Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто бачыць рэформы ў Беларусі 


Ці адбываюцца ў беларускай эканоміцы рэформы, як заявіў пра тое ў Вашынгтоне памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды? Чаму дома ён гаворыць і піша іншае, чым у ЗША? Ці зьяўляюцца рэформамі падвышэньне камунальных тарыфаў і пэнсійнага ўзросту?

У абмеркаваньні ўдзельнічаюць: Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч, Юоы Дракахруст


Цыганкоў: Мы і ня ведаем, але «самыя складаныя рэформы ў Беларусі пачаліся і ўжо ідуць». Пра гэта, прынамсі, заяўляе памочнік прэзыдэнта — начальнік галоўнага эканамічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Кірыл Руды. Ён сказаў гэта ў інтэрвію рускай службе «Голасу Амэрыкі» падчас вясновых штогадовых пасяджэньняў рады кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду і групы Сусьветнага банку ў Вашынгтоне. Фрагмэнт інтэрвію быў паказаны ў праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь-1».

У памочніка прэзыдэнта пацікавіліся яго меркаваньнем з нагоды высноваў МВФ аб тым, што прычыны праблем эканомікі Беларусі сыходзяць каранямі ў мадэль празьмернага цэнтральнага плянаваньня, і дакладу дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, у якім паведамляецца, што 70% эканомікі Беларусі па-ранейшаму знаходзяцца пад кантролем дзяржавы.

«На пэўным этапе разьвіцьця гэта быў ня стрымліваючы фактар, а мабілізуючы, які дазволіў мабілізаваць эканоміку і даць імпульс для разьвіцьця.

Цяпер, сапраўды, ёсьць пэўныя цяжкасьці ў эканоміцы Беларусі, але я б не сказаў, што гэта (празьмернае цэнтральнае плянаваньне) адзіны фактар», — адзначыў Руды.

Ён назваў прычыны праблемаў у беларускай эканоміцы: гэта зьмена сытуацыі на сыравінных рынках і праблемы ў рэгіёне. «Мы — адкрытая эканоміка, і цяжкасьці асноўных нашых гандлёвых партнэраў — Расеі і Ўкраіны — ня могуць не паўплываць на нас», — патлумачыў памочнік прэзыдэнта.

Як бачым, Руды істотна падкарэктаваў свае ранейшыя заявы. Некалькі месяцаў таму на БТ ён заявіў, што ніякага сусьветнага крызісу ў эканоміцы няма, што гэта выключна крызіс для дзяржаваў, якія залежаць ад кошту на нафту — для Расеі і блізкіх да яе краінаў рэгіёну. У Вашынгтоне, аднак, Руды спасылаецца на сусьветныя працэсы.

Журналіст расейскай службы «Голасу Амэрыкі» таксама пацікавіўся ў Кірыла Рудага, як ён ставіцца да сьцьвярджэньня, што «ўлады Беларусі так і не ажыцьцявілі базавыя эканамічныя рэформы».

«У Беларусі мы менш гаворым, але больш робім. Можа, менш дэкляратыўна, і мы не называем гэта рэформамі, але многія мерапрыемствы, якія былі праведзеныя ў краіне, дэ-факта зьяўляюцца тымі самымі непапулярнымі рэформамі, пра якія шмат гавораць. У прыватнасьці, быў падпісаны ўказ аб падвышэньні пэнсійнага ўзросту, павышаныя тарыфы на ЖКГ, адбылася лібэралізацыя цэнаў у пачатку сёлетняга году», — падкрэсьліў Кірыл Руды.

На думку памочніка прэзыдэнта, фактычна самыя складаныя рэформы ў Беларусі пачаліся і ўжо ідуць.

Карбалевіч: Пакуль незразумела, ці пачаўся новы раунд перарваных перамоваў Беларусі з МВФ аб крэдыце. Яны былі перапыненыя ў пачатку году, калі беларускі бок, на патрабаваньне Лукашэнкі, памяняў сваю пазыцыю па многіх пытаньнях, па якіх раней была дасягнутая згода.

У Менску знаходзіцца чарговая місія МВФ, якая праводзіць традыцыйны маніторынг, што робіцца кожны год. Паездка беларускай дэлегацыі ў ЗША на чарговае вясновае штогадовае пасяджэньне рады кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду і Групы Сусьветнага банку ў Вашынгтоне — гэта не сур’ёзныя перамовы.

А заява Рудага — гэта клясыка жанру, яскравы прыклад падмены паняцьцяў.

Падвышэньне камунальных тарыфаў і рашэньне аб падвышэньні пэнсійнага ўзросту беларускія ўлады выдаюць за рэформы.

МВФ патрабуе іншага. Ён настойвае на рэформах у эканоміцы, а ня толькі зьменах у сацыяльнай сфэры. І сутнасьць гэтых рэформаў палягае ў тым, каб забясьпечыць разьвіцьцё эканомікі. Пытаньне ў тым, ці гатовы МВФ па геапалітычных прычынах заплюшчыць вочы на гэтую падмену паняцьцяў беларускім бокам.

Дракахруст: Я не зусім згодны з вамі, па дзьвюх лініях. Па-першае, чаму Руды ў Беларусі кажа адно, а ў Вашынгтоне іншае? У дадзеным выпадку таму, што ў Вашынгтоне ён выступае як прадстаўнік беларускага ўраду. І дзіўна было б, калі б ён прыехаў і сказаў: ну, хлопцы, рэформаў у нас няма, не давайце нам грошы.

Так, як паводзіць сябе спадар Руды, паводзяць сябе чыноўнікі ня толькі беларускія — усе абсалютна.

Перамовы з МВФ любой краіны — гэта заўсёды гандаль, спрэчка, перацягваньне канату, гэта часам і хітраваньне, і мы гэта выдатна бачым на прыкладзе Ўкраіны.

Вось зараз Ўладзімер Гройсман стаў прэм’ерам, і ён ужо гаворыць: як бы нам не падымаць тарыфы на ЖКГ, як бы нам не абкладаць асаблівымі падаткамі лекі. А МВФ патрабуе, каб гэта было. І займацца «перацягваньнем канату» з МВФ даводзіцца ўсім, а ня толькі беларускім урадоўцам.

А другі момант — я б не скідаў з рахункаў тыя мерапрыемствы, якія зрабіў беларускі ўрад. Як, дарэчы, і ўкраінскі. Так, МВФ у ідэале хоча, каб структурна мяняліся беларуская і ўкраінская эканомікі, але самае галоўнае, чаго ён хоча — гэта выпраўленьне гандлёвых балянсаў. Падвышэньне камунальных тарыфаў і пэнсійнага ўзросту — гэта тое, што працуе хутка, і гэта тое, на чым Фонд настойвае. І калі вы зьвернеце ўвагу на дыскусіі ва Ўкраіне, то галоўная тэма там — гэта не структурныя рэформы, а тая самая балючая рэформа камунальных тарыфаў. Калі беларускі бок зрабіў у гэтым накірунку крок — Фонд гэта ўлічыць. Тое, што спадар Руды пералічыў — гэта сапраўды крокі, якія рэкамэндуе Фонд. І далей ён будзе вырашаць, дастаткова гэтага ці не.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG