Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША працягваюць настойваць на вяртаньні Саўчанкі ва Ўкраіну — Дзярждэпартамэнт


 Джон Кірбі

Джон Кірбі

Злучаныя Штаты працягваюць настойваць на вызваленьні грамадзянкі Ўкраіны Надзеі Саўчанкі і вяртаньні яе на радзіму. Пра гэта 19 красавіка заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Джон Кірбі.

«Мы па-ранейшаму хочам бачыць вяртаньне Надзеі Саўчанкі ва Ўкраіну да яе сям’і. Мы па-ранейшаму лічым, што яна была несправядліва затрыманая. Але ў мяне няма ніякай дадатковай інфармацыі», — адзначыў сьпікер, дадаўшы, што гэтак жа з прэсы ведае пра расейска-ўкраінскі дыялёг аб вяртаньні Саўчанкі на радзіму.

Народны дэпутат Украіны Надзея Саўчанка, якая знаходзіцца за кратамі ў Расеі, пасьля працяглага сухога галаданьня 19 красавіка пачала піць ваду, паведаміў адзін зь яе адвакатаў Мікалай Полазаў пасьля сустрэчы зь ёй у сьледчым ізалятары.

Раней у аўторак прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пасьля тэлефоннай размовы з Надзеяй Саўчанкай паведаміў, што ўкраінка пагадзілася часова спыніць сваю галадоўку. Па словах Парашэнкі, ён праінфармаваў Саўчанку адносна крокаў, якія ажыцьцяўляюцца для яе вызваленьня.

Яшчэ раней у гэты ж дзень Пятро Парашэнка выказаў надзею, што яму ўдалося падчас тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным увечары 18 красавіка ўзгадніць папярэдні альгарытм вызваленьня Надзеі Саўчанкі. Па словах прэзыдэнта, рашэньне ўкраінскага суда ў дачыненьні да расейскіх вайскоўцаў Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева «адкрывае пэўныя магчымасьці для прыцягненьня мэханізму абмену».

18 красавіка суд у Кіеве вынес прысуд у 14 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньнях, зьвязаных з тэрарызмам, двум расейскім спэцназаўцам Ерафееву і Аляксандраву. Іх абарона потым заявіла, што ня будзе абскарджваць прысуд. Іх лічаць галоўнымі прэтэндэнтамі на абмен на Саўчанку, якую ў Расеі раней прысудзілі да 22 гадоў пазбаўленьня волі.

XS
SM
MD
LG