Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошукі пакінутага дому


Кася Камоцкая выступае на «Басовішчы-1992»

Кася Камоцкая выступае на «Басовішчы-1992»

У першай палове 1990-х мы былі сьведкамі неймавернага выбуху адраджэнскай энэргіі ў беларускай палітыцы, грамадзкім жыцьці, культуры, мастацтве. Неймавернага — з гледзішча сёньняшняга дня, калі ўсё абціхла, зьняверылася, прыстасавалася і... прыелася. А тады ўвесь той выбух здаваўся даволі-такі натуральным спосабам разбурэньня старога, камунальнага дому і пабудовы новага, нацыянальнага.

У пачатку 1990-х незвычайныя рэчы адбываліся ў новай беларускай паэзіі. І ў паэзіі паяднанай з музыкай, як было ў выпадку Касі Камоцкай і яе праекту «Новае неба». Кася клала на музыку тэксты штандаровых паэтаў таго выбуховага часу: Адама Глобуса, Анатоля Сыса, Тацяны Сапач, Ігара Бабкова. Ці выступала адна, ці з музыкамі «Новага неба» — яна нязьменна выклікала энтузіязм і захапленьне публікі. Ейны канцэрт з «Новым небам» на «Басовішчы-1991» быў, мабыць, адным з найлепшых беларускіх канцэртаў наогул. Як для мяне — дык абсалютна топавым.

Недзе ў той жа час, у 1991 або 1992 годзе, Ігар Бабкоў напісаў верш з думкай, каб яго засьпявала Кася Камоцкая. Гэта меўся быць неафіцыйны гімн Беларуска-кельцкага зьвязу, які нейкі час раней, на кватэры Сяргея Шупы ў Менску, разам з гаспадаром заснавалі Ігар Бабкоў, Тодар Кашкурэвіч, Зьміцер Санько і аўтар гэтага тэксту. Беларуска-кельцкі зьвяз — які нідзе не рэгістраваўся — праз год ці два пасьля свайго заснаваньня сфармуляваў маніфэст, у якім гаварылася пра падабенствы паміж беларускімі і ірляндзкімі пошукамі сваёй сапраўднай ідэнтычнасьці і свайго «пакінутага дому». І якраз тады Ігар вырашыў, што трэба яшчэ напісаць гімн нашай арганізацыі.

Кася Камоцкая (зьлева) на «Басовішчы-1992»

Кася Камоцкая (зьлева) на «Басовішчы-1992»



Я разумею, што большасьць чытачоў, асабліва з малодшых пакаленьняў, можа ставіцца скептычна да таго, што я напісаў дагэтуль, і паставіцца яшчэ больш скептычна да таго, што напішу далей. Але праўда патрабуе ад журналіста і мужнасьці: дык вось, я ня толькі быў сузаснавальнікам арганізацыі, якая дала штуршок найцудоўнейшай беларуска-кельцкай песьні — «Шостае падарожжа» — але і прысутнічаў пры яе родах. Ня помню ўжо, у каго на кватэры ў Менску гэта было — магчыма, у адной з музыкантак «Новага неба» — калі Ігар Бабкоў выцягнуў з кішэні пакамечаны аркуш паперы і прачытаў зь яго свой першы накід верша-гімну, а Кася Камоцкая, падбіраючы першыя акорды на гітары, стала сьпяваць:

Твае валасы зблытаныя з мокрай травой.
Як чужы успамін, жужалка паўзе па сьцяне.
Неспакойныя песьні вецер пяе ў трысьнягу.
Маладая вада шапоча аб бясконцай вайне.

Дык хутчэй жа, вандроўнік, зьбірайся ў дарогу, хутчэй.
На пагорках Эўропы зваяваныя сьпяць каралі.
Праз халодныя ночы мы пройдзем пад канвоем вачэй
і аднойчы на золку вярнемся да гэтай зямлі.

Сярод глогу і руты на захадзе сьпіць акіян.
Толькі верасу вочы сумуюць аб забытай віне.
Там дзе кроплі шыпшыны, мы знойдзем свой пакінуты дом.
Там маладая вада шапоча аб бясконцай вайне.

Ці ж не дзівосная песьня?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG