Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі зьнішчылі брушкі ласося зь Беларусі і затрымалі яблыкі і капусту


Рассельгаснагляд паведамляе пра новыя факты затрыманьня і зьнішчэньня санкцыйных харчоў, якія трапляюць на тэрыторыю Расеі зь Беларусі.

Паводле Рассельгаснагляду, у Пскоўскай вобласьці зьнішчана амаль 20 тон санкцыйных «Брушак ласося салёных», вырабленых фірмай «Вытворчы альянс». Тавар вёз на тэрыторыю Расеі зь Беларусі беларускі грамадзянін. Расейскія кантралёры цьвердзяць, што брушкі вырабленыя ў Вялікай Брытаніі.

У гэты ж дзень, 22 красавіка, прадстаўнікі Рассельгаснагляду затрымалі 55 тон польскіх яблыкаў і пэкінскай капусты, якую перавозілі зь Беларусі ў Расею пад выглядам піва. З-за адсутнасьці дакумэнтаў не ўдалося выявіць, каму гэты тавар везьлі. Лёс затрыманых яблыкаў і капусты будзе вырашацца пасьля кантрольных мерапрыемстваў.

Таксама ў Арэнбургу расейцы знайшлі і зьнішчылі 350 кіляграмаў таматаў, якія, паводле этыкетак, імпартавала ў Беларусь «ТДК Імпэрыя». Рассельгаснагляд знайшоў на ўпакоўцы пазнакі, што таматы паходзяць з Турэччыны.

На пачатку году Расейская фэдэральная мытная служба паведаміла, што Беларусь выйшла ў лідэры па аб’ёме рээкспарту санкцыйных тавараў у Расею.

У жніўні 2014 году Расея ўвяла харчовае эмбарга супраць ЗША, ЭЗ, Канады, Аўстраліі і Нарвэгіі. Потым гэтае эмбарга Расея падоўжыла яшчэ на год — да 6 жніўня 2016 году. Акрамя таго, сьпіс краін, у дачыненьні да якіх уведзеныя расейскія санкцыі, быў пашыраны — да яго далучылі Альбанію, Чарнагорыю, Ісьляндыю і Ліхтэнштэйн.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG