Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандр Лукашэнка стаў пагражаць адстаўкай высокім чыноўнікам? Як на пэрспэктывы ўраду уплывае эканамічны крызіс і спрэчкі ва ўладзе аб шляхах выхаду зь яго?

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст.

Карбалевіч:
Кіраўнік дзяржавы правёў нараду па выніках разьвіцьця эканомікі ў першым квартале. І стаў пагражаць адстаўкай вышэйшым чыноўнікам Ён заявіў: «Па паўгодзьдзі дамо сур’ёзную ацэнку рабоце адпаведных структураў, перш за ўсё ўраду, Нацыянальнага банку, службовых асобаў, у тым ліку губэрнатараў, па разьвіцьці Беларусі ў гэтым годзе і выкананьню даведзеных заданьняў. Паўгодзьдзе — гэта падвядзеньне вынікаў з адпаведнымі высновамі».

І пры адсутнасьці станоўчай дынамікі і вынікаў ім будуць прымацца кадравыя рашэньні. Прычым, Лукашэнка адзначыў, што па існай практыцы за тыя ці іншыя праблемы прынята вінаваціць урад і губэрнатараў. Разам з тым, лічыць ён, сур’ёзную долю адказнасьці павінны несьці і вышэйшыя службовыя асобы. Канечне, Лукашэнка меў на ўвазе не сябе. Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Гэта тычыцца ўсіх. У вас яшчэ ёсьць квартал для таго, каб згрупавацца і паказаць адпаведныя вынікі. Калі няма, прыйдуць іншыя людзі, якія павінны гэтым займацца». Асобна кіраўнік дзяржавы нагадаў пра ролю адміністрацыі прэзыдэнта як палітычнага штабу па ажыцьцяўленьні кантролю за працай розных дзяржаўных структураў.

Лукашэнка пастаянна пагражае вышэйшым чыноўнікам то адстаўкай, то турмой

Здавалася б нічога новага, Лукашэнка пастаянна пагражае вышэйшым чыноўнікам то адстаўкай, то турмой. Але, здаецца, так выразна адносна цяперашняга ўраду кіраўнік дзяржавы не выказваўся раней. Лукашэнка вырашыў адначасова выкарыстаць увесь свой традыцыйны арсэнал мэтадаў кіраваньня. Ці насамрэч ён плянуе памяняць урад? Думаю, першае. Цяперашні балянс умоўных рыначнікаў і антырыначнікаў ва ўрадзе яго цалкам задавальняе. Рыначнікі патрэбныя для перамоваў з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. А антырыначнікі будуць рэальна кіраваць ў ручным рэжыме.

Зьвярнуў бы ўвагу на тое, што менавіта прэм’ер Андрэй Кабякоў правёў паседжаньне аргкамітэту па правядзеньню Ўсебеларускага народнага сходу. Хоць лягічней, каб яго ўзначаліў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Касінец, бо гэта ж палітычнае, а не эканамічнае мерапрыемства. Што пацьвярджае думку, што мяняць урад Лукашэнка пакуль не зьбіраецца і палітычная вага Кабякова вялікая.

Цыганкоў: Безумоўна, у рамках той палітычнай культуры, якую Аляксандар Лукашэнка практыкуе ўжо 20 гадоў, крытыкаваць урад, пагражаць адстаўкамі ці нават зьняволеньнем зьяўляецца тыповым яе выразьнікам. Гэта на Захадзе ў момант эканамічнага крызысу ў адстаўку можа пайсьці ўся партыя ці ўсё кіраўніцтва партыі. У Беларусі ж кіраўнік у адстаўку не сыходзіць, ён мяняе сваіх падначаленых за тое, што нібыта правалілі свой кірунак працы. На сёньня ў зьмене ўраду няма вялікага палітычнага і практычнага сэнсу. Гэту ўрад прыйшоў разам з прэзыдэнцкімі выбарамі. Ён амаль не зьмяніўся, але Лукашэнка яшчэ за некалькі месяцаў да выбараў зрабіў пэўныя перастаноўкі і сказаў, што вось цяпер мы маем новы ўрад, які пойдзе са мной на прэзыдэнцкія выбары.

У Беларусі ж кіраўнік у адстаўку не сыходзіць, ён мяняе сваіх падначаленых за тое, што нібыта правалілі свой кірунак працы

Пасьля выбараў прайшло некалькі месяцаў, не здарылася ніякай падставы, каб звальняць той урад, якому сам кіраўнік дзяржавы выказаў пэўны давер. Зь іншага боку, эканамічны крызыс не зьмяншаецца, зьяўляюцца новыя кропкі напружаньня. Я, па шчырасьці, зьдзіўляюся, што гэты не новы і актыўна ўжывальны Аляксандрам Лукашэнкам мэтад абвінавачаньня чыноўнікаў не выкарыстоўваецца. Магчыма, зараз не той час, ідзе падрыхтоўка да Усебеларускага сходу, калі трэба паказаць, што ёсьць стабільнасьць ва ўладзе. Але не выключаю, што калі сытуацыя не палепшыцца, а гэта верагодна, праз 3 −7 месяцаў Лукашэнку ў рамках ягонай традыцыі давядзецца кагосьці звальняць.

Дракахруст: Мне таксама падаецца, што гэта збольшага звыклая рыторыка. Добры цар лае кепскіх баяраў, якія зрабілі «ад балды». Бо сапраўды гэты ўрад надта «сьвежы», каб зараз яго здымаць. Рашэньні аб гэтым узмацніла б ўспрыманьне крызысу ў народзе. Зараз гаворыцца, што крызысу няма. Калі зараз урад зьняць, то гэта было б якраз прызнаньнем таго, што крызіс усё ж такі ёсьць.

Лукашэнка сапраўды пачакае некалькі месяцаў, і калі ягоная «шахматка» «пачырванее» яшчэ больш

На гэтай нарадзе Лукашэнка сказаў, што у яго ёсьць такая «шахматка», табліца, у якой пазначана, што выкананае, а што не выкананае, выкананае пазначана зялёным, не выкананае — чырвоным. Дык тая «шахматка» амаль уся чырвоная. Мяняць урад можна пад нейкі новы канцэпт, праграму, якая рэалізуецца з новымі людзьмі. Але так выглядае, што канфлікт, спрэчка, дыскусія паміж умоўнымі кансэрватарамі і ўмоўнымі лібэраламі ва ўладзе сканчаецца хутчэй у нічыю. У выніку зьяўляюцца пляны, якія не задавальняюць ніводны з бакоў. Яны, на думку некаторых, працуюць горш, чым працаваў бы аднастайны падыход.

Але ўсё ж, напэўна, Лукашэнка сапраўды пачакае некалькі месяцаў, і калі ягоная «шахматка» «пачырванее» яшчэ больш, тады адпаведныя кадравыя рашэньні могуць быць і прынятыя.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG