Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы сталі больш эканоміць на ежы


За мінулы год 56% расейцаў адмовіліся ад спажываньня таго ці іншага прадукту харчаваньня, гаворыцца ў справаздачы Інстытуту сацыяльнага аналізу і прагназаваньня Расейскай Акадэміі народнай гаспадаркі. У сакавіку 2015 году гэты паказчык складаў 53%.

Пры гэтым, згодна з паказчыкамі розьнічнага гандлю ў Расеі, у краіне павялічылася доля спажываньня прадуктаў, напояў і тытунёвых вырабаў (50,1%), перавысіўшы такім чынам долю нехарчовых тавараў (49,9%). У лютым 2015 годзе гэтыя паказчыкі былі 49,3% і 50,7% адпаведна.

У Інстытуце сьцьвярджаюць, што эканоміць сталі не толькі малазабясьпечаныя, але і сярэднія пласты насельніцтва.

Доля расейцаў, якім даводзіцца эканоміць на таварах і паслугах, у сакавіку 2016 года вырасла да 89 адсоткаў (на 0,6 працэнтнага пункту). Колькасьць прадстаўнікоў сярэдняй клясы павялічылася да 79,3 адсотка (на 3,9 працэнтнага пункту).

Большасьць насельніцтва (80%) у рознай ступені закранутая крызісам, гаворыцца ў справаздачы; яшчэ 15% чакаюць, што ім давядзецца сутыкнуцца з праявамі крызісу.

Пра страту працы ў сакавіку гэтага года паведамілі 12,4% апытаных, што на 4% менш, чым месяцам раней, аднак нэгатыўныя чаканьні растуць — 34,3% рэспандэнтаў баяцца страціць працоўнае месца (у сакавіку мінулага года гэтыя асьцярогі выказвалі 30,7% ).

Пры гэтым, паводле цытаванага апытаньня, пераважная большасьць расейцаў — 83% — адчуваюць сябе шчасьлівымі людзьмі.

XS
SM
MD
LG