Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 22 красавіка: ноч бібліятэк, Мядзьведзеў у Магілёве, чарнобыльскія выставы


Уршуля Радзівіл. Выстава "Славутыя асобы Беларусі". Аўтары Ляілея і Валянцін Варэца.

Уршуля Радзівіл. Выстава "Славутыя асобы Беларусі". Аўтары Ляілея і Валянцін Варэца.

Да 30-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы адкрыецца выстава «Чарнобыль: выпрабаваньне на трываласьць». Дзяніс Раманюк будзе прэзэнтаваць свой фотаальбом «Чарнобыль». (Галерэя «Лябірынт» Нацыянальнай бібліятэка, пр. Незалежнасьці 116, пачатак а 14-й).

Партыя «Зялёныя» запрашае на абмеркаваньне канчатковага варыянту правядзеньня сёлетняга «Чарнобыльскага шляху». Месца правядзеньня — вул. Мельнікайце, 2-1803. Пачатак сустрэчы а 12:00, прэс-канфэрэнцыі а 14:00.

У Магілёве з удзелам Дзьмітрыя Мядзьведзева пройдзе пасяджэньне рады міністраў Саюзнай дзяржавы.

Пяць бібліятэк Менску далучаюцца да міжнароднай акцыі «Бібліяноч», сярод іх бібліятэкі БДУ ці БНТУ або навуковая бібліятэка АН Беларусі. Пачатак а 19-й.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1725 — адбыўся шлюб вельмі калярытных постацяў беларускай гісторыі — Урсулы Францішкі Вішнявецкай і нясьвіскага ардыната, вялікага гетмана Міхала Казімера Радзівіла, празванага Рыбанькам. Хранікёры пішуць, што гэта быў шчасьлівы зьвяз. Урсула так кахала мужа, што падаравала яму мноства паэтычных твораў і ажно трыццаць шэсьць дзяцей.

1794 — пачалося паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі на беларускіх землях. У гэты дзень кіраўніцтва паўстаньнем у Вялікім Княстве ачоліў палкоўнік Якуб Ясінскі.

1915 — падчас Першай сусьветнай вайны Нямеччына ўжыла хлёр як хімічную зброю супраць англа-французскіх войскаў паблізу горада Іпр (Бэльгія).

1937 — у абставінах сталінскага тэрору скончыў жыцьцё самагубствам Язэп Адамовіч, адзін зь першых кіраўнікоў беларускага савецкага ўраду.

У гэты дзень нарадзіліся

1724 — Імануіл Кант, нямецкі філёзаф.

1870 — Уладзімір Ульянаў ( Ленін), расейскі камуністычны тэарэтык, арганізатар і кіраўнік Кастрычніцкага перавароту ў Расеі, першы кіраўнік Савецкай дзяржавы.

1899 — Уладзімір Набокаў, расейскі і амэрыканскі пісьменьнік.

У гэты дзень памерлі

1945 — Аляксандар Вашкевіч, савецкі генэрал, Герой Савецкага Саюзу. Алясандар Вашкевіч нарадзіўся ў 1901 годзе ў Белавежы, у беларускай сялянскай сям’і. У шэрагі Чырвонай Арміі ўступіў у 1919 г. 21 красавіка1945 г., камандуючы дывізіяй пад Баўцэнам, цяжка паранены Аляксандар Вашкевіч трапіў у нямецкі палон. На наступны дзень быў катаваны і забіты. Пахаваны ў Варшаве. Імя Аляксандра Вашкевіча носіць галоўная вуліца Белавежы, на якой стаіць ягоны родны дом.

Цытата

«Дзяржава — гэта машына для падтрыманьня панаваньня адной клясы над іншай».

Уладзімір Ленін

XS
SM
MD
LG