Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама заклікае брытанцаў сказаць «так» Эўразьвязу


Барак Абама

Барак Абама

Рэфэрэндум аб сяброўстве Брытаніі ў ЭЗ заплянаваны на 23 чэрвеня 2016 году.

У пятніцу, 22 красавіка, Барак Абама сустрэнецца ў Лёндане з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмэранам. Мэта візыту Барака Абамы ў краіну — пераканаць брытанцаў галасаваць за тое, каб Вялікабрытанія працягнула заставацца сябрам Эўразьвязу. Пра гэта паведамляе РБК.

«Ці павінна Вялікабрытанія заставацца сябрам Эўрапейскага зьвязу — пытаньне, якое павінны вырашыць для сябе брытанскія выбарцы, аднак сяброўства Вялікабрытаніі ў ЭЗ забясьпечвае ёй важкую пазыцыю на сусьветнай арэне», — заявіў прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў артыкуле, апублікаваным у Daily Telegraph.

Артыкул выйшаў напярэдадні візыту Абамы ў Вялікабрытанію.

«Моцная Эўропа не зьяўляецца пагрозай для глябальнага лідэрства Вялікабрытаніі — яна яго ўзмацняе. ЗША бачаць, як ваш магутны голас у Эўропе забясьпечвае ёй моцную пазыцыю ў сьвеце і захоўвае ЭЗ адкрытым і цесна зьвязаным са сваімі хаўрусьнікамі па іншы бок Атлянтыкі», — напісаў Абама.

Ён падкрэсьліў, што выклікі, зь якімі цяпер сутыкаецца Эўразьвяз, — праблемы міграцыі, эканамічная няроўнасьць, пагроза тэрарызму і зьмяненьне клімату — гэта выклікі і для ЗША, і для іншых нацый. І супрацоўніцтва краін для вырашэньня гэтых праблем будзе значна больш эфэктыўным, калі яно распаўсюдзіцца па ўсёй Эўропе.

«Цяпер настаў час сябрам і хаўрусьнікам трымацца разам», — заклікаў Абама.

Таксама прэзыдэнт падкрэсьліў, што, працуючы разам, ЗША, Вялікабрытанія і Эўразьвяз дамагліся таго, што «стагодзьдзі вайны ў Эўропе завяршыліся дзесяцігодзьдзямі міру».

XS
SM
MD
LG