Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатарам сустрэчы зь Лябедзькам у Воршы адмовілі ў памяшканьні


Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька прыехаў у Воршу, каб распавесьці жыхарам пра мэты правацэнтрысцкай кааліцыі. Сустрэцца з аршанцамі мелі намер і прадстаўнікі аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя (БХД). Аднак гатэль «Орша» напярэдадні абвясьціў, што адмаўляе ў арэндзе канфэрэнц-залі, нягледзячы на папярэднюю дамоўленасьць.

Афіцыйная прычына адмовы — турнір па шахматах, пра які ў гатэлі раней нібыта ня ведалі. Таму сустрэчу з гараджанамі давялося праводзіць на іншай пляцоўцы.

Найперш Анатоль Лябедзька са сваімі паплечнікамі ўсклаў кветкі да помніка Ўладзімеру Караткевічу. Потым, разам з прадстаўнікамі мясцовых дэмакратычных сілаў скіраваўся на гарадзкі кірмаш.

Разам са спадаром Лябедзькам з аршанскімі прадпрымальнікамі сустракалася і віцебская лідэрка прадпрымальніцкага руху Ірына Яскевіч, старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам».

На кірмашы Ірыну адразу пазнавалі: яна вядомая ў вобласьці актывістка, якая змагалася за адмену прэзыдэнцкага ўказу № 222. Прадпрымальнікі скардзіліся ёй на цяжкасьці працы ва ўмовах, калі прадпрымальнікі гандлююць на свой страх і рызыку, не маючы магчымасьці займець дакумэнты, якія неабходныя паводле гэтага ўказу. А з Анатолем Лябедзькам людзі размаўлялі пераважна пра палітыку.

Меркаваньні аршанцаў у гэтым сэнсе найчасьцей пэсымістычныя: яны мала вераць у перамены да лепшага, што тычыцца як палітыкі дзяржаўнага кіраваньня, так і эканомікі. Таксама прадпрымальнікі раілі палітыку аб’ядноўвацца з іншымі палітычнымі структурамі напярэдадні будучых выбараў.

Сустрэчу з жыхарамі Воршы давялося праводзіць у невялікім офісе АГП. Анатоль Лябедзька і прадстаўнікі аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Дзяніс Садоўскі і Вольга Кавалькова распавялі прысутным, што правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзіць АГП, БХД і рух «За Свабоду», мае намер вылучыць на выбары ў Палату прадстаўнікоў кандыдатаў у 93 акругі са 110-ці. Кожны з удзельнікаў кааліцыі вылучае па траціне кандыдатаў.

Паводле палітыкаў, 93 кандыдаты абраныя не таму, што ў правацэнтрысцкай кааліцыі няма сілаў закрыць усе 110 акругаў. У 17 акругаў яна наўмысна ня будзе вылучаць сваіх кандыдатаў, бо па гэтых акругах будуць ісьці моцныя кандыдаты ад саюзных кааліцыі структураў.

Анатоль Лябедзька выступае ў аршанскім офісе АГП. Зьлева Дзяніс Садоўскі.

Анатоль Лябедзька выступае ў аршанскім офісе АГП. Зьлева Дзяніс Садоўскі.

XS
SM
MD
LG