Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як я зьбірала радыяактыўны лён у Краснапольлі


Фільм маіх калегаў Аляксея Знаткевіча і Алеся Матафонава «Краснапольшчына: Чарнобыльскі паўраспад» вярнуў мяне ў верасень 1988 году...

Праз два гады пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС я, студэнтка першага курсу факультэту журналістыкі, якая яшчэ не паслухала ніводнай лекцыі і не бачыла ніводнага выкладчыка, разам з аднакурсьнікамі апынулася ў найбольш заражаным радыяцыяй Краснапольскім раёне Магілёўшчыны «на бульбе». Так называлі тады прымусовыя сельскагаспадарчыя працы, на якіх мусілі адпрацаваць першы месяц вучобы студэнты першых курсаў вышэйшых навучальных установаў БССР.

Тады было ўжо дастаткова інфармацыі пра наступствы Чарнобыля, але не зважаючы на гэта, кіраўніцтва БДУ дасылала студэнтаў-першакурсьнікаў у найбольш заражаныя раёны Магілёўшчыны. Потым пагаворвалі, што многія дэканы ўсімі спосабамі спрабавалі выратаваць сваіх студэнтаў ад «радыяактыўных працаў», але тагачасны дэкан журфаку Алег Георгіевіч Слука, як выглядае, кінуў «калектыўных агітатараў, прапагандыстаў і арганізатараў» (так тады па Леніну трактавалі работнікаў СМІ) на найбольш небясьпечны ўчастак працы.

Найбольш мяне зьдзівілі ў Краснапольлі яблыкі — аграмадныя, удвая ці ўтрая большыя за звычайныя. Гэта было адно з наступстваў радыяцыі, але я тады пра гэта не здагадвалася.

У 1988 годзе Ціцянкоў, як і я, маладая студэнта, прагульваўся ў гумавых ботах па брудных дарогах Краснапольля

Далей мяне зьдзівіла занядбанасьць і галеча Краснапольля. Да гэтага я бачыла толькі вёскі заходняй Беларусі, і культурным шокам стала поўная адсутнасьць прыбіральні ў хаце старой бабулькі, дзе пасялілі мяне і яшчэ пяць студэнтак. Не, я не чакала прыбіральні ў хаце, але не было яе і ў двары. «Куды ж тады нам хадзіць?», — пыталіся мы бабулю. «На двор, куды хочаце», — адказала яна.

Пазьней я даведалася, што ў той час Краснапольскім раёнам кіраваў Іван Ціцянкоў, які пазьней стаў першым «завхозом» Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніком справаў прэзыдэнта. А тады ў 1988 годзе Ціцянкоў, як і я, маладая студэнта, прагульваўся ў гумавых ботах па брудных дарогах Краснапольля.

Калі я глядзела відэападарожжа маіх калегаў у Краснапольле, падумалася, што ў многіх занядбаных і закінутых хатах за гэтыя 28 гадоў, магчыма, так і не зьявіліся прыбіральні.

Мая «бульба» (а дакладней «лён», бо нас накіравалі на прыборку лёну) доўжыўся нядоўга. Мінуў першы тыдзень працы ў полі. Увесь час мы ўдыхалі радыеяктыўны пыл ад лёну. Я памятаю, як выціраючы пыл з вільготнага ілба, пабачыла, як да нас, студэнтаў, пад’яжджае аўтамабіль, і раптам зь яго выходзіць мой бацька, запіхвае мяне ў машыну, і вось на хуткасьці мы едзем у Менск...

З сабранага намі радыеактыўнага лёну зрабілі ручнікі, абрусы, вопратку

Бацькі даведаліся пра ўзровень радыяцыі ў Краснапольлі і імгненна прынялі рашэньне вывезьці мяне адтуль. Потым мне «зрабілі» мэдычную даведку, якой я патлумачыла ў дэканаце сваю адсутнасьць. І мне ніколі не было сорамна за гэты падман. Мне было вельмі шкада маіх аднакурсьнікаў, чые бацькі не змаглі тады зрабіць так, як мае. Яны цэлы месяц працавалі ў найбольш заражаным раёне Магілёўскай вобласьці ў 1988 годзе, а потым і цэлы месяц у 1989 годзе на другім курсе. Я ня ведаю, колькі хваробаў маіх былых аднакурсьнікаў былі выкліканыя радыяцыяй і ці зьвязваюць яны хваробы са знаходжаньнем у Краснапольлі. Але дакладна ведаю, што за той «лён» ніхто не панёс адказнасьці — ані Алег Георгіевіч Слука, ані іншыя кіраўнікі БДУ.

З сабранага намі радыяактыўнага лёну зрабілі ручнікі, абрусы, вопратку... Магчыма, яны дагэтуль у кагосьці ляжыць на сталах ці ў шафах...

Што да журналісцкага досьведу, які я атрымала ў Краснапольлі, то адзіным вынікам можна назваць гэты тэкст, напісаны праз 28 гадоў...

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG