Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт Беларусі абвінаваціў арыштаванага байца «Азова» ў хуліганстве


15 красавіка ў Віцебску быў затрыманы беларус, які ваяваў за Ўкраіну, баец палка «Азоў» 20-гадовы Станіслаў Ганчароў (пазыўны «Беларус»).

Аднапалчане папярэджвалі яго, каб ня ехаў у Беларусь, бо могуць арыштаваць, але ён усё ж рызыкнуў. 14 красавіка ён прыехаў у Віцебск, а 15-га яго арыштавалі.

У Сьледчым камітэце на пытаньне пра затрыманьне байца «Азова» Свабодзе адказалі, што цягам дня афіцыйна паведамяць пра асобу, якая ўчыніла хуліганскія дзеяньні.

Сьледчы камітэт Беларусі выставіў яму абвінавачаньне ў «злосным хуліганстве», якое было зьдзейсьнена ў лістападзе 2013 году супраць непаўналетніх.

«Віцебскім гарадзкім аддзелам Сьледчага камітэту расьсьледуецца крымінальная справа, распачатая ў дачыненьні да 20-гадовага ўраджэнца горада Віцебска па ч.2 арт.339 (злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Крымінальная справа ўзбуджаная па матэрыялах праверкі, праведзенай супрацоўнікамі 7-га ўпраўленьня (па Віцебскай вобласьці) галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь. У ходзе сьледзтва ўстаноўлена, што ў кастрычніку 2013 году абвінавачаны, знаходзячыся ў горадзе Воршы Віцебскай вобласьці, з хуліганскіх меркаваньняў зьдзекаваўся з малалетніх падлеткаў. Усё, што адбываецца, фіксаваў на відэа», — паведамілі ў СК Беларусі. Прозьвішча арыштаванага не называецца, але прэсавы сакратар СК Юлія Ганчарова дала зразумець, што гэтая інфармацыя тычыцца менавіта байца «Азова».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG