Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода зьвярнулася да старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка з просьбай пракамэнтаваць сёньняшняе рашэньне Маскоўскага суду Берасьця, які прызнаў экстрэмісцкай літаратурай ягоную кнігу «Добрая фатаграфія», а таксама выдадзеную сумесна з Валерам Буйвалам кнігу «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял».

«Гэта подлая вайна, якая доўжыцца супраць мяне і майго імя вось ўжо амаль 30 гадоў, — сказаў Пазьняк. — Вядуць яе плебеі духа, гразь, якая захапіла ўладу ў Беларусі і ў Расеі. Таму гэта вайна бяз правілаў. Камэнтаваць яе ня мае сэнсу. Скажу толькі — гэтая чэрнь ніколі не пераможа нас. Слава Айчыне!»

Зянон Пазьняк пацьвердзіў Радыё Свабода, што ягоныя паплечнікі маюць намер абскарджваць сёньняшняе рашэньне суду.

«Добрая фатаграфія» — зборнік эсэ пра мастацтва фатаграфіі (у тым ліку і беларускіх аўтараў). Як пазначана ў анатацыі, «ня ставілася задача паказаць узровень майстэрства таго ці іншага фатографа, ці пазнаёміць з шэдэўрамі прафэсійнай фатаграфіі. У аснову адбору пакладзена адлюстраваньне часу, эмацыйнае ўражаньне вобразу, перажываньне чалавечага духу, адбіткі беларускай культуры, хараство Зямлі і людзей, трагічны і вечны аспэкты чалавечага існаваньня. Вобразнае ўражаньне і імгненьне часу ёсьць асноўным крытэрам адбору».

«Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял» — зборнік тэкстаў пра абарону месца расстрэлаў і пахаваньня ахвяраў камуністычных рэпрэсій. "Зьнішчыць магілы хочуць пасьлядоўнікі і нашчадкі тых, хто забіваў, ды людзі бяз памяці. Абараняюць — нашчадкі забітых, тыя, хто памятаюць і разумеюць, — напісаў у прадмове Зянон Пазьняк.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG