Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мянчук дамогся пашпарта на правільнай лацінцы і без імя па бацьку


Антось Вусовіч

Антось Вусовіч

«Я патлумачыў, што гэта спрадвечная традыцыя» — каб атрымаць пашпарт, дзе імя напісанае на беларускай лацінцы і ня згадваецца імя па бацьку, 76-гадовы мянчук Антось Вусовіч патраціў чатыры гады. Пра ўсе інстанцыі, якія ён прайшоў, і пра тое, як сам распрацаваў блянкі для пашпартнага стала, ён распавёў Свабодзе.

Я не зьмяняю прозьвішча, а выпраўляю

Каб атрымаць свой першы беларускі пашпарт, 76-гадовы Антось Вусовіч, па прафэсіі фізык-інжынэр і былы выкладчык, чатыры гады перапісваўся з самымі рознымі інстанцыямі. Звычайна выдача пашпарту займае месяц. Але Вусовіч хацеў атрымаць дакумэнт, дзе яго імя было б напісана згодна зь беларускай традыцыяй, а ня так, як гэта часам робяць у пашпартных сталах.

Чатыры гады Вусовіч дамагаўся такога пашпарту

Чатыры гады Вусовіч дамагаўся такога пашпарту

Па-першае, ён хацеў быць запісаны як «Антось», а не «Антон». Па-другое, яму не падабалася, што беларускае прозьвішча «Вусовіч» на расейскай пісалі як «Усович». Па-трэцяе, ён хацеў, каб ягонае імя было запісана ў «спрадвечнай беларускай форме». Гэта значыць, без імя па бацьку, што зьяўляецца расейскай традыцыяй. Ну, і нарэшце, трансьлітарацыю лацінскімі літарамі ён патрабаваў зрабіць не паводле ангельскай нормы, а паводле беларускай — Vusovič, замест Vusovich.

«Мне паўсюль казалі пра зьмену імя і прозьвішча, а я адказваў, што не зьмяняю, а выпраўляю», — расказаў Вусовіч Свабодзе.

Аддзел па грамадзянстве і міграцыі, які займаецца выдачай пашпартоў, перанакіраваў просьбіта ў ЗАГС. Але ў ЗАГСе не было блянка для заявы аб удасканаленьні імя і прозьвішча. Таму Вусовіч адмыслова для іх распрацаваў такі дакумэнт.

Ягоны зварот потым пераслалі ва ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму. Да звароту Вусовіч далучыў даведку, якую атрымаў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук.

«Імя Антось зьяўляецца беларускай формай мужчынскага імя Антон, — піша ў даведцы Аляксандар Лукашанец, дырэктар інстытуту. — Па жаданьні грамадзяніна імя Антось можа быць выкарыстана ў якасьці дакумэнтальнага. Пры запісе гэтага імя па-расейску яно трансьлітаруецца (перадаецца палітарна) як Антось».

Я ледзь прачытаў адзін абзац на беларускай мове

17 ліпеня 2006 году Антось Вусовіч нарэшце атрымаў пашпарт. Чатыры гады змаганьняў дзеля пары радкоў у пашпарце. Ці варта гэта было такіх высілкаў? Вусовіч абсалютна не шкадуе патрачанага часу. Магчыма, ён адзіны ў Беларусі, хто мае такі пашпарт. Апрача беларускай традыцыі запісу імя, ён яшчэ і дамогся, каб у пашпарце засьведчылі ягоную нацыянальнасьць, як гэта было ў савецкім дакумэнце.

«Я нарадзіўся беларусам, — кажа ён. — Чалавеку належыць заставацца тым, хто ён ёсьць. Яму належыць мець нацыянальную годнасьць».

На самым бачным месцы ён трымае міжваенныя фотаздымкі продкаў

На самым бачным месцы ён трымае міжваенныя фотаздымкі продкаў

Антось Вусовіч паходзіць з заходнебеларускай сям’і. Дзяцінства ён правёў на хутары Зуйніца паміж Докшыцамі і Глыбокім. Пасьля школы па камсамольскай пуцёўцы паехаў на працу ў Казахстан, потым служыў на Балтыйскім флёце.

У 1961 годзе Вусовіч вярнуўся ў Беларусь, дзе працаваў зборшчыкам-мэханікам на менскім заводзе імя Вавілава, а потым інжынэрам-фізыкам у у Інстытуце ядзернай энэргетыкі Акадэміі навук. Тут у асноўным працавалі выпускнікі маскоўскіх ВНУ, а таму панавала расейская мова.

У канцы 1970-х у Інстытут ядзернай фізікі прыехаў дырэктар атамнай лябараторыі з Чыкага. Амэрыканец аказаўся беларусам, які зьехаў зь Менску падчас Другой сусьветнай вайны. Ня ведаючы расейскай мовы, ён правёў лекцыю для супрацоўнікаў заводу па-беларуску.

«Тады выступіў спадар Алег Ярашэвіч, загадчык лябараторыі нулявых рэактараў. Ён сказаў, што за ўсе гады, колькі ён тут працуе, у гэтай залі ўпершыню прагучала беларуская мова».

Многія чыноўнікі прыязна ставяцца да беларускай гісторыі і культуры

Прыкладна ў гэты ж час яму выпадкова трапілася беларуская кніга — апавяданьні Антона Касьпяровіча. Як тады было прынята, яе далі «ў нагрузку» да папулярнай літаратуры, якая была ў дэфіцыце.

«Пакуль я прачытаў першы абзац, я так намучыўся! — узгадвае Вусовіч. — Я цалкам адвык ад беларускай мовы. А потым паступова я стаў цікавіцца ўсім беларускім».

Яшчэ адзін нетыповы штамп у пашпарце Вусовіча

Яшчэ адзін нетыповы штамп у пашпарце Вусовіча

У 1980-я гады, у часы перабудовы, ў Інстытут ядзернай энэргетыкі прыязджалі дэмакратычныя лідэры, сярод якіх былі і Зянон Пазьняк зь Юрыем Хадыкам.

«Гэта была хваля народных франтоў. Тады і ў мяне канчаткова сфармаваўся інтарэс да беларускай культуры і мовы».

З 1992 году і да самага закрыцьця Антось Вусовіч працаваў у беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. На пэнсіі спадар Вусовіч ужо 13 год, але застаецца актыўным. Сёлета, напрыклад, разам з жонкай пайшоў на курсы ангельскай мовы ў Менскім унівэрсытэце трэцяга ўзросту.

«Каб наш сьветапогляд выходзіў па-за межы тэлескрыні ці радыёпрымача, трэба ведаць замежныя мовы, — кажа 76-гадовы пэнсіянэр. — Для працы з кампутарам трэба валодаць мінімальнай ангельскай. Бо колькі б табе ні было гадоў, трэба жыць сучасным жыцьцём».

Менавіта з адукацыі мае пачацца нацыянальнае адраджэньне, упэўнены былы выкладчык. У 1993 годзе ён удзельнічаў у распрацоўцы канцэпцыі нацыянальнай адукацыі, дзе падкрэсьліваў, што важна выхоўваць ня толькі разумных дзяцей, але і найперш будучых грамадзянаў сваёй краіны.

І гэтаксама, як нацыянальна сьвядомых дзяцей, Вусовіч упэўнены, можна выхоўваць і чыноўнікаў. Ягоны досьвед працы зь дзяржслужбоўцамі паказвае, што і ад іх можна дамагчыся беларускасьці.

«Не адзінкі, а многія зь іх ставяцца прыязна да беларускай гісторыі і культуры, — кажа Вусовіч. — Таму можна чакаць ад іх пазытыўнай рэакцыі на патрабаваньне беларускасьці. Рабіць гэта трэба не агрэсіўна, а карэктна і цьвёрда».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG