Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню партрэт жанчыны зьявіцца на амэрыканскай банкноце


Гарыет Табман.
Гарыет Табман.

Абаліцыяністка Гарыет Табман заменіць ў 2020 годзе прэзыдэнта ЗША Эндру Джэксана на адным баку 20-даляравай купюры. Пра гэта абвясьціў міністар фінансаў ЗША Джэк Лью:

«Я вельмі рады таму, што ўпершыню за больш чым стагодзьдзе, выява жанчыны зьявіцца на амэрыканскім грашовым знаку, — сказаў Лью. — У мужнасьці Табман, яе прыхільнасьці расаваму раўнапраўю ўвасобіліся нашы ідэалы дэмакратыі, і нашу павагу да спадчыны Табман замацуе яе партрэт на 20-даляравай банкноце».

Дата выпуску банкноты прымеркавана да 100-й гадавіны прыняцьця 19-й папраўкі да канстытуцыі, якая надала жанчынам права голасу.

Дональд Трамп, вядучы прэтэндэнт на намінацыю ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, падверг гэтае рашэньне крытыцы, кваліфікаваўшы яго як прыклад «чыстай палітычнай карэктнасьці».

Хілары Клінтан і Бэрні Сандэрс, якія аспрэчваюць намінацыю на пасаду прэзыдэнта ад Дэмакратычнай партыі, горача падтрымалі рашэньне Лью.

Міністар фінансаў абвясьціў і пра іншыя даўно чаканыя зьмены ў афармленьні грашовых знакаў. Выявы выбітных суфражыстак будуць зьмешчаны на адваротным баку 10-даляравай купюры, партрэты лідэраў руху за грамадзянскія правы — на купюры наміналам 5 даляраў. Джэксан ня зьнікне цалкам з 20-даляравай купюры, а толькі перамесьціцца з авэрса на адваротны бок.

Першапачаткова Джэк Лью прапаноўваў прыбраць малюнак першага міністра фінансаў ЗША Аляксандра Гамільтана з 10-даляравай купюры, але адступіў перад напорам лютай крытыкі з боку прыхільнікаў першага кіраўніка казначэйства ЗША і заснавальніка фінансавай сыстэмы краіны. Прыхільнікі Гамільтана прапаноўвалі міністру аддаць забыцьцю прэзыдэнта Джэксана за яго, па іх словах, дыскрымінацыйную палітыку ў дачыненьні да індзейцаў.

Новыя купюры будуць забясьпечаныя дадатковымі ахоўнымі знакамі, а таксама элемэнтамі, якія дапамагаюць у вызначэньні іх годнасьці сьляпымі і людзьмі са слабым зрокам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG