Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч як духоўны лідэр нацыі


Ці возьме Сьвятлана Алексіевіч сьцяг у рукі? Хто стане беларускім Вацлавам Гаўлам?

Глод: Першы публічны выступ у Беларусі нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, які Свабода цалкам трансьлявала, адбыўся 14 красавіка ў малой залі Палаца Рэспублікі. Тут прайшла прэзэнтацыя кнігі «Алексіевіч на Свабодзе».

Заля, у якой усяго 13 радоў, была поўная. Нобэлеўскую ляўрэатку сустрэлі стоячы, аплядысмэнтамі.

Я сядзеў у залі, слухаў пісьменьніцу і адчуваў атмасфэру сустрэчы. Яна была незвычайна пазытыўная. Нават цяжка сказаць, калі нешта падобнае было апошнім разам. Такой, так бы мовіць, ін’екцыі пазытыву, добрага настрою я ўжо даўно не адчуваў.

У Беларусі ўлада сама па сабе, грамадзтва, найперш яго інтэлектуальная эліта, само па сабе.

Мяне цікавіла: ці будуць у залі камэры дзяржаўных тэлеканалаў? Не было. І гэта, бадай, адзінае, што сапсавала атмасфэру сустрэчы з Алексіевіч. Усё ж было нейкае, хоць і невялічкае, спадзяваньне, што ўлады зразумеюць, якая гэта ПАДЗЕЯ, зразумеюць яе грамадзкае значэньне. Не, зноў пацьвердзілася — у Беларусі ўлада сама па сабе, грамадзтва, найперш яго інтэлектуальная эліта, само па сабе.

І зноў пацьвердзілася вядомая ісьціна — каму служаць дзяржаўныя мэдыі. Згадваю, які быў ажыятаж дзяржаўных тэлеканалаў з нагоды прыезду ў Менск прапагандыста «русского мира» Кісялёва, альбо як ахвотна даюць час на дзяржаўных каналах заежджым расейскім пісьменьнікам, для якіх Расея пуп Зямлі, а ўсё іншае — гэта так сабе.

Але хопіць пра нэгатыў. Пасьля вечарыны я абмяняўся думкамі зь некалькімі калегамі, якія таксама былі ў залі. Галоўнае ўражаньне аднолькавае — якая яна таленавітая і разумная, Сьвятлана Алексіевіч! Як годна яна трымалася, як узважана і цікава адказвала на пытаньні.

Фактычна, кожны фрагмэнт яе размовы можна аналізаваць, абдумваць, як кажуць, прапускаць празь сябе. Але я хачу спыніцца толькі на адным кавалачку — пра лідэра нацыі. Вось што дакладна сказала ляўрэатка Нобэля:

«Нас затрымалі ў часе, вядома. Калі мы вучылі марксізм-ленінізм, лічылася, маса — галоўная дзеючая асоба ў гісторыі. Мы з вамі сьведкі, што маса, увогуле, няшмат можа. Гэта для мяне галоўнае постсавецкае адкрыцьцё. Масе нехта адлівае форму. Можна сказаць, будзь у нас Вацлаў Гавэл або на гэтым месцы Адамовіч — лічу, гэта наш быў бы Вацлаў Гавэл, у яго быў эўрапейскі погляд на сьвет, гэтую эўрапейскасьць я толькі ў ім і бачыла — і вось калі б гэты чалавек быў на чале, то гэта было б іншае грамадзтва. І за гэтыя 20 гадоў мы б праклалі іншы шлях».

Дык вось, калегі, маё пытаньне да вас: што новага, на ваш погляд, дадаў да іміджу Сьвятланы Алексіевіч яе ўчорашні выступ, ці можа яна стаць беларускім Вацлавам Гаўлам, духоўным лідэрам нацыі?

Каліноўскі: Хацеў бы найперш сказаць некалькі слоў пра тое, як мае знаёмыя — прадстаўнікі амбасадаў, журналісты дзяржаўных СМІ, пісьменьнікі — успрынялі ўчарашнюю імпрэзу. Людзі былі ўзрушаныя, захопленыя, перадавалі літаральна тысячу падзякаў, казалі пра шчырыя рэчы, якія яны пачулі з вуснаў пісьменьніцы — нобэлеўскай ляўрэаткі. «Гэта было штосьці неверагоднае», — напісала мне адна даўняя знаёмая. Сапраўды, беларусы засумавалі па шчырых размовах, па аўтарытэтным слове чалавека, якому яны давяраюць.

Беларусы засумавалі па шчырых размовах, па аўтарытэтным слове чалавека, якому яны давяраюць.

Таму ў гэтым сэнсе Сьвятлана Алексіевіч можа прэтэндаваць на тытул сумленьня нацыі, духоўнага лідэра ці які іншы. Іншае пытаньне, ці яна хоча гэтага.

Зь яе выступаў я зразумеў, што ніякай зорнай хваробы яна ня мае. Я адэкватны чалавек, каб не хадзіць з настроем, якая я вялікая, сказала ўчора Алексіевіч. Нобэлеўская прэмія ня надта зьмяніла яе. Але ў краіне, якая жыве ў атмасфэры штучных аўтарытэтаў у задушлівым афіцыёзе і альтэрнатывай на маргінэсе, на задворках, чалавек, які гатовы жыць і гаварыць не па ілжы і якому за гэта нічога ня будзе, — ён сапраўды можа стаць, я б сказаў, не духоўным, а інтэлектуальным лідэрам.

І яна памалу ідзе ў гэтым кірунку, абжываецца ў сваім новым статусе. Алексіевіч, у прыватнасьці, сказала, што не гатовая заклікаць беларусаў на Плошчу, але рада стаць ганаровым старшынёй аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху».

Максімюк: Мне здаецца, што, гаворачы пра лідэрства ў грамадзтве, мы непазьбежна блытаем дзьве рэчы — лідэрства інтэлектуальнае і лідэрства палітычнае. Мы б хацелі, каб інтэлектуальны ці духоўны лідэр нацыі пакрысе станавіўся б і лідэрам палітычным. Каб ён выказваў палітычныя думкі, каб паказваў на шляхі вырашэньня палітычных, эканамічных, грамадзкіх праблемаў. Я думаю, гэта не заўсёды ідзе ў пары. Згаданы ўжо Вацлаў Гавэл — гэта прыклад духоўнага, інтэлектуальнага лідэра чэскай нацыі. І разам з тым гэта прыклад лідэра, які не апраўдаў сябе як палітык, стаўшы прэзыдэнтам Чэхіі.

Не заўсёды чалавеку, які гаворыць высокаінтэлектуальныя, разумныя рэчы, удаецца паяднаць з гэтым і палітычную актыўнасьць.

Не заўсёды чалавеку, які гаворыць высокаінтэлектуальныя, разумныя рэчы, удаецца паяднаць з гэтым і палітычную актыўнасьць. Я думаю, падобная сытуацыя ў нас і са Сьвятланай Алексіевіч. Статус нобэлеўскай ляўрэаткі даў ёй тое, што цяпер яе могуць пачуць значна больш людзей, чым да Нобэля.

І няважна, што яе няма ў афіцыйных беларускіх сродках масавай інфармацыі. Цяпер усё, што яна гаворыць (і не абавязкова ў Менску), робіцца цікавым. Людзі прыслухоўваюцца: а што кажа Алексіевіч на тую ці іншую тэму? Чакалі б ад яе таксама, каб яна ўзяла ў рукі нейкі больш-менш палітычны сьцяг, каб паказала дарогу, што трэба рабіць у цяперашняй сытуацыі. Бо ня можа ж быць лідэрам нацыі чалавек, які кажа, што я за цывілізаваным сьветам сваю краіну не павяду.

Я думаю, палітычным лідэрам Алексіевіч ня стане. А інтэлектуальным лідэрам яна ўжо была некалькі гадоў. А цяпер яе чуе значна больш людзей, чым раней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG