Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме забаранілі пікет за годнае жыцьцё


Актывіст Іван Бедка (з падарункамі для старшыні Слонімскага райвыканкаму ў Дзень Волі, 25 сакавіка 2016 году)

Актывіст Іван Бедка (з падарункамі для старшыні Слонімскага райвыканкаму ў Дзень Волі, 25 сакавіка 2016 году)

Слонімскі райвыканкам адмовіў актывістам БХД у правядзеньні пікета, спаслаўшыся на тое, што пададзеныя ў райвыканкам дакумэнты нібыта не адпавядаюць артыкулу 5 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

Паводле актывіста БХД Івана Бедкі, улады ў чарговы раз нічога новага не прыдумалі, калі даслалі пісьмовую адмову на правядзеньне пікету:

— Ну як яны маглі нам дазволіць правядзеньне пікета, на якім мы зьбіраліся прыцягнуць увагу жыхароў Слоніма да альтэрнатыўных прапановаў па зьмене існай сацыяльна-эканамічнай мадэлі і забесьпячэньні годнага жыцьця грамадзян, падвышэньні дабрабыту, стварэньні новых працоўных месцаў і за адмену кантрактнай сыстэмы найму на працу для шараговых работнікаў? У нас жа ў тэлевізары нічога падобнага не паказваюць, усё добра і нічога ня трэба зьмяняць. Мы, канешне, чакалі, што нам адмовяць, але думаю, што праз СМІ многія людзі пра гэта даведаюцца.

Іван Бедка зазначыў Свабодзе, што ўжо нават ня памятае таго году, калі слонімскія ўлады дазвалялі правядзеньне нейкіх альтэрнатыўных акцыяў грамадзкім актывістам.

— Нічога не зьмяняецца ў гэтым сэнсе як у нашым горадзе, так і ў цэлым у краіне. Людзі многія ня ведаюць, як выжываць, улада зь людзьмі не гаворыць, нічога не тлумачыць і нікому не дае дазволу на гэта. Але ж так папросту нельга рабіць, мы ж жывём у адной краіне. Усе разумеюць, што зьмены патрэбныя, — і чаму да гэтага не набліжацца, чаму не абмяркоўваць?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG