Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё вырашыцца ў Менску!», – цьверджу я ў кожнай дыскусіі пра пэрспэктывы зьменаў у Беларусі. «Беларусь – не адзін Менск, трэба працаваць з рэгіёнамі!» – адказваюць мне. Трэба. Але.

Усё вырашыцца ў Менску, бо чалавечыя і фінансавыя рэсурсы па краіне разьмяркоўваюцца дыспрапарцыянальна.

«Насельніцтва Менску расьце, ня гледзячы на тое, што колькасьць беларусаў зьмяншаецца». Але афіцыйная статыстка дакладна ня ведае, колькі жыве ў Менску. Тых самых «не прапісаных».

У Менску рэальныя заробкі ня так хутка падаюць, як у астатняй Беларусі. Ды наагул у Менску больш магчымасьцяў зарабіць. І яшчэ: Менск – «гумовы». Тэарэтычна ўсе беларусы могуць жыць у адным горадзе.

Тым часам па-за Менскам. «Усё больш і больш раёнаў літаральна выміраюць. Міністэрства эканомікі прагназуе, што да 2032-ага 77 раёнаў (то бок, большасьць зь іх) ня будуць мець устойлівай колькасьці жыхароў (15-20 тысяч чалавек). У 2013-ым лічба такіх раёнаў складала 51, што таксама ня мала».

Мы звычайна бачым вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў без уліку геаграфіі жыхарства рэспандэнтаў. Але калі згадваць далёкія першыя выбары першага прэзыдэнта, самыя кансэрватыўныя прасавецкія настроі былі ў самых бедных і беспэрспэктыўных раёнах.

Цяпер тая беднасьць і беспэрспэктыўнасьць зноў пагрукала ў дзьверы тых самых раёнаў. Толькі за прамінулыя дваццаць з гакам гадоў Менск і замежжа высмакталі з тых раёнаў большую частку актыўных людзей працаздольнага веку – «няп'юшчых і рабацяшчых».

Калі-небудзь «нашы прыйдуць да ўлады». Калі-небудзь пачнецца дэцэнтралізацыя Беларусі. І магчымасьці ў годным жыцьці будуць аднолькавыя і для Менску, і для Барысава, і для Жабінкі. А яшчэ ў Беларусі калі-небудзь зьявяцца ўнівэрсытэцкія гарады.

Сьветлае «калі-небудзь» абавязкова надыдзе. А пакуль прыяжджайце раніцай на цэнтральны вакзал у Менску. І пабачце, як электрычкі з усіх бакоў вязуць у Менск людзей на працу з навакольных гарадоў і вёсак. І вы зразумееце, што лёс краіны будзе вырашацца ў сталіцы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG