Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тбілісі злавілі прадаўцоў урану


Кантэйнэр для транспарціроўкі ўрану.

Кантэйнэр для транспарціроўкі ўрану.

У Тбілісі затрымалі трох грузін і трох армян за спробу прадаць кантэйнэр з уранам. Ва Ўкраіне жанчына атрымала два гады ўмоўна.

Супрацоўнікі Службы дзяржбясьпекі Грузіі у суботу затрымалі ў Тбілісі трох жыхароў рэспублікі і трох грамадзян Армэніі, якія спрабавалі рэалізаваць радыеактыўнае рэчыва уран-238 у спэцыяльным заводзкім кантэйнэры. Кантэйнэр з уранам быў знойдзены ў кватэры аднаго з затрыманых. За матэрыял нібыта хацелі атрымаць 200 тысяч даляраў.

Сёньня адвакат затрыманага Мурціаза Цкіцішвілі паведаміў, што знаёмыя пакінулі ў яго кватэры чамадан, які ён не аглядаў і ня ведаў, што ў ім. Затрыманы сваёй віны не прызнае. Паводле адваката, усе затрыманыя па гэтай справе — пэнсіянэры і могуць пазьбегнуць турэмнага зьняволеньня.

Спэцыялісты міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя Грузіі ўдакладнілі, што кантэйнэр з радыеактыўным матэрыялам не ўяўляў небясьпекі для жыхароў дому, таму што ўран знаходзіўся ў сьвінцовай абалонцы і яго было ня шмат.

Раней на мінулым тыдні на два гады ўмоўна была асуджаная ўкраінка, жыхарка гораду Вальнянск у Запароскай вобласьці. Яшчэ ў 2006-м годзе яна атрымала ад свайго знаёмага шэсьць кантэйнэраў з уранам, схавала іх у гаспадарчай будове і потым спрабавала прадаць. Агульная маса абедненага ўрану, вырабленага яшчэ ў часы СССР, склала 43,5 кіляграмы.

Абеднены ўран складацца ў асноўным з ізатопа ўрану 238, гэта пабочны прадукт узбагачэньня ўрану, неабходнага складніка ядзернага паліва ці ядзернай зброі. Абеднены ўран менш радыеактыўны чым нават уранавая руда, ён выкарыстоўваецца галоўным чынам у бранябойных снарадах і кулях.

XS
SM
MD
LG