Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітальд Ашурак правёў адзіночны пікет у Бярозаўцы 


Ён выйшаў на гарадзкі рынак з плякатам: «Шкловата — сьмерць Бярозаўкі». Яго хацелі забраць міліцыянты, але людзі на гарадзкім рынку заступіліся за Ашурка.

Вітальд Ашурак, грамадзкі актывіст, на працягу года вядзе кампанію супраць шкодных выкідаў пры вытоворчасьці шкловаты, якая наладжана на шклозаводзе ў Бярозаўцы Лідзкага раёна. Паводле Ашурка, выкіды сталі рэальна пагражаць здароўю людзей і таму ён рашыўся выйсьці на пікет, каб зьвярнуць увагу ўладаў на праблему.

— Ведаеце, надакучыла маўчаць. Мы ўжо тут год таму абыйшлі ўсе магчымыя інстанцыі, а нікому да гэтага няма справы. А апошнім часам у Бярозаўцы пачалі хварэць дзеці: зьяўляецца сухі кашаль, а тэмпаратуры няма. У паветры, калі адбываюцца выкіды, трымаецца сьмярдзючы хімічны запах.

На рынак, дзе праводзіў пікет Ашурак, прыехалі міліцыянты, зрабілі заўвагу, што пікет не санкцыянаваны. Аднак, паводле Ашурка, за яго заступіліся людзі і міліцыянты пакінулі яго ў спакоі.

— Самае дзіўнае, што мяне ўсе на рынку падтрымлівалі, праўда, многія казалі, што такім чынам я нічога не даб’юся. Але самае цікавае, што я зразумеў — шкодная вытворчасьць на шклозаводзе закранула кожнага чалавека, які жыве ў Бярозаўцы.

Вітальд Ашурак упэўнены ў тым, што на яго завядуць адміністратыўную справу, але гэтым самым ён хоча яшчэ больш прыцягнуць увагу ўладаў да існуючай праблемы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG