Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадстаўніцтва ЭЗ: Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі «працягвае заставацца прадметам заклапочанасьці»


Андрэа Вікторын

Андрэа Вікторын

Эўразьвяз застаецца прыхільнікам крытычнага ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю, надаючы вялікае значэньне супрацоўніцтву з краінай і яе народам.

Пра гэта заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Андрэа Віктарын на канфэрэнцыі арганізацый грамадзянскай супольнасьці ў Менску, паведамляе БелаПАН.

Паводле яе слоў, за апошнія два гады былі зроблены некалькі крокаў да паляпшэньня супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і ЭЗ. Віктарын назвала важнай «канструктыўную ролю» Беларусі ў сваім рэгіёне, яе садзейнічаньне рэалізацыі менскіх пагадненьняў. Акрамя таго, былі вызваленыя палітвязьні, а прэзыдэнцкія выбары 2015 году «прайшлі бяз гвалту».

Гэтыя крокі, адзначыла Віктарын, прывялі да таго, што Эўразьвяз ад пачатку прыпыніў, а затым і наагул адмяніў санкцыі ў дачыненьні да большасьці тых, хто быў у «чорным сьпісе» ЭЗ.

У той жа час, сказала яна, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі «працягвае заставацца прадметам заклапочанасьці». «Мы перакананыя, што адносіны ЭЗ — Беларусь павінны быць заснаваныя на агульных каштоўнасьцях, сярод якіх — захаваньне правоў чалавека», — падкрэсьліла яна.

Віктарын адзначыла, што ў Беларусі ў гэтым годзе адбудуцца парлямэнцкія выбары, зьвярнуўшы ўвагу на тое, што ЭЗ заклікае ўлічыць рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства і выбарчага працэсу, зробленыя па выніках прэзыдэнцкіх выбараў. «У гэтым кантэксьце важная рэабілітацыя былых палітвязьняў, аднаўленьне іх у палітычных і грамадзянскіх правах, а таксама рэалізацыя на практыцы свабод палітычных партый, грамадзкіх абʼяднаньняў і СМІ», — заявіла яна.

Віктарын адзначыла, што яшчэ адным пытаньнем занепакоенасьці ЭЗ зьяўляецца прымяненьне ў Беларусі сьмяротнага пакараньня.

XS
SM
MD
LG