Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаваць на фэрме нават зяць з Англіі прыехаў. Гісторыя беларуса, што вядзе гаспадарку ў Літве


Фэрмэр Мечыслаў Саковіч нарадзіўся ў вёсцы Замасьцяны Шчучынскага раёну, што за 8 км ад літоўскай мяжы. Цяпер ён жыве таксама пры самай мяжы. Праўда, ужо зь літоўскага боку — у вёсцы Калесьнікі Салечнікаўскага раёну. Пра літоўскі капіталізм у савецкія часы і перавагу беларускіх калгасаў перад літоўскімі фэрмамі ён распавёў Свабодзе.

У Літве быў капіталізм нават пры Саветах

Гэта сёньня Мечыслаў Саковіч буйны літоўскі фэрмэр. Разам з 20 іншымі акцыянэрамі ён пабудаваў у Коўне каапэратыўны малакаперапрацоўчы завод. Так літоўскія фэрмэры ратуюцца ад нізкіх коштаў закупу, якія звычайна выстаўляюць малаказаводы.

Мечыслаў Саковіч раней быў галоўным інжынэрам у калгасе, а з 1998 году мае ўласную фэрму

Мечыслаў Саковіч раней быў галоўным інжынэрам у калгасе, а з 1998 году мае ўласную фэрму

«З гэтымі санкцыямі (расейскае эмбарга на заходнія тавары. — РС) гуляемся як кошкі-мышкі, — кажа Саковіч. — Цэны на малако ўпалі ў тры разы. Толькі за адзін год я недаатрымаў 120 тысяч эўра з гэтымі гульнямі».

Уласьнік буйной гаспадаркі, як і іншыя літоўскія фэрмэры, ён прайшоў шлях ад працаўніка калгасу да ўласнага бізнэсу. Пасьля Літоўскай сельскагаспадарчай акадэміі ў Коўне Саковіча накіравалі па разьмеркаваньні ў Беларусь. Але празь дзевяць год ён вярнуўся ў Літву, дзе праходзіў практыку ў студэнцкія гады.

«У Беларусі — як у арміі, — узгадвае тыя часы Саковіч. — Субота-нядзеля, а цябе ніхто не адпускае адпачываць. А ў Літве ўжо больш да капіталізму было падобна. Тут свабода была».

Калгас у Калесьніках, дзе працаваў Саковіч, ад Беларусі аддзяляла літаральна адно поле. Але нават у савецкія часы па розныя бакі гэтага поля людзі жылі ў вельмі адрозных умовах. У Літве за тую ж працу плацілі большыя грошы, калгасьнікам выдавалі больш сотак пад бульбу, а графік працы тут быў не такі напружаны, як у Беларусі.

«У Беларусі 30 сотак давалі бульбы, а тут — 60, — кажа Саковіч. — Два гады здаваў бульбу — і набыў машыну. А ў Беларусі як запрэглі... А яшчэ сачылі адзін за адным, натуральна шпіёнілі».

Зь некаторых месцаў тут відаць Беларусь

Зь некаторых месцаў тут відаць Беларусь

У савецкія часы падзарабіць у Літву прыяжджала багата беларусаў з суседніх Воранаўскага і Шчучынскага раёнаў. Але за п’янкі іх доўга не трымалі.

«Два дні парабілі, запілі — і назад паехалі, — кажа Саковіч. — Тыя зь беларусаў, што заставаліся, яны менш пілі».

Тым, хто працуе на зямлі, зь бюджэту плоцяць па 200–300 эўра ў год

Гэта ў Беларусі і праз 25 год незалежнасьці так і ня вырашана пытаньне зь зямельнай уласнасьцю. У Літве ўжо з 1992 году ўсе калгасы сталі дзяліць паміж працаўнікамі. У залежнасьці ад стажу людзі атрымлівалі пэўную долю ад усёй уласнасьці — пай.

Саковіч на двары сваёй фэрмы

Саковіч на двары сваёй фэрмы

Нейкі час пайшчыкі аб’ядноўваліся ў суполкі і працавалі па калгаснай схеме. Толькі цяпер увесь прыбытак ужо дзялілі між сабой. З калгаса, дзе працаваў Саковіч, утварыліся тры суполкі.

Прамінуў час, і аграсэрвісу, якім кіраваў Саковіч, ужо ня стала каго абслугоўваць: усе гаспадаркі паразвальваліся і параспрадаваліся. Самай выгаднай вытворчасьцю тады была малочная, а таму вакол аграсэрвісу стала будавацца фэрма.

«Купіў дзьве каровы, потым яшчэ чатыры. Потым яшчэ дзесяць, дзесяць. І выйшаў статак на 80 галоў».

Адрозна ад карэнных фэрмэраў, беларусы мусілі набываць зямлю. Па рэстытуцыі літоўцы атрымалі надзелы, якімі яны ці іхнія продкі валодалі да 1940 году. Больш за тое, усім, хто займаецца апрацоўкай зямлі, зь дзяржаўнага бюджэту штогод выплачваюць ад 200 да 300 эўра за гектар.

«Словам, гаспадаркай тут можна займацца. Але для гэтага ўвесь час патрэбныя добрыя закупныя цэны. А яны могуць быць і вельмі добрымі, і вельмі дрэннымі».

Калесьнікі лепш, чым Брытанія

Саковіч скардзіцца, што сельская гаспадарка не такая прадказальная, як іншыя віды бізнэсу. Гэта ў савецкім калгасе збыт усёй прадукцыі быў гарантаваны, а крэдыты давалі, нават разумеючы, што іх ніколі ня вернуць.

Пачынаў зь дзьвюх кароў

Пачынаў зь дзьвюх кароў

«У калгасе ўсё было агульнае і галава не балела. Прыйшоў, выканаў свае функцыі — усё. А цяпер старшыня — я, вартаўнік — я, бухгальтар — я. Усё ў адной асобе».

У ня самыя лепшыя для фэрмэра часы працаваць на ягонай гаспадарцы прыехаў зяць. Чатыры з паловай гады Дзяніс Саковіч (хлопец узяў жончына прозьвішча. — РС) правёў на працы ў Вялікай Брытаніі.

Родам зь Вільні, ён таксама мае беларускія карані: ягоная маці паходзіць з Гомеля. Дзяніс працаваў у Вільні мэнэджэрам, меў і ўласны шапік. Потым зьехаў у горад Тэтфард (Thetford) у Вялікую Брытанію.

«Але там надакучыла, — кажа Дзяніс. — Дайшло да галавы, што ня трэба мне на чужога дзядзю працаваць, лепш на сваіх».

Сёньня ён, па сутнасьці, працуе партнэрам з пэрспэктывай пераняць кіраўніцтва ўсёй гаспадаркай. Дзяніс ужо мае свае пляны на будучыню фэрмы: арганізаваць тут перапрацоўку ўласнага малака і мяса.

«Тэтфард ці Калесьнікі? Тут лепш, — кажа Дзяніс. — Там таксама клопатаў хапае. Няма ніякай страхоўкі на выпадак, калі з табой нешта здарыцца. Нікому ты там не патрэбны».

У адпачынку ня быў 18 год

У сувязі з крызісам пра зьмену месца жыхарства быў задумаўся і сам Мечыслаў Саковіч. Дачка прапаноўвала яму пераехаць у Калінінградзкую вобласьць. Сам жа ён нацэльваўся на Беларусь, адкуль 30 год таму літаральна ўцёк.

І Саковіч, і іншыя літоўскія фэрмэры зь беларуска-літоўскага памежжа вельмі хваляць сёньняшнюю беларускую сельскую гаспадарку і тэхніку, што вырабляюць у Беларусі.

«У Беларусі, як паглядзеў, такія гаспадаркі парабілі! На кожны раён па 3–4 комплексы. Больш нават. Гэта правільная дзяржаўная палітыка. Усё роўна безь сельгаспрадукцыі не пражывеш — людзей карміць трэба».

Але пры ўсёй павазе да беларускіх калгасаў Саковіч кажа, што ўласная гаспадарка ўсё ж такі па-іншаму ўспрымаецца. Хоць і каштуе яна вельмі дарагіх высілкаў. Напрыклад, у адпачынку ён ня быў з 1998 году, калі арганізаваў уласную фэрму.

«Тут і дзень і ноч трэба кантраляваць самому. Адпачынку няма ўвогуле. Толькі ў камандзіроўку куды магу паехаць ці ў экскурсію. Але і тыя па працы. Затое я ведаю, што гэта ўсё маё, што я магу гэтую гаспадарку перадаць дзецям».

XS
SM
MD
LG