Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенская ГЭС замінае рыбе, якая нерастуе ў вярхоўі Нёману


Будынак ГЭС

Будынак ГЭС

Урад абяцае пабудаваць шлюз з рыбаходам за 20 мільёнаў даляраў.

Гарадзенская ГЭС на Нёмане — за восем кілямэтраў ад гораду, блізка ад шашы на Менск. Яе будавалі чатыры гады і запусьцілі ў жніўні 2012 году.

Сёньня станцыя лічыцца самай вялікай у Беларусі, тут выпрацоўваецца 11,9 мэгавата электраэнэргіі. ГЭС стаіць паміж вёскай Шчачынова і пасёлкам Берагавы — там, дзе рака паварочвае рэзка на захад.

Агульны выгляд станцыі

Агульны выгляд станцыі

Станцыя — цалкам закрыты аб’ект, яна пад аховай. Групе журналістаў удалося наведаць яе дзякуючы Віктару Зубрыцкаму, дырэктару Гарадзенскіх электрасетак, якім належыць ГЭС.

Віктар Зубрыцкі паказаў станцыю знутры. Некаторыя працоўныя памяшканьні — на сем мэтраў ніжэй за ўзровень вады.

Віктар Зубрыцкі

Віктар Зубрыцкі

Праблема ГЭС у тым, што яна перапыняе шлях для прахадной рыбы — найбольш каштоўных яе гатункаў, якія ходзяць на нераст у вярхоўе Нёману. На станцыі расказвалі, што калі адкрывалі засланкі, то рыба зьнізу старалася заскочыць вышэй, каб трапіць за ГЭС і далей — туды, куды дагэтуль хадзіла на нераст.

У 2016–17 гадах зьбіраюцца будаваць другую чаргу ГЭС: шлюз з рыбаходам. Новы аб’ект будзе называцца «Шлюз Гродна». Праца даручаная Міністэрству транспарту і камунікацыяў. Поўны кошт — 20,8 млн даляраў, даўжыня — 100 мэтраў, шырыня — 15. Увесь шлюзаход ад ніжняга б’ефа да верхняга працягнецца на 460 мэтраў.

Вадасховішча станцыі

Вадасховішча станцыі

Першы ўдар па рыбе нанесла будаўніцтва ў Літве Ковенскай ГЭС, якая працуе з 1960 году. Тады было перапынена вандраваньне рыбы ў мора і назад у вярхоўе ракі. Літоўцы таксама маюць пляны стварыць шлюз з рыбаходам, аднак мінула 56 гадоў, а за будоўлю так і не ўзяліся.

Цяпер у Беларусі 47 аб’ектаў гідраэнэргетыкі. Агульная ўстаноўленая моц ГЭС — 34 мэгавата. Зь іх 19,1 належыць «Гроднаэнэрга». У 2017 годзе плянуецца запусьціць Полацкую ГЭС, а ў 2018-м — Віцебскую, якая стане самай магутнай у Беларусі.

XS
SM
MD
LG