Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфат Чубараў: Забарона Мэджлісу — пагроза ня толькі Ўкраіне і яе грамадзянам, але і іншым краінам


Кіраўнік Мэджлісу крымскататарскага народу Рэфат Чубараў.
Кіраўнік Мэджлісу крымскататарскага народу Рэфат Чубараў.

Кіраўнік Мэджлісу крымскататарскага народу Рэфат Чубараў ня зьдзіўлены рашэньнем Міністэрства юстыцыі Расейскай Фэдэрацыі аб унясеньні Мэджлісу ў пералік экстрэмісцкіх арганізацый, дзейнасьць якіх забаронена на тэрыторыі Расеі.

У Фэйсбуку Рэфат Чубараў напісаў, што такое рашэньне пагражае ня толькі Ўкраіне і яе грамадзянам, але і іншым краінам.

«Уласна, да Пуціна ў мяне пытаньняў няма: ён паводзіць сябе ў акупаваным ім Крыме настолькі брутальна, наколькі яму дазваляе міжнародная супольнасьць. Іншая справа, ці ўсьведамляюць лідэры краін Захаду наступствы для ўласных народаў сваёй страўсінай палітыкі ў адносінах да Расеі, адкрыта прымяраць на сябе ролю вяршыцеля лёсаў ўсяго сьвету?», — адзначыў кіраўнік Мэджлісу.

«Сёньня пад ударам крымскія татары, украінцы, Украіна. Ня пазьбягайце пытаньня, хто будзе заўтра асуджаны Расеяй. Гэта будзе ваша краіна і ваш народ», — дадаў Рэфат Чубараў.

У панядзелак, 18 сакавіка, Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла Мэджліс крымскіх татараў у пералік арганізацый, дзейнасьць якіх прыпынена ў сувязі з «ажыцьцяўленьнем iмi экстрэмісцкай дзейнасьці». Як адзначаецца на сайце ведамства, гэтае рашэньне прынятае «на падставе рашэньня пракурора рэспублікі Крым аб прыпыненьні дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня».

У МЗС Украіны гэтае рашэньне назвалі «яскравым парушэньнем правоў чалавека» і працягам сталінскіх рэпрэсій супраць карэннага народу Крыму.

3 красавіка прызначаны Крамлём пракурор Крыму Натальля Паклонская паведаміла, што прыняла рашэньне аб прыпыненьні дзейнасьці на тэрыторыі паўвострава Мэджлісу крымскататарскага народу да рашэньня суду.

Раней у ААН Расейскую Фэдэрацыю заклікалі не дапусьціць закрыцьця Мэджлісу крымскататарскага народу ў Крыме. Эўразьвяз таксама выказаў занепакоенасьць намерамі забараніць дзейнасьць Мэджлісу.

У пятніцу, 15 красавіка, у Крыме прайшло чарговае пасяджэньне суду па пазове аб забароне Мэджлісу, чарговае пасяджэньне вырашылі правесьці 25 красавіка.

Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла 20 лютага 2014 году пачаткам часовай акупацыі Крыму і Севастопаля Расеяй. 7 кастрычніка 2015 году прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка падпісаў адпаведны закон. Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі. Краіны Захаду ўвялі шэраг эканамічных санкцый. Расея адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG