Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 23 красавіка — юбілей Зьмітрака Бядулі, дзень памяці Сэрвантэса і Шэксьпіра


Шэксьпір у атачэньні саіх пэрсанажаў
Шэксьпір у атачэньні саіх пэрсанажаў

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша

Менск — Дзень адчыненых дзьвярэй у Школе маладога пісьменьніка. Музэй Пятруся Броўкі (вул. К. Маркса, 30). Пачатак а 15-ай.

Менск — лекцыя для бацькоў «Эстэтыка дзіцячага малюнка», Нацыянальны Цэнтр Сучасных Мастацтваў. Лекцыя адбываецца у рамках сэрыі мерапрыемстваў «Дзеці. Мастацтва. Творчасць», арганізатарам якіх выступаюць «Дзіцячыя творчыя майстэрні» Галерэі «Ў». На працягу красавіка і траўня бацькі і пэдагогі маюць магчымасьць атрымаць практычныя веды наконт дзіцячай творчасьці ад сапраўдных мастацтвазнаўцаў, пэдагогаў і мастакоў, якія актыўна працуюць з дзецьмі. Вул. Някрасава, 3, пачатак а 17-ай.

У гісторыі

1586 — Нясьвіж атрымаў магдэбурскае права і герб.

1794 — утварылася Найвышэйшая літоўская рада — рэвалюцыйны ўрад ВКЛ падчас паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі.

1917 — спэктаклямі «Паўлінка» Янкі Купалы і «У зімовы вечар» Элізы Ажэшкі ў Менску адкрылася Першае беларускае таварыства драмы і камэдыі.

1985 — Савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў упершыню абвясьціў пра пачатак перабудовы — праграму палітычных і эканамічных рэформаў у СССР.

2007 — утвораны беларускамоўны канал спадарожнікавага тэлебачаньня «Белсат».

У гэты дзень нарадзіліся:

1564 — Уільям Шэксьпір, ангельскі драматург і паэт. Памёр Шэксьпір таксама 23 красавіка ў 1616 годзе.

Зьмітрок Бядуля
Зьмітрок Бядуля

1886 — Зьмітрок Бядуля, беларускі пісьменьнік.

1891 — Сяргей Пракоф’еў, расейскі кампазытар.

1904 — Паўлюк Трус, беларускі паэт.

1934 — Уладзімер Конан, беларускі філёзаф, гісторык, літаратурны крытык.

1940 — Віктар Казько, беларускі пісьменьнік

У гэты дзень памерлі:

1616 — Мігель Сэрвантэс, гішпанскі пісьменьнік

1923 — Ігнат Канчэўскі (псэўд. Ігнат Абдзіраловіч), паэт, філёзаф, публіцыст.

1991 — Дзьмітры Касмовіч, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, выдавец.

2004 — Алесь Пісьмянкоў, беларускі паэт

2007 — Барыс Ельцын, прэзыдэнт Расеі.

ЦЫТАТА ДНЯ

Зьняможаны, малю ратунку ў сьмерці,
Бо ходзіць варты долі ў жабраках,
І ўсё як ёсьць нікчэмнасьць прагне сьцерці,
І вера ўся ў зьнявераных руках,

І ганьбу пакрывае пазалота,
І цноту грубасьць на таргі вядзе,
І слаўная зьняслаўлена істота,
І сілу немач сьсільвае ў бядзе,

І затыкае рот мастацтву ўлада,
І цёмны вучыць, як зьнябыць імглу,
І праўда быць прасьцячкай шчырай рада,
І гожнае добро слугуе злу.

Зьняможаны, зірнуў бы ў вочы сьмерці,
Ды як любоў самотна жыцьме ў сьвеце?

Шэкспір, 66 санэт у перакладзе Рыгора Барадуліна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG