Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі мы не прыбярэм забытыя магілы, то іх ніхто не прыбярэ». Магілёўскія тбмаўцы зладзілі талаку


У Магілёве суполка Таварыства беларускай мовы зладзіла талаку на мясцовых Петрапаўлаўскіх могілках. Традыцыйна актывісты зьбіраюцца на Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясьцін і прыбіраюць адметныя для гораду месцы.

Сёньня на старыя клады ў Магілёўскім Задняпроўі прыйшло два дзясяткі рупліўцаў беларускай мовы і гісторыі. На працягу дзьвюх гадзін талакоўцы прыбіралі ад сьмецьця забытыя магілы гарадзкой знаці.

«На Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясьцін мы звычайна прыбіраем занядбаныя ў горадзе помнікі архітэктуры, альбо старадаўнія месцы, — апавядае кіраўнік суполкі Алег Дзьячкоў. — На Петрапаўлаўскіх могілках нямала старых пахаваньняў, за якімі амаль ніхто не прыглядае. Ды й ня кожны магілёвец ведае, дзе яны знаходзяцца. Перакананы, што сёньня мы прыбіраем магілы, якія акрамя нас ніхто не прыбярэ».

Адкапалі нагроб’е прадстаўніка роду Бако магілёўскія гісторыкі Алесь Агееў (справа) ды Ігар Пушкін (зьлева).

Адкапалі нагроб’е прадстаўніка роду Бако магілёўскія гісторыкі Алесь Агееў (справа) ды Ігар Пушкін (зьлева).

Паводле магілёўскага гісторыка Міхаіла Шымукенуса, які таксама прыбіраў могілкі разам з тбмаўцамі, Петрапаўлаўскія клады вядомыя ад XVIII стагодзьдзя.

Нагроб’е Бако.

Нагроб’е Бако.

«Тут пахаваныя прадстаўнікі вядомага магілёўскага роду Бако, напрыклад. Гэты род згадваецца ў кнігах магілёўскага магістрату 17-18 стагодзьдзяў. Пахаваныя таксама прадстаўнікі роду Шкеляў. З гэтага роду паходзяць фундатары. Пра іх згадваюцца, што яны былі старастамі Петрапаўлаўскай царквы. На гэтых могілках была цэркаўка сьвятой Ганны. Хавалі тут праваслаўных з Лупалава і Траечча. Гэтыя могілкі не дасьледаваныя як сьлед на прадмет таго, хто тут зь вядомых магілёўцаў пахаваны яшчэ. І наўрад ці выпадае казаць пра магчымасьць гэтых досьледаў, бо многае зруйнавалася», — зазначае гісторык Міхаіл Шымукенус.

Міхаіл Шымукенус

Міхаіл Шымукенус

Надгроб’е на магіле аднаго з прадстаўнікоў роду Бако талакоўцам удалося адкапаць і ўстанавіць на пастамэнт. Нямала мармуровых надгоб’яў, аднак застаюцца заваленымі, бо сіламі некалькіх чалавек падняць іх немагчыма. Актывісты абмежаваліся высечкай кустоўя на магілах ды зборам бытавога сьмецьця і лістоты.

Талакоўцы

Талакоўцы

Да сёньня Петрапаўлаўская царква, якая была непадалёк ад могілак, не ацалела. На яе месцы ўзьведзена гасьцініца «Турыст». Няма і цэркаўкі сьвятой Ганны. Казаць пра яе месца на могілках можна прыблізна.

Пабітыя і заваленыя пахаваньні .

Пабітыя і заваленыя пахаваньні .

XS
SM
MD
LG