Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы мяняюць свой урад


Зьлева направа: Арсеній Яцанюк, Пятро Парашэнка, Уладзімір Гройсман. 8 верасьня 2015.
Зьлева направа: Арсеній Яцанюк, Пятро Парашэнка, Уладзімір Гройсман. 8 верасьня 2015.

Чаму ва Ўкраіне мяняюцца ўрады, а ў Беларусі толькі кіраўнікі ўрадаў? У чым зайздросьцяць беларусам украінцы?

Каліноўскі: Учора ва Ўкраіне фармальна скончыўся ўрадавы крызіс. Урад «камікадзэ» Арсенія Яцанюка падаў у адстаўку пасьля 1,5 года працы.

Адстаўка была незаплянаваная, бо яшчэ паўгода ўрад меў імунітэт і мог працаваць. Але незадаволенасьць гэтым урадам як з боку Вярхоўнай Рады, прэзыдэнта, так і насельніцтва, не давала яму шанцаў выжыць. Людзі ва Ўкраіне незадаволеныя зьбядненьнем, падзеньнем курсу нацыянальнай валюты, шматлікімі сацыяльнымі праблемамі, недастатковай барацьбой з карупцыяй, тым, як ажыцьцяўляюцца рэформы.

У гэтай падзеі, канечне, шмат унутраных матываў і наступстваў. Галоўным зь іх мне бачыцца папулізм шэрагу праэўрапейскіх фракцыяў, якія здрадзілі сфармаванаму імі самімі ж ураду, выйшаўшы з кааліцыі, і імкненьне прэзыдэнта Пятра Парашэнкі ўзяць у свае рукі рычагі ўплыву на эканоміку.

Прызначэньне кіраўніком ураду блізкага паплечніка Парашэнкі маладога палітыка Ўладзімера Гройсмана сьведчыць пра посьпех прэзыдэнта, хоць, маючы шырокія паўнамоцтвы, Гройсман можа паспрабаваць згуляць і сваю партыю. Але праблема ў тым, што як палітык ён пакуль ня мае шырокай грамадзкай падтрымкі, дый у парлямэнце за ім няма вялікай маналітнай кааліцыі.

У новым урадзе не засталося так званых варагаў — замежнікаў на міністэрскіх пасадах.

Заадно хацеў бы заўважыць, што ў новым урадзе не засталося так званых варагаў — замежнікаў на міністэрскіх пасадах. Як мне падаецца, яны былі досыць эфэктыўныя, але ім перашкаджалі існыя ўкраінскія кланы.

Карацей, з новым урадам Украіна перайшла на новы этап складаных эканамічных рэформаў, барацьбы з карупцыяй, вайны з расейскай агрэсіяй на Данбасе і руху ў бок эўрапейскай інтэграцыі.

Учора, калі я сачыў за выступамі ў Радзе з крытыкай ураду Яцанюка, то прыйшоў да высновы, што гэтая крытыка цалкам пасуе і беларускаму ўраду — зьбядненьне насельніцтва, адсутнасьць рэформаў, дэвальвацыя нацыянальнай валюты, непрымальныя ўмовы для замежных інвэстыцыяў. Такіх выступаў у Радзе было шмат, а вось у Палаце прадстаўнікоў такога ніхто ня кажа, хоць мне падаецца, што беларускі ўрад пад кіраўніцтвам Андрэя Кабякова таксама заслугоўвае адстаўкі і замены, нават больш, чым урад Яцанюка. Але гэтага не адбываецца.

Я б хацеў папрасіць калегаў пракамэнтаваць, прычым ня толькі чаму гэтага няма — бо ясна, што ў Беларусі іншы, аўтарытарны рэжым, — але і чаму ўрад у дэмакратычнай краіне і ўрад у аўтарытарнай постсавецкай краіне ў эканамічным пляне паказалі аднолькавыя вынікі? Ці толькі ў вайне і карупцыі прычына?

Максімюк: Я пачну з аднаго ўспаміну. Гадоў 10–12 таму я апынуўся ў італьянскім горадзе Балёнья. Раніцай аднаго дня іду па вуліцы, і раптам бачу нешта знаёмае. Прыглядаюся — ідуць гурты кабетаў, і ўсе яны размаўляюць па-ўкраінску. Я спачатку падумаў — можа, які фальклёрны ансамбль прыехаў у Балёнью. Аказваецца, не. Гэта былі жанчыны з Заходняй Украіны, гастарбайтэры, якія працуюць у Італіі. Яны зараблялі, каб іхныя дзеці і ўнукі маглі неяк выжыць ва Ўкраіне.

Пасьля я бачыў шмат такіх людзей і ў Чэскай Рэспубліцы, дзе я працую ўжо 18 год. Часам яны на паўлегальным становішчы, але іх тут шмат.

Украінцы — народ значна больш мабільны за беларусаў, і таму яны выяжджаюць у Эўропу і шукаюць там сабе працу.

Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што ўкраінцы вельмі моцна адчуваюць зьбядненьне, якое наступіла пасьля распаду Савецкага Саюзу. Украінцы — народ значна больш мабільны за беларусаў, і таму яны выяжджаюць у Эўропу і шукаюць там сабе працу. Столькі беларусаў там не пабачыце. Яны баяцца выяжджаць за мяжу. Але ня толькі з-за гэтага. Той сацыяльны кантракт, які заключыў з народам Лукашэнка, ён яшчэ ў Беларусі не разваліўся.

Беларусы, гледзячы на тое, што адбываецца ва Ўкраіне, лічаць сябе значна больш шчасьлівымі і задаволенымі. Я глядзеў апытаньне, якое мы зрабілі ў Кіеве і Менску, дзе мы пыталіся, які б досьвед яны хацелі пераняць для сябе. І амаль усе людзі ў Кіеве казалі, што яны б хацелі ўзяць беларускія стабільнасьць і парадак. А некаторыя нават прапаноўвалі, каб Аляксандар Лукашэнка па сумяшчальніцтве пабыў некалькі гадоў і прэзыдэнтам Украіны. Гэта можа гучаць як жарт, але гэта паказвае, што Беларусь і для ўкраінцаў, і для беларусаў выглядае гэткім аазісам стабільнасьці і адноснага эканамічнага дабрабыту«.

Глод: Прэзыдэнт Украіны казаў, што ён удзячны Яцанюку за эўрапейскае вырашэньне крызісу. Для мяне ў гэтым кантэксьце надзвычай важнае слова — «эўрапейскае». Чаму? Калі Валер Каліноўскі кажа, што ў Беларусі ўрад не крытыкуюць і не зьмяняюць, то гэта будзе праўдай, пры ўмове, што мы вымяраем сытуацыю на эўрапейскі ўзор. Бо па беларускіх мерках урад крытыкуюць, і даволі часта. Але робіць гэта адзін чалавек — Аляксандар Лукашэнка. Тут можна прыводзіць шмат прыкладаў, калі ён пагражаў ня толькі асобным міністрам альбо віцэ-прэм’ерам, але і прэм’ерам. Дастаткова, я думаю, згадаць сытуацыю з тым жа Мясьніковічам.

Крытыка скіраваная на адно — цар добры, а вось баяры яго дрэнныя.

Але якая гэта крытыка — агулам, чохам. І, што важна, без аналізу памылак — рэальных або надуманых — ураду. Крытыка такая зубадрабільная, каб гучала моцна, выразна, каб людзі ўвечары ля тэлевізара маглі сказаць: «Во як ён ім дае». Карацей, на мой погляд, гэтая крытыка скіраваная на адно — цар добры, а вось баяры яго дрэнныя. Такі імідж для Лукашэнкі выгадны, і ён з году ў год яго прытрымліваецца. Зразумела, зь нейкімі нюансамі ў залежнасьці ад канкрэтнай сытуацыі.

Цяпер пра зьмену ўраду. Зноў жа, у цывілізаваным разуменьні гэтага тэрміну, калі кіраваць краінай пачынае новая каманда, зьмены ўраду ў Беларусі сапраўды няма. Мяняюць прэм’ераў. За той час, што пры ўладзе Лукашэнка, зьмянілася аж 7 кіраўнікоў ураду. Гэта — Чыгір, Лінг, Ярмошын, Навіцкі, Сідорскі, Мясьніковіч, Кабякоў. Пра кожнага зь іх паасобку, пра іх здольнасьці можна казаць доўга, разьбірацца, за што быў звольнены той ці іншы прэм’ер. Але ёсьць тут і агульнае. І гэтае агульнае прапісанае ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На выпадак, калі з прэзыдэнтам нешта здарыцца, яго паўнамоцтвы пераходзяць да старшыні Савету Міністраў.

Зразумела, што Лукашэнка гэта цудоўна ведае і памятае. Таму яму і нявыгадна, каб у краіне быў моцны прэм’ер. Каб людзі не пыталіся: а хто можа замяніць Лукашэнку?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG