Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскіх журналістаў затрымалі на мяжы і абшукалі да майткоў


Украінскі журналіст Яўген Плінскі
Украінскі журналіст Яўген Плінскі

Здымачную групу ўкраінскага канала «1 + 1», якая рыхтавала матэрыял для праграмы «Ўкраінскія сэнсацыі», некалькі гадзінаў без тлумачэньняў абшуквалі беларускія мытнікі, нягледзячы на тое, што група была афіцыйна акрэдытаваная ў Беларусі.

Як распавёў у сваім фэйсбуку журналіст Яўген Плінскі, аўтамабіль загналі ў бокс, разабралі, людзей прымусілі распрануцца да бялізны і добраахвотна аддаць адзьняты матэрыял.

«Тэма нашай паездкі была даволі нэўтральнай, гадавіна Чарнобыльскай трагедыі... Адпрацаваўшы 5 дзён у Беларусі і вяртаючыся назад, мы пад’ехалі да прапускнога пункта «Новая Гута». Наш кіроўца без праблем прайшоў мытны кантроль, аўто агледзелі і ў кантрольным талёне паставілі адзнаку, што мытня пройдзеная. Далей мы ўтрох падышлі на пашпартны кантроль, дакумэнты кіроўцы праверылі, паставілі адзнаку аб выезьдзе з Рэспублiкi Беларусь і вярнулі. Але калі я працягнуў у акенца свой пашпарт, памежнік зьмяніўся ў твары... Тут жа ён папрасіў пашпарт Улада і стаў кудысьці тэлефанаваць.

Нас папрасілі сесьці ў машыну і зь яе не выходзіць. Праз 5 хвілінаў зьявіўся мытнік, які заявіў, што пройдзенае намі мытнае афармленьне несапраўднае, забраў у кіроўцы пашпарт і дакумэнты на аўто. Так мы правялі гадзіну. Потым нам заявілі, што нас накіроўваюць на паглыблены мытны дагляд. Аўто загналі ў бокс, і пачалі трыбушыць... Трыбушылі ўсё, нават мой працоўны штодзёньнік. Адзін з правяраючых ціха схаваўся зь ліхтарыкам на заднім сядзеньні аўто і ўважліва вывучаў (а магчыма і фатаграфаваў) яго, пакуль я не заўважыў гэта і са скандалам не адабраў яго.

Ні просьбы патлумачыць прычыну таго, што адбываецца, ні патрабаваньні паклікаць старэйшага (які зьявіўся праз гадзіну пасьля трыбушэньня нашых заплечнікаў), ні заявы пра тое, што мы акрэдытаваныя ў рэспубліцы замежныя СМІ, не падзейнічалі на працэс.

У канцы ператрусу зьявіўся галоўны інспэктар Ісакаў А.А. і папрасіў перадаць яму карткі з запісамі з нашых відэакамэр для «азнаямленьня» са зьместам. Я адмовіўся, заявіўшы, што мы акрэдытаваныя, і запатрабаваў даць магчымасьць патэлефанаваць. Мне парэкамэндавалі не рабіць гэтага, бо званкі па тэлефоне ў рэжымнай зоне забароненыя...

Праз гадзіну інспэктар прыйшоў з ксэракопіяй факса ад намесьніка начальніка Гомельскай мытні Луковіча І.І. з патрабаваньнем (або дазволам) правесьці поўны асабісты дагляд Плінскага і Плешакова «да ніжняй бялізны».

На маю просьбу патэлефанаваць у МЗС начальнік адказаў адмовай, і папрасілі добраахвотна перадаць ім для вывучэньня карткі з матэрыялам. Я адмовіў, і мяне правялі на асабісты дагляд.

Празь некаторы час нас адпусьцілі, выдаўшы на рукі акты, якія пацьвярджаюць правядзеньне гэтых працэдур.

У панядзелак мы падаем афіцыйную скаргу і патрабаваньне сатысфакцыі».

Украінскія журналісты лічаць, што прычынай такога стаўленьня сталі тэлепраграмы, якія выйшлі ў эфір пасьля папярэдняй іх камандзіроўкі ў Беларусь, у якіх распавядалася пра тое, як Беларусь зарабляе на вайне Ўкраіны з Расеяй, пра бізнэс сям’і Лукашэнкі, катэджы беларускіх чыноўнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG