Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глава Дзяржкантролю: на эмоцыях я б мог зараз палову складу міністэрства ЖКГ арыштаваць


Камітэт дзяржаўнага кантролю завяршыў праверку сыстэмы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Пра гэта заявіў кіраўнік ведамства Леанід Анфімаў, паведамляе тэлеканал АНТ.

Хто стане фігурантам новых крымінальных спраў, стане вядома пасьля таго, як КДК падрыхтуе выніковы дакумэнт.

«На эмоцыях я б мог зараз палову складу міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі арыштаваць, але якую рэакцыю гэта выкліча ў грамадзтве? Я думаю, што неадназначную, можа быць, нават рэзка адмоўную пасля таго, як ўсё супакоілася і з тарыфамі на жыльлёва-камунальную гаспадарку, і людзі бачылі жыроўкі. Яны даюць рэальнае ўяўленьне аб тым, колькі трэба плаціць, за што плаціць, на што, уласна, і нацэльвае кіраўнік дзяржавы Камітэт дзяржаўнага кантролю і адпаведныя структуры, урад, калі даваў даручэньне распрацаваць зразумелую і празрыстую сыстэму аплаты за паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі», — заявіў старшыня КДК.

Паводле слоў Анфімава, гэты вынік быў дасягнуты.

«Хапаць сёньня ўсіх запар, я думаю, гэта не зусім правільна будзе. Вось калі будзе акт праверкі, тады мы ўбачым, хто канкрэтна вінаваты і ў чым, тады адбудзецца тое, пра што я казаў», — падкрэсліў ён.

Аляксандар Лукашэнка 22 лютага выказаў абурэньне сытуацыяй з тарыфамі на жыльлёва-камунальныя паслугі. Падчас прэзыдэнцкай нарады ён даў загад «надзець кайданкі» на вінаватых і публічна пасадзіць «дзясятак-другі чалавек».

Праз два дні было заяўлена, што Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю распачаў 13 крымінальных спраў у дачыненьні да службовых асобаў прадпрыемстваў ЖКГ. Крымінальныя справы ўзбуджаныя ў кожнай з абласьцей і ў Менску паводле артыкулу «Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG