Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасць ахвяр землятрусу ў Эквадоры перавысіла 230 чалавек


Колькасьць загінулых у выніку моцнага землятрусу ў Эквадоры павялічылася да 233 чалавек, паведаміў у нядзелю прэзыдэнт краіны Рафаэль Карэа ў сваім афіцыйным акаўнце ў Twitter.

Разбураныя некалькі прыбярэжных гарадоў. Паводле сьведчаньня Reuters, ратавальнікі разьбіраюць завалы ў пошуках тых, хто выжыў, часам — голымі рукамі.

Прэзыдэнт напісаў: «Афіцыйная лічба (ахвяраў) павялічылася да 233, раён Таркі-дэ-Манта вельмі пацярпеў, будынкі разбураныя, віцэ-прэзыдэнт накіроўваецца ў (горад) Портавіеха». Паводле Карэа, сам ён вылятае ў горад Манта. «Прыярытэтам зьяўляецца выратаваньне тых, хто застаецца пад абломкамі, пры дапамозе ратавальнікаў з-за мяжы».

Паводле дадзеных уладаў, пацярпелі ад наступстваў стыхіі больш за 1500 чалавек. Пры гэтым інфармацыя з шэрагу раёнаў абмежаваная з-за пашкоджаньняў ліній сувязі і электраперадач.

Карэа адзначыў, што прыняты захады для забесьпячэньня грамадзкага парадку, падрыхтаваны прытулак: «Уся краіна мабілізаваная, дзякуй зьнешняму сьвету за салідарнасьць».

Падземныя штуршкі магнітудай 7,8 былі зафіксаваныя ў Эквадоры ў ноч на нядзелю. Эпіцэнтар землятрусу разьмяшчаўся за 28 кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад населенага пункту Муіснэ. Ачаг землятрусу залягаў на глыбіні 20,2 кілямэтры. На ўсёй тэрыторыі краіны ўведзена надзвычайнае становішча ў сувязі з ударам стыхіі.

XS
SM
MD
LG