Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мяняўся вобраз і ўспрыманьне Леніна на працягу нашага жыцьця, якое прыпала і на час, калі вакол яго быў створаны моцны афіцыйны культ, і на час, калі гэты культ быў разбураны.


Максімюк: Сёньня дзень нараджэньня Ўладзіміра Ульянава, вядомага таксама пад мянушкай Ленін. Некалі вучылі, пісалі і гаварылі, што гэта быў правадыр Кастрычніцкай рэвалюцыі і, па змаўчаньні, сьветач усяго прагрэсіўнага чалавецтва. Цяпер наогул пішуць, што гэта «кіраўнік Кастрычніцкага перавароту ў Расеі». Мне хацелася б пры нагодзе гэтай даты паразважаць пра тое, як мяняўся вобраз і ўспрыманьне гэтага чалавека на працягу нашага жыцьця, якое прыпала і на час, калі вакол Леніна быў створаны моцны афіцыйны культ, і на час, калі гэты культ быў бязьлітасна разбураны.

Культ постаці Леніна я сузіраў вачыма грамадзяніна Польшчы, то бок у значна больш «разрэджанай форме», калі можна так сказаць, чымсьці гэта, як мяркую, выпала вам.

Мае школьныя гады прыпалі якраз на час, калі ўсё прагрэсіўнае чалавецтва адзначала 100-я ўгодкі з дня нараджэньня Леніна. Тады я быў у пятай клясе і, відаць, тады ўпершыню да дзіцячай сьвядомасьці больш-менш дайшло, што гэта за асоба такая. Ну, дайшло ў такім выглядзе, які падавалі нам ідэолягі польскай камуністычнай партыі. Раней, у малодшых клясах, мы завучвалі на памяць нейкія вершыкі, на ўроках польскай і беларускай мовы, пра нейкага Леніна, але хто гэта быў — ніхто з нас насамрэч ня цяміў. А вось пры нагодзе 100-га дня нараджэньня Леніна газэта «Сьвет маладых» — якую шмат хто з нас выпісваў — зрабіла агульнапольскую віктарыну пра жыцьцё і дзейнасьць правадыра Кастрычніцкай рэвалюцыі. І пад вокам настаўнікаў мы чыталі розныя зьвесткі пра Леніна і рэвалюцыю, потым пісалі адказы на пытаньні той віктарыны і пасылалі іх у рэдакцыю газэты, спадзеючыся атрымаць нейкую ўзнагароду, якую абяцалі пераможцам. Гэта была такая агульнапольская ідэалягічная акцыя. Забаўна, што з той віктарыны да сёньняшняга дня мне запомнілася толькі пытаньне пра Ленінскую прэмію, і тое толькі таму, што гэтую прэмію атрымала нейкая чарнаскурая амэрыканка па прозьвішчы Анджэла Дэйвіс — хто яна такая? — і ейная вельмі харошая фатаграфія была зьмешчаная ў газэце «Сьвет маладых»...

Пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча ў Польшчы пад канец 1981 году, камуністычныя ідэолягі пачалі нейкі такі афіцыйны трэнд «вяртаньня да сапраўднага марксізму-ленінізму».


Потым у ліцэі — ад дзявятай да дванаццатай клясы — Леніным нам не дурылі галавы; у кожным разе я не прыгадваю нічога, што мела нейкае дачыненьне наўпрост да Леніна, калі ня браць пад увагу агульнага становішча, што ўсе мы жылі ў сьвеце ў той ці іншай ступені створаным ці запачаткаваным гэтым чалавека.

Ленін замаячыў на маіх адукацыйных даляглядах ва ўнівэрсытэцкія гады, на лекцыях філязофіі, эканоміі і паліталёгіі, якія былі ў праграме для студэнтаў фізыкі. Але паколькі большасьць з гэтых лекцыяў я прапускаў, дык нейкіх траўматычных фактаў з маёй «ленініяны» таго пэрыяду я таксама не прыгадваю. Калі ў пачатку 1980-х у Польшчы ўзьнік незалежны прафсаюз «Салідарнасьць», і ў акадэмічным асяродзьдзі пачалося антыкамуністычнае браджэньне, тады ўжо ніхто не зьвяртаў увагі на Леніна. Помню, што пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча ў Польшчы пад канец 1981 году, камуністычныя ідэолягі пачалі нейкі такі афіцыйны трэнд «вяртаньня да сапраўднага марксізму-ленінізму», маўляў, незадаволенасьць работнікаў у Польшчы была выкліканая адыходам папярэдняй улады ад прынцыпаў сапраўднага ленінізму, а ня тым, што ўсім увесь гэты марксізм, ленінізм і наогул сацыялізм абрыд і прыеўся.

Адчувалася, што гэты афіцыйны трэнд «пошукаў сапраўднага Леніна» быў інсьпіраваны з Масквы. Крамлёўскія ідэолягі далі такую устаноўку — Ленін насамрэч добры, а праблемы бяруцца з таго, што парушаюцца ленінскія прынцыпы. Якраз у той час у Маскве і пачалі выдаваць збор твораў Леніна ў перакладзе на польскую мову ў новай рэдакцыі, і я ведаю нават чалавека, які паехаў працаваць у Маскву на гады два якраз пры рэдагаваньні таго выданьня твораў Леніна. Гэта быў беларускі паэт зь Беласточчыны Віктар Швед. Да свайго сораму ці, можа, гонару, я не прачытаў ніводнай кніжкі ні з поўнага збору твораў Леніна, ні з выбраных выданьняў. Спрабаваў чытаць «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм», але не захапіўся, так бы мовіць, і скончыў на пятай або дзясятай старонцы...

Пастаяўшы ў той гіганцкай чарзе да Леніна на Краснай плошчы, я сапраўды адчуў, што Польшча і СССР, хоць у былі ў адным палітычным лягеры, уяўлялі сабой два розныя сьветы.


Але вось мне ўдалося пабачыць Леніна як жывога, то бок тую мумію, якую тады паказвалі ў крамлёўскім маўзалеі. Было гэта ў 1984 годзе, калі летам я працаваў у гэтак званым міжнародным студэнцкім працоўным лягеры ў Маскве. Пастаяўшы ў той гіганцкай чарзе да Леніна на Краснай плошчы, я сапраўды адчуў, што Польшча і СССР, хоць у былі ў адным палітычным лягеры, уяўлялі сабой два розныя сьветы.

І помніцца яшчэ, калі я першы раз прыехаў у Менск, у 1989 годзе, дык калега падараваў мне кніжачку на беларускай мове, «Апавяданьні пра Леніна», якая толькі што выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Ну, можа вы чыталі — там Ленін быў прадстаўлены як такі Дзед Мароз, які паслухмяным піянэрам раздае цукеркі. Я толькі ахнуў...

А да вас калегі цяпер ня столькі пытаньне, колькі просьба — падзяліцеся і вы сваімі ўражаньнямі ад таго, які ўплыў меў Уладзімір Ільіч Ленін і ягоны ідэалягічны вобраз на ваша жыцьцё...

Знаткевіч: Я вось ня бачыў муміі Леніна, але нешта падобнае адбывалася і ў маім дзяцінстве. Працэс разьвянчаньня ленінскага культу прыпаў на 80-я гады, на час, калі я хадзіў у школу. І было тры этапы. Першы — калі я быў у дзіцячым садку і пачатковых клясах. Адчуваўся моцны культ — я ня памятаю, каб ён надта муляў, але запомнілася з гэтага ўсяго паэма «Ленін і пячнік», якую мы вывучалі па расейскай літаратуры. Там пячнік пабачыў, што празь ягоны луг ідзе нехта і топча ягоную траву. Пачынае лаяцца і пытае, хто ты такі ўвогуле. Той адказвае — Ленін. «Тут і сеў старык». Потым у анэкдотах абыгрывалася, што старык сеў па-сапраўднаму. У сюжэце паэмы расказваецца, што прыяжджаюць па гэтага пячніка два ўзброеныя чалавекі, і жонка яму кажа, ну ўсё, за дурасьць сваю, за словы ідзеш.

Калі мне было гадоў 13-14, я хадзіў у школу з самаробным значкам, які выразаў з нейкага часопісу. Сталін быў кепскім, а трэба вяртацца да Леніна.


Аказваецца, што ў Леніна нешта зь печкай ня тое. І вось ён зь вялікай радасьцю рамантуе гэтую печку, вельмі ўдзячны. Я памятаю, што ў мяне, у дзіцяці, былі пытаньні: па-першае, чаму Ленін увогуле таптаў чужую траву? Чаму яму трэба было ісьці праз чужы нейкі луг? Чаму пячнік так спалохаўся — у Савецкім Саюзе ўсё ж нармальна, чаго ён вырашыў, што яго пасадзяць? Чаму гэтыя ўзброеныя людзі яму нармальна не патлумачылі і забралі яго? Пытаньне, чаму не заплацілі — прыйшло ўжо пазьней.

Потым быў пэрыяд, калі разьвенчвалі сталінізм, але пры гэтым казалі, што трэба вяртацца да сапраўднага марксізму-ленінізму. Я нават памятаю, калі мне было гадоў 13-14, я хадзіў у школу з самаробным значкам, які выразаў з нейкага часопісу. Сталін быў кепскім, а трэба вяртацца да Леніна. Тым, што потым мяне ад Леніна крыху адштурхнула, была велічэзная двухтомная кніжка гісторыка марксіста Роя Мядзьведзева «На суд гісторыі: генэзіс і наступствы сталінізму», выдадзеная за мяжой, а потым самвыдатам у СССР.

Рой Мядзьведзеў быў якраз ленініст — але ўзьнікала думка: чаму нават такі сымпатызант Леніна паказвае, што вакол яго былі фактычна адны заганныя асобы. Большасьць зь іх, паводле апісаньняў Мядзьведзева, можна назваць злачынцамі. То бок сталінізм — лягічны працяг ленінізму.

Ну, і потым у юнацтве я сапраўды пачытаў Леніна. Ня так шмат, але, напрыклад, артыкул «Аб праве нацыяў на самавызначэньне». І тут, на маю думку, ёсьць ключавое адрозьненьне паміж самім Леніным і ўсім тым, што адбывалася з 30-х гадоў да 90-х, сканчаючы развалам Саюзу, і нават цяперашняй Расеяй. У цяперашняй Расеі Ленін вельмі нязручны для ідэалёгіі так званага «русского мира», бо Ленін, у адрозьненьне ад мінулага і цяперашняга кіраўніцтва Расеі, быў сапраўдным інтэрнацыяналістам, не вылучаў галоўную ролю расейцаў. Таму не было нечаканасьцю, калі нядаўна Пуцін скрытыкаваў Леніна, ягоную пазыцыю па нацыянальным пытаньні, і падтрымаў Сталіна.

Для Пуціна і кіраўніцтва ідэал — гэта спалучэньне царскай Расеі і брэжневізму-сталінізму: яны ўпісваюцца ў гэтую схему, а Ленін не.


Калі казаць пра цяперашнюю расейскую ідэалягічную пазыцыю, яе некалькі год таму выдатна сфармуляваў рок-музыка Міхаіл Барзыкін, «Священным союзом царя и совка бредит Кремлядь». Для Пуціна і расейскага кіраўніцтва ідэал — гэта спалучэньне царскай Расеі і брэжневізму-сталінізму: яны ўпісваюцца ў гэтую схему, а Ленін не.

Але тут яшчэ ёсьць парадокс, што бальшавікі фактычна адрадзілі расейскую імпэрыю, карыстаючыся інтэрнацыяналісцкімі лёзунгамі. Як за часовым НЭПам прыйшло раскулачваньне, антыпрыватніцкі тэрор, так за беларусізацыямі, украінізацыямі ды іншымі прынадамі для нацыяў прыйшла новая імпэрскасьць.

Грузьдзіловіч: Маё першае знаёмства з гэтым чалавекам, з гэтым словам, было такое. Я памятаю сябе сямігадовым хлопчыкам-перашклясьнікам, і ў нейкім хатнім заданьні я напісаў слова «мама» зь вялікай літары, а слова «Ленін» з малой. І мая мама сказала: ты што, Ленін такая асоба, яго трэба пісаць з вялікай літары. А я тады зьдзівіўся — а чаму тады «мама» трэба пісаць з малой? Ва ўсіх жа ёсьць мама, а Ленін — ён адзін. Тады я пачаў фіксаваць у памяці, хто такі Ленін і што з ім адбывалася.

Дзеці думалі, што ёсьць розны Ленін — адзін плястмасавы, а другі алюмініевы.


Потым былі акцябрацкія значкі, два варыянты, адзін — плястмасавы з вельмі прыгожым, пад маленькім шклом партрэцікам Леніна, а другі — вялікая зорка алюмініевая, расфарбаваная дрэнна, і ўсе ганяліся менавіта за гэтым шкляным. Усе сталі думаць, дзеці, што ёсьць розны Ленін — адзін плястмасавы, а другі алюмініевы — той лепшы. Падчас сталеньня розныя Леніны сталі ўсё больш аддаляцца. Быў адзін на партрэце, а рэчаіснасьць падказвала, што ён зусім іншы. І канешне, вялікім ударам была перабудова, перабудовачныя матэрыялы, якія друкаваліся ў часопісах «Аганёк», «Нацыянальная літаратура». Шмат там было літаратуры, якая проста нас, мяне асабіста, пераварочвала, і пасьля публікацый стала відавочна, што Ленін сам быў крыніцай гэтых злачынстваў бальшавікоў, калі былі надрукаваныя яго тэлеграмы, як там зьнішчалі сьвятароў, кулакоў і гэтак далей. Пасьля гэтага ў маім уяўленьні ягоная постаць стала зусім маленькай, я быў за тое, каб хутчэй пазбавіцца гэтай спадчыны ленінскай.

Тое, што ў Беларусі Ленін застаўся на помніках, у гісторыяграфіі, і крыху ў ідэалёгіі, хоць фактычна зьнік, гэта і добра і дрэнна ў тым сэнсе, што мы недарабілі гэтую дэленініяну, не зьнялі з плошчаў гэтыя помнікі, яны працягваюць нас перасьледаваць.

Дзесьці гадоў 10 таму мяне проста дабіў факт, як у адным райцэнтры, у Шаркаўшчыне, чалавек павесіўся на руцэ помніка Леніну. Аказваецца, там якраз быў пячнік, усе яго ведалі, палову печак там склаў, але любіў выпіць. Пасьля чарговага заказу ён ішоў, яго затрымалі міліцыянты, адвезьлі ў кутузку, вельмі моцна яго пакрыўдзілі — чалавек жа лічыў, што ўвесь раён яго ведае, а нейкія маладыя супрацоўнікі міліцыі яго прыхапілі як алкаша, пратрымалі яго два дні ў кутузцы. Ён быў настолькі расхваляваны, настолькі пакрыўджаны, што калі выйшаў, пабег адразу да дому, узяў вяроўку, той якісь мэтар, якім ён мерыў гэтыя печкі, і пайшоў на руцэ Леніна павесіўся.

Гэта такі сымбаль для мяне, што працяг стаяньня гэтых помнікаў проста небясьпечны для Беларусі, для краіны. У прынцыпе стан Беларусі, росквіт патэрналізму ў людзей, адмова ад дэмакратычных каштоўнасьцяў — спараджаецца верай у Леніна, ягоную постаць, спадчыну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG