісваюць патрыётаў Беларусі.

Герой-адзіночка, які выскачыў раптам зьніадкуль, пачаў зьбіраць паўмільёна праглядаў на месяц. Вабячы чытача бескампраміснасьцю падачы матэрыялаў. Тэмамі, якія і перад тым былі вядомыя шырокім колам зацікаўленых, але праз сучасны стыль падачы пачалі лёгка заходзіць у галовы аднагодкаў Эдуарда Пальчыса. Дваццаці-трыццацігадовых маладых людзей, выгадаваных у эпоху Лукашэнкі, якія не памятаюць як было «перад тым».

А сама стылістыка – трафэйная. Яна падабраная на полі бітвы інфармацыйнай вайны Расеі супраць былых калёній. Гэта стыль расейскага «Спутника и погрома». Джон Сільвэр пачаў біць патэнцыйнага агрэсара ягонай зброяй.

Пра затрыманьне Джона Сільвэра тры месяцы таму паведамілі яго сябры. І толькі праз два зь лішкам месяцы пазьней праз «Спутник и погром» мы раптам дазналіся імя блогера, убачылі ягоныя фоты і біяграфічныя зьвесткі. «Раптам» варта браць у двукосьсі, бо апэратыўныя зьвесткі паліцыя і спэцслужбы не выдаюць СМІ, а тым больш сайтам блогаў. Гэта мэтанакіраваны зьліў інфармацыі. Пакуль мы можам толькі дапускаць, зь якой мэтай. Запужаць іншых беларускіх існых і патэнцыйных мэдыя-актывістаў?

Чаму затрыманага як абвешчанага ў міжнародны вышук дагэтуль не перадалі ўладам РБ? Падаецца, міждзяржаўныя дамоўленасьці «саюзнага гасударства» значна спрашчаюць бюракратычныя працэдуры. Беларускі і расейскі бакі таргуюцца?

Калі пачынаўся перасьлед Джона Сільвэра, у беларускіх турмах было поўна палітвязьняў. У часе сьледчых дзеяньняў палітыка Лукашэнкі зьмянілася – палітвязьняў выпусьцілі. Цяпер толькі зьявіцца новы, і, лічы, пойдуць кату пад хвост усе крохкія крокі нармалізацыі адносінаў з Захадам. Можа, беларускаму боку прасьцей пакінуць Эдуарда Пальчыса ў РФ?

У выпадку, калі будзе прынятае рашэньне пакінуць Эдуарда Пальчыса ў лапах расейскіх рэпрэсіўных органаў, будзе створаны прэцэдэнт: Беларусь зьліла Расеі беларуса, які на тэрыторыі Беларусі выкрываў агрэсіўны характар палітыкі Расеі. Той самай, у якой Лукашэнка «не зьбіраецца быць хлопчыкам на пабягушках».

Джон Сільвэр/Эдуард Пальчыс – адзін у полі воін, які зламаў сцэнар. Прадэманстраваў бездапаможнасьць якіх-кольвек рэпрэсіўных захадаў у сеціве. Паказаў, як рабіць, і на ўласнай скуры дазнаўся, як не рабіць. Першапраходзец.

І самае галоўнае – прадэманстраваў, што зусім ня трэба вялікіх чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў, каб дамагчыся эфэкту ў краіне, дзе свабоднае слова дагэтуль ёсьць ня нормай, а жаданым глытком сьвежага паветра.

Эдуард Пальчыс – пытаньне з трохкроп'ем для ўсіх. Лукашэнку – забіраць-не забіраць? Калі забіраць, то выпускаць-не выпускаць? Расейцам – аддаваць-не аддаваць, караць-не караць? Праваабароцнам – прызнаваць-не прызнаваць палітвязьнем? Грамадзкім актывістам – ставаць-не ставаць на барацьбу? Шырокай публіцы – прызнаваць-не прызнаваць за свайго героя?

Казус Джона Сільвэра толькі пачынаецца. Можа, гэта той самы жалуд зь «Ледавіковага пэрыяду», празь які пачынае трэскацца сьцяна ледавіка.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG