Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 21 красавіка: пасланьне Лукашэнкі, Этна-кірмаш, 95 гадоў «Чырвонай Зьмене», 90 гадоў ангельскай каралеве


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Беларуская партыя «Зялёныя» запрашае на адкрытую сустрэчу аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху»- 2016 (Менск, Мельнікайтэ 2-1803, пачатак а 13-й). Афіцыйная прэс-канфэрэнцыя да 30-й гадавіны Чарнобылю пройдзе ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Аляксандр Лукашэнка выступіць з пасланьнем да Нацыянальнага сходу.

У Нацыянальнай школе прыгажосьці адкрыецца конкурс «Этна-стыль» з удзелам дызайнераў, мастакоў-мадэльераў, а таксама «Этна кірмаш». (Менск, Мельнікайтэ, 4, пачатак а12-й).

У Гомелі выстаўляюць на таргі трохпавярховы будынак былога суду ў цэнтры гораду. Плошча аб’екту 1800 кв.м. Пачатковая цана — 16, 4 мільярды рублёў.

У гісторыі

1597 — быў пакараны сьмерцю Севярын Налівайка. Правадыр казацкага паўстаньня Налівайка сабраў пад сваім кіраўніцтвам вялізнае войска, аднак быў выгнаны ўрадавымі войскамі з Украіны на тэрыторыю Беларусі і тут распачаў сапраўдную вайну. Паўстанцы захапілі Слуцак, Магілёў, Пінск ды іншыя гарады, аднак урэшце і тут вайна была спыненая, Налівайка схоплены і пакараны сьмерцю.

1919 — войскі генэрала Жалігоўскага авалодалі Вільняй. У выніку спыніла сваё існаваньне Беларуска-Літоўская савецкая рэспубліка, бальшавікі мусілі ўцякаць, а Вільня на дваццаць гадоў апынулася ў складзе Польшчы.

1921 — выйшаў першы нумар газэты «Чырвоная зьмена». Газэта выдавалася да 2002 году. Цяпер дадатак да газэты «Зьвязда».

1996 — расейскія фэдэральныя войскі забілі першага прэзыдэнта чачэнскай рэспублікі Ічкерыі генэрала Джахара Дудаева. Паводле афіцыйных расейскіх зьвестак Дудаева забілі простым пападаньнем ракеты, якая была наведзеная на сыгнал ягонага спадарожнікавага тэлефону.

2010 — адхілены ад улады прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў склікаў прэсавую канфэрэнцыю ў Менску, дзе заявіў, што не прызнае сваёй адстаўкі і зьвярнуўся па падтрымку да СНД.

У памяці

1833 — нарадзіўся Віктар Отан Каліноўскі, гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху; брат Кастуся Каліноўскага.

1903 — нарадзіўся Мікола Аляхновіч, беларускі літаратурны крытык.

1910 — памёр Марк Твэн, амэрыканскі пісьменьнік.

1923 — памёр Ігнат Канчэўскі (Абдзіраловіч), беларускі паэт, філёзаф і публіцыст.

1926 — нарадзілася Лізавета II, з 1952 г. каралева Вялікай Брытаніі.

Цытата

Права мяняць урад выбарчым бюлетэнем, а ня руляй пісталета — мабыць, найлепшае вызначэньне дэмакратыі.

Каралева Лізавета ІІ

XS
SM
MD
LG