Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расейскі чыноўнік прапанаваў увесьці цэнзуру інтэрнэту — як у Кітаі


Аляксандр Бастрыкін

Аляксандр Бастрыкін

Кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі таксама прапанаваў лічыць праявай экстрэмізму адмаўленьне вынікаў усенароднага рэфэрэндуму і фальсыфікацыю гістарычных падзеяў

Кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандр Бастрыкін заклікаў даць «жорсткі, адэкватны і сымэтрычны адказ» гібрыднай вайне, якую, на яго думку, ЗША і іх саюзьнікі вядуць супраць Расеі і некаторых іншых краінаў. Пра гэта ён напісаў у артыкуле, апублікаваным 18 красавіка ў выданьні «Коммерсант-Власть».

Гэтая «вайна», паводле яго, датычыцца палітычнага, эканамічнага, інфармацыйнага і прававога напрамкаў, і яна прывяла да санкцый і дэвальвацыі рубля. Аднак найбольш разбуральнымі сталі наступствы ад інфармацыйнай вайны, лічыць кіраўнік Сьледчага камітэту.

У гэтай сувязі Бастрыкін прапанаваў увесьці абмежаваньні ў інтэрнэце, а таксама лічыць праявай экстрэмізму адмаўленьне вынікаў усенароднага рэфэрэндуму і фальсыфікацыю гістарычных падзеяў.

На ягоную думку, трэба «прадугледзець пазасудовы парадак уключэньня інфармацыі ў фэдэральны сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама блякаваньне даменных імёнаў сайтаў, якія распаўсюджваюць экстрэмісцкую і нацыяналістычную інфармацыю».

Бастрыкін прывёў у прыклад рашэньне ўладаў Кітаю, якія ўвялі забарону на працу электронных СМІ, якія цалкам або часткова належаць замежным рэзыдэнтам.

Прадстаўнікі расейскай апазыцыі скрытыкавалі прапановы Бастрыкіна. «Геапалітыка, ілжэдэмакратыя, вакол ворагі: палітыка з падваротні», напісаў у Фэйсбуку апазыцыянэр Леанід Волкаў.

Паводле апытаньня Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі, праведзенага летась у жніўні, 49 адсоткаў расейцаў выказаліся за цэнзуру ў інтэрнэце, а 58 адсоткаў апытаных гатовыя да яго адключэньня ў выпадку дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. Пры гэтым толькі 11 адсоткаў рэспандэнтаў выказалі ўпэўненасьць, што інтэрнэт ня мае патрэбы ў рэгуляваньні.

XS
SM
MD
LG