Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякага злому ў стратэгічным трэндзе на падзеньня рубля я ня бачу»


Чым можна патлумачыць узмацненьне беларускага рубля адносна даляру, якое назіраецца апошнія месяцы? Якім можа быць курс нацыянальнай валюты да канца году? Што больш важна ўладам — макраэканамічная стабільнасьць ці крэдытаваньне прадпрыемстваў?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканаміст Зьміцер Крук і былы старшыня Нацыянальнага Банку Станіслаў Багданкевіч. Праграму вядзе Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Вось ужо некалькі месяцаў беларускі рубель узмацняецца ў дачыненьні да даляру — і гэта даволі незвычайна, бо беларускае насельніцтва звыклася да нязьменнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Чаму гэта адбываецца — ці толькі дзякуючы росту коштаў на нафту ці ёсьць унутраныя прычыны для ўмацаваньня рубля?

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Багданкевіч: Напачатку я хачу падкрэсьліць сваю старую пазыцыю, што галоўнае — гэта ня курс рубля, а паказьнік інфляцыі. Мы атрымліваем заробкі ў рублях, плацім за ўсё ў рублях, таму нас павінны цікавіць найперш цэны.

Наконт стабілізацыі курсу — то тут ёсьць і плюсы і мінусы. Курс моцна залежыць ад росту шырокай грашовай масы. Ад пачатку году яна скарацілася на 15,5 трыльёны рублёў. Гэта заслуга манэтарных уладаў. Але гэта ня столькі плюс, колькі паказьнік стагнацыі эканомікі. Бо скарачаюцца экспарт і імпарт ва ўмовах стабільных і нізкіх цэнаў на нафту, ВУП падае.

Стабілізацыя рубля адбываецца на фоне росту цэнаў, падатакаў. У насельніцтва няма вольных грошай для пакупкі валюты, пакупкі імпарту — на маю думку, гэта галоўная прычына стабілізацыі рубля.

Дзьмітры Крук

Дзьмітры Крук

Крук: Я б хацеў падкрэсьліць, што курс беларускага рубля ўмацоўваецца толькі да даляру, а да валютнага кошыку ён застаецца стабільным, ці нават паслабляецца. Ніякага вялікага злому ў агульным стратэгічным трэндзе на падзеньне рубля я ня бачу. Гэта выключна кан’юнктурныя чыньнікі, зьвязаныя з падвышэньнем цэнаў на нафту. Фактычна мы апошнія два гады, калі афіцыйны перайшлі на плаваючы абменны курс, капіруем траекторыю курса расейскага рубля з невялікімі адхіленьнямі.

Што тычыцца сярэднетэрміновых і доўгатэрміновых прагнозаў, то я застаюся пры сваёй думцы, што да канца году і на наступны год застаюцца стратэгічныя перадумовы для паслабленьня беларускага рубля. Але пэўныя ваганьні пры гэтым ня выключаныя.

Цыганкоў: Гэты трэнд на аслабленьне выкліканы найперш замежнымі прычынамі ці тут ёсьць «заслуга» беларускіх эканамічных уладаў?

Крук: Трэба патлумачыць, якое паслабленьне я маю на ўвазе — паступовае і неістотнае. Яно перш за ўсё адлюстроўвае патэнцыял прадукцыйнасьці эканомікі. Мы зараз маем сыстэмны крызіс, наша прадукцыя шмат дзе неканкурэнтаздольная. Таму я ня бачу падставаў, каб беларускі рубель умацоўваўся. Таму пры нязменнасьці структуры беларускай эканомікі будзе працягвацца паступовая дэвальвацыя. Але ж пэўны пэрыяд магчымыя больш істотныя ваганьні ў абодва бакі, зьвязаныя з цэнамі на нафту і гэтак далей.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Станіслаў Багданкевіч, у перадачы «Інтэрвію тыдня» ў студзені вы прагназавалі, што да канца году курс беларускага рубля можа дайсьці да 30 тысячаў. Ці вы прытрымліваецеся свайго прагнозу ці абставіны зьмяніліся?

Багданкевіч: Яшчэ ня вечар, будзем ацэньваць у канцы году. Але я магу прызнаць пэўную сваю памылку. Я не чакаў, што наш Нацыянальны Банк гэтак жорстка скароціць аб’ёмы шырокай грашовай масы. А гэта галоўны складнік на манэтарным рынку — і валютнага курсу, і інфляцыі.

Зь іншага боку, я пакуль ня бачу стабілізацыі эканомікі. Урад па-ранейшаму выдае грошы з бюджэту на пакрыцьцё шматмільярдных стратаў машынабудаўнічай галіны, іншых. Усё гэта нэгатыўна будзе адбівацца на курсе.

Растуць цэны на транспарт, камунальныя паслугі, інтэрнэт, тэлефон, у насельніцтва проста не хапае грошай на пакупку валюты ў абменьніках. Насельніцтва сёньня траціць больш чым зарабляе. Але ўсё гэта нэгатыўная стабілізацыя. Трэба ажыўляць эканоміку, скарачаць падаткі, падвышаць канкурэнтаздольнасьць, зьніжаць інфляцыю.

Цыганкоў: Традыцыйна ёсьць дылема, што важней — дабівацца макраэканамічнай стабілізацыі ці дапамагаць прадпрыемствам. Ці можна сказаць, што на сёньня беларускія ўлады зрабілі свой выбар на карысьць першага?

Крук: У пэўнай ступені можна так сьцьвярджаць, Нацбанк праводзіць даволі жорсткую палітыку. Але ў час рэцэсіі жорсткая абмежавальная палітыка ня ёсьць лепшым выбарам. Якраз у такія пэрыяды цэтрабанкі павінны праводзіць стымулюючую палітыку. Аднак наша бяда, што мы ня можам сабе дазволіць праводзіць такую палітыку, бо ступень даверу да нацыянальнай валюты даволі нізкая. Таму калі нават ва ўмовах эканамічнага спаду Нацбанак паспрабуе стымуляваць эканоміку — гэта даволі хутка выльецца ў рост цэнаў і інфляцыю, што будзе даволі небясьпечным.

Багданкевіч: У нас дагэтуль 43 працэнты усіх крэдытаў для дзяржаўнага сэктару ільготныя. Гэта не жорсткая манэтарная палітыка. У нас інфляцыя за 3 месяцы 5,7 працэнты. Галоўная праблема — нізкая канкурэнтаздольнасьць, стратнасьць машынабудаваньня, станкабудаваньня, цэлых галінаў эканомікі. Праблема ў структуры кіраваньня дзяржаўным сэктарам эканомікі.

Пад’ём эканомікі мусіць быць на грунце стабільнасьці на валютным і спажывецкім рынку. А ў нас стагнацыя адбываецца на фоне вялікай інфляцыі. І гэта праблема існуе на па віне манэтарных уладаў, якія ўсё ж забясьпечылі скарачэньне грашовай масы. А па віне палітычных уладаў, якія не прынялі захады па дывэрсіфікацыі зьнешніх рынкаў, рэальнага сэктару, які неканкурэнтаздольны, і гэтак далей.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG