Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, калі Надзею Саўчанку абмяняюць на «байцоў» ГРУ


Масква і Кіеў дамовіліся пра мэханізм вызваленьня лётчыцы Надзеі Саўчанкі і двух расейцаў, якія лічацца ва Ўкраіне «байцамі ГРУ». Іх перададуць адбываць пакараньне на радзіму сынхронна да канца траўня.

Пра гэта са спасылкай на неназванага расейскага чыноўніка паведамляюць украінскія і расейскія мэдыі, у прыватнасьці агенцтва УНІАН і канал РБК.

Як паведаміў РБК фэдэральны чыноўнік і пацьвердзіў суразмоўца, блізкі да кіраўніцтва Рады Фэдэрацыі, Масква перадасьць Надзею Саўчанку ва Ўкраіну для адбыцьця пакараньня, а Кіеў верне ў Расеюі двух асуджаных вайскоўцаў, Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева, якія лічацца ва Ўкраіне «байцамі ГРУ». Гэтыя працэсы будуць сынхранізаваныя, але адбудуцца толькі пасьля таго, як прысуд Аляксандраву і Ерафееву уступіць у сілу — гэта значыць не раней за сярэдзіну траўня.

Паводле расейскага закону вырак суду ўступае ў сілу празь дзесяць дзён пасьля яго абвяшчэньня, калі не былі пададзеныя апэляцыйныя скаргі, па ўкраінскім законе — праз 30 дзён.

Судовае рашэньне адносна Саўчанкі ўжо ўступіла ў сілу 5 красавіка, а прысуд Аляксандраву і Ерафееву ўступіць у дзеяньне толькі ў сярэдзіне траўня, калі ня будзе да гэтага абскарджаны.

«Павінны прайсьці тэрміны працэдуры абскарджаньня. Таму да траўня ўсё павісьне», — сказаў суразмоўца ў Радзе Фэдэрацыі Расеі. Паводле той жа крыніцы РБК, у далейшым акрамя Саўчанкі будзе абмяркоўвацца абмен яшчэ некалькіх расейцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG