Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пафарбаваў матрыцу задач чыноўнікаў у чырвоны колер


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вэртыкаль не выконвае свае задачы, і прыгразіў адстаўкамі.

Аляксандар Лукашэнка патрабуе ад вышэйшых службовых асобаў, ураду, Нацбанку і кіраўнікоў аблвыканкамаў вырашэньня задач сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі. Прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў на паседжаньні па выніках разьвіцьця краіны ў першым квартале і захадах па павышэньні эфэктыўнасьці эканомікі паведаміў, што сытуацыя ў эканоміцы застаецца складанай, але кіраванай, паведамляе БелТА.

Аляксандар Лукашэнка на гэтую заяву адказаў:

«Матрыца задач для вэртыкалі ўлады ў мяне на стале. Чырвоным колерам пазначана тое, што ня выканана. Сіні колер — посьпехі ў выкананьні плянавых заданьняў. Гэтая матрыца ў цэлым у чырвоным колеры. Хацелася б пачуць тлумачэньні ў сувязі з гэтым. У кожнага перад вачыма павінен ляжаць плян разьвіцьця на гэты год. Таму будзеце дакладаць, як ён выкананы. Калі дрэнна, то чаму».

Лукашэнка адзначыў, што за праблемы прынята вінаваціць урад і губэрнатараў, але сур’ёзную долю адказнасьці таксама павінны несьці і вышэйшыя службовыя асобы, якія маюць адпаведныя шырокія паўнамоцтвы і статус. У сувязі з гэтым Лукашэнка падкрэсьліў, што пры адсутнасьці станоўчай дынамікі і вынікаў ён будзе прымаць кадравыя рашэньні:

«Гэта тычыцца ўсіх. У вас яшчэ ёсьць квартал для таго, каб згрупавацца і паказаць адпаведныя вынікі. Калі не, прыйдуць іншыя людзі, якія павінны гэтым займацца. Таму зьбірайцеся разам і дзейнічайце. Калі нехта нешта ня цягне, уносьце неадкладна прапановы. Схавацца за сьпіну каго б там ні было не атрымаецца», — заявіў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што далейшай стратэгіі разьвіцьця Беларусі сёлета будуць прысьвечаныя два важных мерапрыемствы: пасланьне кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, а таксама Ўсебеларускі народны сход, дзе будуць канчаткова вызначаны задачы на пэрспэктыву.

XS
SM
MD
LG