Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты АГП спрабавалі расштурхаць магілёўскіх прадпрымальнікаў


Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі нагадалі магілёўскім прадпрымальнікам, што іхны крызіс з уладаю не пераадолены. Акцыя партыйцаў стала першай пасьля пратэстаў прадпрымальнікаў супраць 222-га ўказу.

На двух найвялікшых у горадзе рынках Віленскім і Грабянёўскім партыйцы 17 красавіка раздавалі дробным бізнэсоўцам улёткі з патрабаваньнямі індывідуальных прадпрымальнікаў да ўлады. Гэтыя патрабаваньні, як напісана ва ўлётках, выпрацаваныя 17 сьнежня 2015 году на супольнай канфэрэнцыі экспэртаў партыі і лідэраў індывідуальных прадпрымальнікаў з розных рэгіёнаў краіны.

Гандляры на зьяўленьне групы партыйных актывістаў адрэагавалі стрымана. Улёткі бралі, але толькі адзінкі наважваліся на гутарку з кіраўніком партыі Анатолем Лябедзькам. Прадстаўнікі адміністрацыі рынкаў прасілі партыйцаў пакінуць, як яны заяўлялі, прыватную тэрыторыю. На Віленскім рынку гучалі пагрозы выклікаць міліцыю.

Самі ж прадпрымальнікі скардзіліся партыйцам, што зьменшылася пакупніцкая актыўнасьць і гэта прывяло да зьмяншэньне выручкі. Некаторыя казалі пра завышаныя падаткі і праблемы з іх выплатай. Вінавацілі чыноўнікаў, што тыя не прыслухоўваюцца да праблемаў дробных прадпрымальнікаў. Згадвалі нядаўні пратэст супраць 222-га ўказу, які, паводле гандляроў, ня даў плёну.

Анатоль Лябедзька не пагадзіўся, што дробныя бізнэсоўцы выглядалі запалоханымі. Паводле яго, толькі адзін прадпрымальнік адмовіўся браць інфармацыйную ўлётку.

«Гэта гаворыць, што ў іх ёсьць цікавасьць і жаданьне атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю. Тое, што яны не бягуць да палітыкаў і не выскокваюць з транспарантамі — гэта такая мэнтальнасьць. У нас ёсьць добры шанец папрацаваць з гэтымі людзьмі, бо доўгі час іхная цікавасьць абмяжоўвалася гандлёвай палаткай. Мы хочам сказаць, што жыцьцё віруе і, што, найперш, трэба быць грамадзянінам. А грамадзянін — гэта чалавек, якія цікавіцца тым, што адбываецца ў ягоным горадзе і краіне. Гэта першы крок, а другі крок — гэта тое, што ён нешта робіць, каб у краіне былі перамены», — выказаў сваё бачаньне пасьпяховасьці інфармацыйнай акцыі палітык.

Анатоль Лябедзька дадаў, што падчас крызісу ў стасунках між прадпрымальнікамі і ўладаю партыя дапамагала дробнаму бізнэсу выстаяць. На думку партыйца «гэты крызіс працягваецца».

«Нам вельмі важна прасоўваць наш дакумэнт „Плятформа 11“. Мы б хацелі, каб найбольшая колькасьць прадпрымальнікаў ведала пра гэты дакумэнт. Мы б хацелі зладзіць у Магілёве канфэрэнцыю, на якую б прыехалі прадпрымальнікі з розных рэгіёнаў вобласьці. Паклікаць на яе ўладу. Прывесьці добрых экспэртаў. Каб была дыскусія, бо праблема застаецца. Патрэбна ствараць пляцоўкі для камунікацыяў і дыскусіяў», — заявіў Анатоль Лябедзька.

У 11 патрабаваньнях тэзісна сфармулявана тое, што, на думку іх распрацоўнікаў, мусіць выканаць і чаго трымацца ўлада, каб разьвіваўся дробны бізнэс у Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG