Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сотні цыганскіх семʼяў аселі ў Давыд-Гарадку


Князь Давыд на галоўнай плошчы мястэчка

Князь Давыд на галоўнай плошчы мястэчка

Яшчэ ў 1950-я гады мінулага стагодзьдзя ў Давыд-Гарадку на Століншчыне жылі цыганы, але вобмаль. А з 1985 году ў гэтае невялікае паселішча пачалі з усяго тады яшчэ Савецкага Саюзу зьяжджацца шматлікія цыганскія семʼі. Нягледзячы на новы, аселы лад жыцьця, яны захоўваюць сваю мову, традыцыі.

Цяпер на шэсьць тысяч жыхароў тут амаль паўтысячы — цыганы.

Як жывуць яны сёньня? Што памятаюць пра тое, як у савецкі час іх змушалі кідаць качэўе і асядаць на сталае жыхарства? Гэтыя ды іншыя пытаньні карэспандэнты Свабоды абмеркавалі з цыганамі ў Давыд-Гарадку.

Як Хрушчоў загадаў цыганам асесьці

Сямʼю Вішнеўскіх у Давыд-Гарадку ведаюць ці ня ўсе цыганы. Калі журналісты пытаюцца, з кім са старэйшых цыганоў пагутарыць — накіроўваюць адразу да іх.

83-гадовая Галіна Вішнеўская памятае, як цыганоў у часы Хрушчова змушалі жыць асела

83-гадовая Галіна Вішнеўская памятае, як цыганоў у часы Хрушчова змушалі жыць асела

«Раней мы ня мелі сваіх дамоў. Езьдзілі цэлым табарам, начавалі ў шатрах. Ззаду ў нас беглі сабакі, сьвіньні. Ніхто гэтых жывёлаў не прывязваў. Так вандравалі да зімы. А калі рабілася холадна, ужо спыняліся ў вёсках, часам некалькі месяцаў наймалі дамы. А вось пасьля зімы ў лесе, як мы казалі — пад зялёным дубам, зьбіраліся адразу пятнаццаць вазоў, а то і болей. Прыходзіў барон, які кіраваў табарам, брыгадзір таксама. І вось яны разьмяркоўвалі вазы па табарах, накіроўвалі, казалі, куды каму трэба ехаць», — распавядае Галіна Вішнеўская, у дзявоцтве — Базылевіч.

Галіна Вішнеўская ў маладосьці на старым фота

Галіна Вішнеўская ў маладосьці на старым фота

«Агулам жыцьцё тады наша было і добрае, і паганае адначасова. Але ў цэлым народ быў болей здаровы, і больш людзі маглі вытрымаць. Вось толькі часы, пра якія я кажу, — яшчэ перад вайною. А калі прыйшоў да ўлады Хрушчоў, то ён першым узьняў пытаньне пра тое, колькі ж яшчэ цыганы будуць бадзяцца. Трэба, каб яны асядалі, каб мелі свае дамы, гаспадарку, сталую працу», — апавяла цыганка Галіна пра тое, як у савецкія часы іх змушалі жыць асела.

Галіна Вішнеўская з мужам большую частку жыцьця пражылі ў Давыд-Гарадку

Галіна Вішнеўская з мужам большую частку жыцьця пражылі ў Давыд-Гарадку

«Я нарадзілася ў Давыд-Гарадку. Тут цяпер уся мая сямʼя. Агулам для нас вось гэтае патрабаваньне, каб мы аселі, было добрае. Мы паважаная сямʼя, усе працуюць, маюць сваю гаспадарку. Раней мы з мужам трымалі шмат сьвіней, коней. Але цяпер у нашым сталым веку складана, таму засталіся толькі куры. Але раней мы хадзілі на працу ў калгас, тады яшчэ былі працадні. Пазьней пачалі езьдзіць у Вільню. Там можна было набыць добрыя рэчы, прадавалі іх па вёсках».

У вайну цыганоў зьнішчалі нароўні з габрэямі

На долю пакаленьня, да якога належаць Вішнеўскія, выпала ня толькі цяжкая праца, прывыканьне да аселага жыцьця, але і Другая ўсясьветная вайна, калі, паводле некаторых падлікаў, загінула каля паўмільёна цыганоў.

ыганкі з Давыд-Гарадка кажуць, што мову цыганоў зь іншых краінаў Эўропы не разумеюць: «Мы ж беларусы»

ыганкі з Давыд-Гарадка кажуць, што мову цыганоў зь іншых краінаў Эўропы не разумеюць: «Мы ж беларусы»

«Проста на маіх вачах забілі амаль усю маю сямʼю. А маю маці яшчэ раней закатавалі фашысты. Наагул, цыган зьбіралі і звозілі ў Тураў. Там вельмі-вельмі шмат людзей зьнішчылі. Каля самога гораду каты выкапалі вялізную яму, а потым туды скінулі і жывых, і забітых. Прычым ня толькі цыганоў, але і жыдоў. Скідвалі нават цяжарных жанчын, дзяцей, не зьвярталі ўвагі ні на кога. А пасьля засыпалі яму пяском. Людзі казалі, што яшчэ два-тры дні пасьля гэтага зямля рухалася над ямай і выступала кроў», — распавёў стары цыган з Давыд-Гарадка.

Менавіта таму сярод афіцыйных сьвятаў у цыганоў прынята адзначаць Дзень Перамогі. 9 траўня ў Давыд-Гарадку цыганы выходзяць на плошчу з сваімі песьнямі.

Рака Гарынь у Давыд-Гарадку

Рака Гарынь у Давыд-Гарадку

Як палешукі ўжываюцца з цыганамі

Палешукі — людзі досыць гасьцінныя. Значных канфліктаў з цыганамі на глебе ксэнафобіі ў Давыд-Гарадку практычна не было. Апошні буйны інцыдэнт паміж палешукамі і цыганамі здарыўся тры гады таму, калі жыхар Давыд-Гарадка пагражаў цыганам паляўнічай стрэльбай і нават стрэліў у іхні бок. Але потым стаў моцна шкадаваць аб гэтым і нават сам на сябе выклікаў міліцыю.

Цыганка з малымі дзецьмі на вуліцы Давыд-Гарадка

Цыганка з малымі дзецьмі на вуліцы Давыд-Гарадка

Зрэшты, часам усё ж заўважаецца пэўная перадузятасьць. Некаторыя цыганы ў паселішчы наракаюць, што мясцовыя міліцыянты могуць затрымаць проста на вуліцы, часам нават ня лічаць цыганоў за людзей. Самі цыганы лічаць, што тут спрацоўваюць стэрэатыпы — маўляў, цыганы не працуюць, а толькі крадуць.

Часам палешукі і цыганы бяруць паміж сабою шлюбы. Адзінае адрозьненьне паміж імі, можа, тое, што цыганы, нягледзячы на аселы лад жыцьця, ня ставяць і не даглядаюць парнікі, які гэта робяць шматлікія гаспадары на Палесьсі. Але пры гэтым даглядаюць гаспадарку, свае дамы, ходзяць на працу, кажа Галіна Вішнеўская.

Праблема — працаўладкаваньне

У невялікім Давыд-Гарадку досыць вострай праблемай застаецца працаўладкаваньне. Шматлікія старэйшыя цыганы з Давыд-Гарадка шкадуюць, што ў ранейшыя гады шмат працавалі, прычым ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі ды Ўкраіне, але мала хто зь іх задумваўся пра дакумэнты, якія б пацьвярджалі працоўны стаж. Таму цяпер, састарэўшыся, наракаюць, што пэнсію ад дзяржавы маюць мінімальную — каля мільёна рублёў.

Маленькія цыганы вучацца ў школе па-расейску, а між сабою часта размаўляюць на цыганскай мове

Маленькія цыганы вучацца ў школе па-расейску, а між сабою часта размаўляюць на цыганскай мове

Маладыя цыганскія семʼі, якія цяпер жывуць у Давыд-Гарадку, кажуць, што аселы лад жыцьця — гэта цалкам іх асабістая воля. Маўляў, трэба за нешта жыць, таму трэба працаваць.

Маладая цыганка кажа, што мова беларускіх цыганоў адрозьніваецца ад мовы эўрапейскіх, якія дагэтуль вандруюць:

«Што да цыганоў, якія ў Эўропе вядуць да гэтага часу качавы лад жыцьця — то гэта ўжо ня нашы людзі. Мы ж беларускія, а ў іх, напрыклад, у Румыніі, дык нават мова зусім адрозная ад нашай. Гэтак цыганоў са Слуцку ці Гомля мы цудоўна разумеем, а ў суседняй Польшчы гаворка цыганоў для нас незразумелая, трэба перакладаць», — кажа маладая цыганка.

Помнік Леніну — на ўскраіне плошчы, а князь Давыд — у цэнтры

Помнік Леніну — на ўскраіне плошчы, а князь Давыд — у цэнтры

Аселы лад жыцьця зьмяніў і герархію ў цыганскай супольнасьці. Тыя, хто асеў раней, кажуць, што ўжо няма і баронаў сярод іх. Хоць насамрэч у Беларусі аж два бароны: адзін у Віцебску, а другі ў Калодзішчах.

Большасьць цыганоў у Давыд-Гарадку — праваслаўныя, але ёсьць і каталікі

Большасьць цыганоў у Давыд-Гарадку — праваслаўныя, але ёсьць і каталікі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG