Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта проста страшна», — АБСЭ кажа пра значнае пагаршэньне сытуацыі ў зоне канфлікту на Данбасе


Марцін Сайдзік

Марцін Сайдзік

За суткі ў зоне канфлікту ў Данбасе было зафіксавана амаль пяць тысяч выпадкаў парушэньня рэжыму спыненьня агню. Пра гэта заявіў журналістам у Менску спэцпрадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдзік.

«Фіксуюцца 4 тысячы 700 парушэньняў у адны суткі. Гэта проста страшна», — сказаў Сайдзік пасьля заканчэньня чарговага раўнду перамоваў Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.

Па словах дыплямата, рэжым спыненьня агню парушаюць абодва бакі. Пры абстрэлах зноў прымяняюцца цяжкія ўзбраеньні, якія былі адведзеныя ад лініі судакрананьня бакоў у адпаведнасьці з дасягнутымі раней дамоўленасьцямі, але вярнуліся на перадавыя пазыцыі.

Інтэнсіўныя перастрэлкі ў Данбасе перашкаджаюць правядзеньню работ па разьмінаваньні і аднаўленьні разбураных аб’ектаў інфраструктуры рэгіёну.

Прадстаўнікі АБСЭ заклікаюць усе бакі канфлікту неадкладна спыніць баі і абстрэлы, асабліва з улікам узрослай колькасьці пацярпелых, як сярод вайскоўцаў, так і мірнага насельніцтва, а таксама інцыдэнтаў з удзелам назіральнікаў Спэцыяльнай маніторынгавай місіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG