Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці сапраўды Лукашэнка хоча прадаць расейцам Менскі завод колавых цягачоў? Чаму раптоўна ўзьнялася гэтая тэма?

Абмяркоўваюць: Алег Грузьдзіловіч, Аляксей Знаткевіч, Ян Максімюк.


Грузьдзіловіч: Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўніцтву Расеі прадаць Беларусі нафтавае радовішча ў абмен на згоду ў продажы Менскага заводу колавых цягачоў. Пра што вам кажа гэтая прапанова? Сапраўды Лукашэнку гэтак «прыпякло», што ён гатовы распрадаваць «фамільнае срэбра» — буйнейшыя беларускія заводы?

Калі ўважлівей паглядзець на той кавалак з учорашняга пасланьня парлямэнту, дык там Лукашэнка нават даў лічбавы расклад сваёй прапановы. Што Беларусь купляе ў Расеі 22 мільёнаў тон нафты і 25 мільярдаў кубоў газу, але «перадайце, прадайце» нам радовішча, каб мы маглі самі здабываць яшчэ 10 мільёнаў тон нафты, а ўзамен, маўляў, мы вам пойдзем насустрач. Верагодна, у продажы МЗКЦ, пра які раней ішла гаворка, што Беларусі выставілі прэтэнзіі за адмову прадаць гэты завод. Наколькі гэта сур’ёзная заява? Бо некаторыя камэнтатары мяркуюць, што гэта проста такі шантаж з разьлікам на тое, што Расея сама адмовіцца, і тады Лукашэнка скажа, што самі вінаватыя, мы прапаноўвалі.

МЗКЦ хутка можа абясцэніцца, бо Расея падключае да вытворчасьці шасі для ракетных установак свой завод ў Ліпецку і КамАЗ.


Але мне падаецца, што ў такім выглядзе сапраўды гучыць пэўная канкрэтная прапанова. Чаму я гэтак мяркую? Па-першае, Лукашэнка даўно захоплены ідэяй атрымаць у Расеі нафтавае радовішча, каб была трывалая крыніца папаўненьня бюджэту, што ўвесь час трышчыць па швах, а ня толькі цяпер. Падобныя прапановы ён закідваў яшчэ Барысу Ельцыну, але атрымаў адмову. Пуцін у сваё першае прэзыдэнцтва таксама Лукашэнку ў гэтым адмовіў, і тады ўзьніклі гэтыя праекты наконт вэнэсуэльскай нафты ці афёра з разбаўляльнікамі-распушчальнікамі. Адразу было бачна, што гэта авантуры, скіраваныя на тое, каб зарабіць нейкія хуткія ці нават «левыя» грошы, а там хоць трава не расьці.

Чаму Лукашэнка цяпер вярнуўся да гэтай прапановы? Па-першае, ён скарыстаўся пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі ў Расеі з-за міжнародных санкцый, уведзеных Захадам з-за захопу Расеяй Крыму і Данбасу. Таксама скарыстаная сытуацыя з разгортваньнем новай гонкі ўзбраеньняў у Расеі, дзе пачалася хваля найвялікшага з часоў заканчэньня халоднай вайны пераўзбраеньня. Другое: відавочна, што той жа МЗКЦ хутка можа абясцэніцца, бо Расея падключае да праграмы вытворчасьці шасі для ракетных установак свой завод ў Ліпецку і КамАЗ, і патрэба ў беларускіх шасі сапраўды скарачаецца. А ці купіць іх Кітай альбо яшчэ якая краіна — пад вялікім пытаньнем.

Лукашэнка па-ранейшаму ня бачыць і не прапаноўвае ніякіх рэфарматарскіх шляхоў для выпраўленьня становішча, у ягоным арсэнале зноў толькі адміністрацыйныя захады і спадзяваньне на «халяву».


Але самае асноўнае ў гэтай прапанове, на маю думку, гэта тое, што яна паказвае наколькі катастрафічная сытуацыя склалася ў самой беларускай эканоміцы. Дакладна заўважыў камэнтатар Аляксандр Класкоўскі, што Лукашэнка і ягоныя прапагандысты выкарыстоўваюць эўфэмізмы, каб вызначыць стан беларускай эканомікі. Замест крызысу яны кажуць пра запавольваньне разьвіцьця, але факты кажуць менавіта пра глыбокі крызыс, калі не набліжэньне катастрофы. Бо калі Лукашэнку патрэбныя дадатковыя 10 мільёнаў тон нафты — гэта палова з таго, што мы здабываем — то гаворка пра дэфіцыт ужо не ў 2-3 мільярды даляраў, а ў 10-20 штогод. На маю думку, гэта сьведчаньне панікі, якая ахоплівае вышэйшае кіраўніцтва краіны на тле наступаючых праблем.

І яшчэ адзін паказчык — гэта тое, што Лукашэнка па-ранейшаму ня бачыць і не прапаноўвае ніякіх рэфарматарскіх шляхоў для выпраўленьня становішча, у ягоным арсэнале зноў толькі адміністрацыйныя захады і спадзяваньне на «халяву» . Каб Расея зноў дапамагла, каб Захад не «размаўляў», а даў грошы ў крэдыт. На жаль, сыстэмных рэформаў Лукашэнка ня толькі не прапануе, ён іх баіцца і ўсяляк адцягвае той момант, калі давядзецца на нешта наважыцца. І будзе зноў адцягваць. Пасьля МЗКЦ ён будзе выстаўляць у абмен на радовішча МАЗ ці МТЗ, ці яшчэ які «флягман эканомікі», спадзеючыся на тое, што Расея ў выніку саступіць і павялічыць крэдытную лінію. Але час будзе праходзіць, кошт гэтых прапаноў будзе падаць, Расея таксама будзе цягнуць з крэдытамі. Лукашэнка будзе працягваць гандлявацца, а беларуская эканоміка — развальвацца.

Летась завод колавых цягачоў быў даволі пасьпяховы. У мінулым годзе яны прынялі на працу 500 работнікаў.


Максімюк: Гэты сыгнал Лукашэнкі якраз і сьведчыць пра тое, што беларуская эканоміка апынулася ў цяжкай сытуацыі, але я крыху скептычна стаўлюся да гэтай прапановы. З таго, што прасачылася ў прэсу, летась завод колавых цягачоў быў даволі пасьпяховы. У мінулым годзе яны прынялі на працу 500 работнікаў. Для заводу, дзе працуе недзе 5 тысяч чалавек, гэта вялікая колькасьць. Гэта сьведчыць пра тое, што гэты завод, нягледзячы на ўсё, дае сабе рады ў эканоміцы беларускай і сусьветнай, мае заказчыкаў. І прадаваць такі завод, які працуе і дае прыбытак у дзяржаўны бюджэт, ня вельмі разумна, і таму цень сумневу застаецца, што Лукашэнка з гэтай прапановай выступае ўсё ж з прапагандысцкіх мэтаў, чым сапраўды хоча яго прадаць.

Але з другога боку Лукашэнка ня хоча праводзіць ніякіх сыстэмных рэформаў, а проста разьлічвае, што ўдасца яму нешта прадаць, заткнуць адну бюджэтную дзірку, другую, трэцюю, і фактычна людзі, якія працуюць на беларускіх заводах, сталіся закладнікамі эканамічнай і палітычнай сытуацыі ў краіне. Няма рэформаў, іхнія заводы ня ставяць на міжнародныя аўкцыёны, а стараюцца аформіць продаж за нейкія дывідэнды для ўлады.

Гэтыя заявы больш сьведчаць пра заданьне пацягнуць час.


Знаткевіч: Я пагаджуся з агульнымі разважаньнямі пра эканоміку, але не пагаджуся, што Лукашэнка такімі заявамі дае сыгнал пра гатоўнасьць прадаць. Лукашэнка ў 2004-м годзе казаў, што гатовы аддаць Белтрансгаз за газавае радовішча на Ямале. Пазьней Белтрансгаз прадалі за вялікія грошы — цана за яго была бліжэйшай да той, якую першапачаткова прапаноўвала Беларусь, а не Расея. Але газавага радовішча Беларусь так і не атрымала. Таму мне здаецца, што гэтыя заявы больш сьведчаць пра заданьне пацягнуць час. Калі Лукашэнка кажа: ну, вы ж ня хочаце прадаваць газавае ці нафтавае радовішча, гэта спроба расейцам сказаць, чаму мы не даем вам прыватызаваць нашыя пасьпяховыя прадпрыемствы. Ясна, што агульная эканамічная сытуацыя прымушае Лукашэнку да саступак, магчыма, рана ці позна завод давядзецца прадаць. Гэта знак не намеру прадаць, а гандлю.

XS
SM
MD
LG