Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менскім «дзекабрыстам» ня выдужаць без электрычак


Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

У сваім блогу Севярын Квяткоўскі сьцьвярджае: «Усё вырашыцца ў Менску». Доказам сваіх слоў ён прыводзіць аргумэнт, што глыбінка памірае. А паміраючы, галасуе за захаваньне сытуацыі, а не за разьвіцьцё. Ва ўсякім разе так, на думку аўтара, было ў 1994 годзе. У выніку ўсе самыя актыўныя грамадзяне пераехалі ў Менск, а значыць і лёс Беларусі вырашыцца ў Менску.

Адразу скажу – я перакананы, што Беларусі патрэбная дэцэнтралізацыя. Толькі разьвіцьцё малых і сярэдніх гарадоў і самастойнасьць мясцовай улады могуць забясьпечыць выхад з крызісу і ўстойлівае эканамічнае разьвіцьцё нашай краіне. Але гэта потым, а пакуль Севярын заняў пазыцыю «дзекабрыстаў». Маўляў, ёсьць нейкія асаблівыя людзі, якія правільна разумеюць важнасьць і значэньне рынкавай эканомікі і дэмакратыі, вось яны і вырашаць лёс Беларусі. «Дзекабрысты» павінны ўстаць разам і вырашыць лёс, а астатнія потым падцягнуцца.

Толькі вось рост Менску ідзе ўжо больш за 50 гадоў, а рэвалюцыі ўсё няма. Больш за тое, паводле апытаньняў, група, якая падтрымлівае каштоўнасьці дэмакратыі і свабоды як была ў рамках 20-25%, так і застаецца. Гэта значыць, колькаснае павелічэньне Менску ніяк не ўплывае на пашырэньне кола «дзекабрыстаў»: яны па-ранейшаму ў меншасьці ў межах усяго грамадзтва. Больш за тое, як паказваюць прыклады вакол нас, нават калі меншасьці ўдаецца перавярнуць сытуацыю, усё роўна ўсё вырашае большасьць на першых, другіх, трэціх дэмакратычных выбарах, часта адкідаючы ўсе заваёвы меншасьці.

Без рэгіёнаў ня будзе ніякіх пераменаў. Мікалай Статкевіч пакружыў у сталічнай апазыцыйнай тусоўцы і паехаў зьбіраць кангрэс па рэгіёнах. Бо менскае кола занадта малое, нават для сходу ў залі ня хопіць. А як бы выглядалі вулічныя пратэсты апошніх 6 месяцаў без іпэшнікаў і актывістаў з рэгіёнаў? – Дзясятак-другі актывістаў, ціхары і журналісты. Я правёў, як кіраўнік выбарчага штабу, дзьве прэзыдэнцкія кампаніі і дакладна ведаю, менавіта ў рэгіёнах людзі адгукаюцца значна больш, гатовыя казаць пра зьмены, хочуць удзельнічаць, дапамагаць. І ў 1994 годзе яны хацелі пераменаў і прагаласавалі за таго, каго лічылі сілай гэтых пераменаў, а вось Менск не дайшоў да ўчасткаў.

У канцы свайго блогу Севярын прапануе чытачам пайсьці на вакзал і паглядзець, як шмат электрычак прыяжджае ў Менск. І ў гэты момант ён сам сабе супярэчыць – бо прыяжджаюць гэтыя цягнікі з малых радзім і іх уплыў на Менск вельмі высокі. І пакуль яны ня будуць прыяжджаць з жаданьнем «усё вырашыць», Менск будзе спаць і радавацца свайму эканамічна лепшаму становішчу. А калі вырашыцца, яму спатрэбіцца дапамога «электрычак».

Таму я лічу самым важным сёньня працаваць з «новай большасьцю». З тымі, без каго «дзекабрысты» ніколі ня змогуць перамагчы, і не аднаразова, хай сабе і ярка, а так, каб перамога была замацаваная на доўгія дзесяцігодзьдзі і прывяла да незваротных зьменаў у галіне рынкавай эканомікі, дэмакратыі, правоў чалавека.

Андрэй Дзьмітрыеў

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG