Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пошце Свабоды часта сустракаюцца расповеды пра канкрэтныя побытавыя сытуацыі, зь якімі людзі сутыкаюцца ў штодзённым жыцьці. Нягледзячы на тое, што многія зь іх, на першы погляд, выглядаюць прыватнымі і ня вартымі грамадзкай увагі, насамрэч праз прызму іх часта вельмі добра бачныя агульныя адметнасьці і заганы сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наш слухач Уладзімер Гайдукевіч з Бабруйску, распавядаючы пра даўнюю гісторыю свайго супрацьстаяньня зь мясцовымі газавымі службамі, піша:

«Супрацоўнікі Магілёўаблгазу мантавалі газаправод у маім доме. Адпрацавалі 12 чалавека-гадзін, а паводле будаўнічых нарматываў, якія чыноўнікі зацьвердзілі дзеля законнага падману насельніцтва, напісалі, што гэта заняло 52 чалавека-гадзіны. За што і спагналі зь мяне 500 даляраў.

А калі пракладвалі трубы па вуліцы, з насельніцтва бралі грошы за добраўпарадкаваньне. Хоць нічога ў гэтай справе не рабілі. Пасьля маіх скаргаў вуліцу Цагляную ўзімку падсыпалі жвірам. Але з надыходам вясны яна ператварылася ў балота, якое вось ужо пяць год ніхто не засыпае. Замест добраўпарадкаваньня штогод пускаюць грэйдэр. А ён толькі размазвае гразь да першага дажджу.

А вось як газавыя службы і створаныя імі ж індывідуальныя прадпрымальнікі выдурваюць грошы за нібыта абслугоўваньне газавых катлоў. Да мяне прыйшлі, маім жа пыласосам здулі пыл з катла — і за гэта ўзялі 250 тысяч рублёў. Нас падманваюць за нашы ж грошы.

А філіял Магаблінстытуту газу, які працуе ў нашым горадзе, за 156 тысяч дае права падносіць паперку да вэнтыляцыйнага канала. І нават праводзіць дзеля гэтага навучаньне».

Там, дзе каштарысы і тарыфы дыктуе прызначаны дзяржавай манапаліст, заўсёды адбываецца нешта падобнае, спадар Гайдукевіч. Адсутнасьць канкурэнцыі разбэшчвае, расхалоджвае і дазваляе бескантрольна спаганяць зь людзей незаробленыя грошы. А якасьць працы пры гэтым часта не вытрымлівае ніякай крытыкі. Я ў сувязі з вашым лістом згадаў нядаўнюю трагедыю ў Барысаве, дзе на пачатку студзеня ў выніку атручэньня чадам трагічна загінулі шэсьць чалавек. Прычына — няспраўнае газавае абсталяваньне. І што адметна: перад гэтым жыхары некалькі разоў выклікалі газавікоў. А тыя запэўнівалі, што ўсё нібыта ў парадку. Такі вось узровень кваліфікацыі і адказнасьці.

Аўтар наступнага ліста, наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў разважае пра некаторыя адметнасьці расейскай судовай сыстэмы, у якой ёсьць шмат агульных рысаў з такой жа сыстэмай беларускай. Слухач піша:

«Расейскія суды — пакорлівыя рабы расейскай улады. А каб зразумець, што сёньня сабой уяўляе расейская ўлада, трэба ў першую чаргу паслухаць яе галоўны рупар — Уладзіміра Вольфавіча Жырыноўскага, які пасылае ў галовы электарату свае мэсыджы, бы палі забівае: „Перагарадзіць Дняпро ля Смаленску, каб не дастаўся праклятым бандэраўцам! Захапіць усю Ўкраіну! Шпурнуць атамную бомбу на Канстантынопаль!“ І гэтак далей. Яму падпяваюць расейскія тэлебалбатуны кшталту Кісялёва: „Ператварыць ЗША ў ядзерны попел!“ Размахвае крыжам галоўны праваслаўны хрысьціянін Гундзяеў: „Не, гэта не праваслаўныя шпурнулі снарад у храм! Яны не маглі!“ (Так і хочацца спытаць: „Ты што, сьледчы?“)

Вось хай бы расейскі суд у адпаведнасьці з расейскімі законамі прыцягнуў усіх трох да крымінальнай адказнасьці за прапаганду вайны, міжнацыянальнай ды міжканфэсійнай варожасьці — дык не, дзе там! Уладзіміру Ўладзіміравічу падабаецца тое, што яны балбочуць! Электарат у ладкі пляскае.

А калі падчас суду згаладнелая і змардаваная Надзея Саўчанка ў эмацыйным парыве выказала сваім судзьдзям усё, што яна пра іх думае, ды яшчэ палец ім паказала, рэакцыя была імгненная: „Сваякоў да яе не пускаць! Лекараў да яе не пускаць!“... Цяпер глядзі, каб замест дваццаці трох год пажыцьцёвае не далі!

...Міжволі ўзгадваецца і справа Pussy Riot. Дзьве хвіліны дзяўчаты пасьпявалі — два гады калёніі! (Я неяк пісаў на Свабоду, што яны там і на дзьве базавыя не насьпявалі). За што??? Што гэта за суд такі? Дзе хвалёная хрысьціянская міласэрнасьць? Сталін у 1931 годзе наагул узарваў храм Хрыста Збавіцеля, і ня толькі гэты, і што яму за тое? Павага і пашана?».

Па-іншаму і ня можа быць у дзяржаве, дзе няма незалежнай судовай улады, дзе судзьдзі прызначаюцца кіраўніком выканаўчай улады і цалкам залежаць ад ягонай ласкі. У Беларусі гэта відаць яшчэ больш выразна, чым у Расеі. Судовая сыстэма тут, па сутнасьці, абслугоўвае інтарэсы ўлады, гэта інструмэнт пакараньня ўсіх, хто адважваецца не пагаджацца з афіцыйнай палітыкай. Як вынік — у Беларусі здараюцца яшчэ больш абсурдныя прысуды: напрыклад, калі каралі бязрукага за тое, што пляскаў у ладкі, альбо нямога — за выкрыкваньне антылукашэнкаўскіх лёзунгаў.

________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG