Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксёндз Ігар Лашук: «Я ня вораг расейскай мовы, але ня бачу сэнсу яе прысутнасьці ў Беларусі»


Ігар Лашук. Асьвячэньне страў перад Вялікаднем

Ігар Лашук. Асьвячэньне страў перад Вялікаднем

«Мая першая Імша была ў маёй роднай парафіі, у Ішкальдзі. Прамову казаў айцец Аляксандр Надсан, натуральна, па-беларуску. Былі на гэтай Імшы таксама Зянон Пазьняк, Данута Бічэль і іншыя асобы...» — «сьвятар-адраджэнец» і «сьвятар-будаўнік» Ігар Лашук распавёў Радыё Свабода, як савецкае КДБ шантажавала маладога католіка і параўнаў руйнаваньне беларускіх цэркваў і палацаў з дзеяньнямі ІГІЛ.

У 2006 годзе беларуская грамадзкасьць ушанавала Ігара Лашука мэдалём Вінцука Гадлеўскага «За беларускасьць у набажэнстве», а залаты юбілей сьвятар адзначыў аднаўленьнем старажытнай капліцы.

КДБ схіляла да супрацоўніцтва і пагражала адправіць на ліквідацыю аварыі ў Чарнобылі

Шлях у сьвятарства Ігар Лашук распачаў памочнікам у Нясвіжскім фарным касцёле ў канцы 80-гадоў. Да таго часу за плячыма была служба ў савецкім войску і некалькі курсаў Гарадзенскага сельскагаспадарчага інстытуту. У Рыжскую духоўную сэмінарыю паступіў з другой спробы — першы раз навучаньню перашкодзіла савецкае КДБ, узгадвае Ігар Лашук:

«Я працаваў ціха і спакойна, але, як толькі напісаў заяву ў сэмінарыю, адразу да мяне зьявілася цікавасьць у „таварышаў“ — выклікалі мяне ў ваенкамат у Нясьвіж „паразмаўляць“. І колькі ж мне абяцаньняў і наказаў было: і што я павінны пільна сачыць, асабліва за замежнікамі ў касьцёле, бо нашае месца турыстычнае і, маўляў, могуць бомбу прынесьці. І, што за настаяцелем касьцёла Каласоўскім мушу таксама сачыць, бо ён „з замежнікамі вельмі добра супрацоўнічае“. Я, натуральна, прыйшоў і ксяндзу ўсё гэта распавёў — мы з усяго пасьмяяліся разам.

Гэткія сустрэчы доўжыліся некаторы час і размовы станавіліся ўсё больш настойлівыя і агрэсыўныя. Патрабавалі падпісаць паперу так званай ляяльнасьці, што калі ня буду супрацоўнічаць, то нічога ня буду чыніць супраць савецкага саюзу. Пагражалі: маўляў, такіх як ты вывозілі ў лес да сасны і там яны заставаліся. Гэта быў 1986 год — аварыя ў Чарнобылі — і казалі: зараз возьмем у войска на тры месяцы на ліквідацыю аварыі, на самы „купал“ пасадзім. Гэтак, пакінуць перада мной чысты аркуш і сыходзяць хвілін на 15, маўляў, падумай. А мне ў вушах словы ксяндза стаяць: „падпішаш — сабе прыгавор падпішаш“. І я малюся: „Ойча наш“, дай сілы вытрываць. Кажу — пляваць я хацеў — садзіце, вязіце куды хочаце.

У выніку ў сэмінарыю я не паступіў, бо тых „суразмоваў“ не прайшоў. Тады я паехаў у сэмінарыю і паступіў таемна, вучыўся завочна і гэтак здаў іспыты за першы курс. А пазьней ужо ў 1988 годзе паступіў свабодна і адразу на другі курс Рыжскай духоўнай сэмінарыі. Дарэчы, я быў першым студэнтаў гэтай сэмінарыі, зь якім сустрэўся папа Рымскі Ян Павал ІІ. Пазьней нават разам зь ім маліўся ў ягонай асабістай капліцы ў Ватыкане».

З ксяндзом-кардыналам Казімірам Сьвёнткам

З ксяндзом-кардыналам Казімірам Сьвёнткам

Я ня вораг расейскай мовы, але ня бачу сэнсу яе прысутнасьці ў Беларусі

Духоўную сэмінарыю і магістратуру Ігар Лашук закончыў ужо ў Польшчы. А стаўшы сьвятаром, працягнуў навучаньне ў Італіі, Ангельшчыне. Гэтак мусіў вывучыць акрамя польскай яшчэ італьянскую, ангельскую мовы, а каб напісаць навуковыя працы, то навучыўся чытаць таксама па-грэцку і па-габрэйску. Па-беларуску сьвятар выдаў «Кароткі Катэхізм для беларусаў-католікаў» у 1990 годзе — першы пасьля другой усясьветнай вайны. Зь беларускай мовай зьвязаныя і ягоныя ўзгадкі пра першыя гады сьвятарства:

«Мая першая Імша была ў маёй роднай парафіі, у Ішкальдзі. Прамову казаў айцец Аляксандр Надсан, натуральна, па-беларуску. Былі на гэтай Імшы таксама Зянон Пазьняк, Данута Бічэль і іншыя асобы... Але мая першая парафія, дзе я служыў ад 1993 году, была ў Лідзе. На гэты час прыйшліся першыя прэзыдэнцкія выбары і мяне неўзабаве зьвінавацілі ў палітычнай дзейнасьці, хоць гэта была абсалютная няпраўда. У Лідзе найбольшую колькасьць галасоў тады набраў Зянон Пазьняк, але ж у чым тут мая віна была?

Гэта быў час сапраўднага духоўнага адраджэньня: усё было па-беларуску — і школы па-беларуску, і дзеці па-беларуску, і людзі паўсюль па-беларуску, і вывескі ў горадзе, і паперы — жылі, як у казцы. І гэта быў натуральны пераход на беларускую мову, пра які прымус і гвалт адносна выкарыстаньня беларускай мовы спрабавалі і спрабуюць казаць? Увогуле Ліда — гэта было цудоўнае беларускае месца: нават бел-чырвона-белы сьцяг над гарвыканкаммам вісеў аж да тае пары, пакуль закон аб зьмененай дзяржаўнай сымболіцы не набыў юрыдычную моц, хоць на той час рэфэрэндум даўно прамінуў.

Зараз я працую ў весцы Багданава ў Валожынскім раёне і там таксама ўсе размаўляюць па-беларуску. Там іншая, не савецкая — нармальная Беларусь. І размаўляюць на прыгожай беларускай мове — і ў касьцёле, і ў вёсцы. Я ня вораг расейскай мовы, але ня бачу сэнсу яе прысутнасьці тут, у Беларусі. І ўсё добра будзе зь беларускай мовай, не зважаючы нават на тое, як вынішчалі апошнімі гадамі. У сувязі зь міжнароднымі падзеямі людзі больш задумаліся і пра мову, і пра нацыянальнасьць і ў гэтым кірунку разьвіцьцё будзе доўжыцца і надалей».

ксёндз Ігар Лашук з вясковымі дзецьмі

ксёндз Ігар Лашук з вясковымі дзецьмі

Мы кажам пра ІГІЛ, а колькі ў нас зруйнавана касьцёлаў і цэркваў

Яшчэ да студэнцтва ў сэмінарыі Ігар Лашук арганізаваў парафію ў Новым Сьвержні каля Стоўбцаў і дапамог вернікам забраць у дзяржавы мясцовы касьцёл Святых Пятра і Паўла. У пасёлку Сноў каля Нясвіжу дамогся вяртаньня ня толькі касьцёла, але яшчэ і царквы. Стаўшы сьветаром, заснаваў парафію ў Лідзе і Менску, а таксама распачаў будаўніцтва касьцёлаў. Ксёндз Ігар кажа, што размаўляць з чыноўнікамі ў справе духоўнага адраджэньня напачатку 90-х было шмат лягчэй, чым гэта адбываецца зараз:

«Тады мы працавалі з пачуцьцём, што, нібыта, адкрыліся дзьверы са сьвежым паветрам. Людзі абтрэсьлі з сябе страх — касьцёлы былі поўныя. Чыноўнікі тады былі напалоханыя і вельмі разгубленыя — яны ня ведалі што рабіць, і аддавалі ўсё, што можна, іх лягчэй было і перамагаць. А зараз працаваць шмат цяжэй: калі сёньня чыноўнік скажа „так“ зь першага разу, што ўсё дазволена, то гэта азначала бы, што адбыўся нейкі цуд. Зараз такіх чыноўнікаў па-просту не існуе.

Я распачаў аднаўляць капліцу ў вёсцы Прасьці — на сваёй радзіме — яшчэ ў 2008 годзе і за ўласныя сродкі. Як уведалі пра гэта чыноўнікі вышэйшыя ўлады..... Як гэта Лашук асьмеліўся бяз іхняха дазволу аднаўляць капліцу???!! Галоўнае злачынства што — без дазволу! Я на такое адказваю: пакажыце мне хоць адзін дазвол ад дзяржавы, што нейкаму сельсавету ці райвыканкаму дазволена занядбаць і разваліць капліцу! Дзе дазвол разваліць? Сёньня мы шмат чуем пра ІГІЛ — ісламскую дзяржаву, якая руйнуе помнікі ЮНЭСКА ... А паглядзіце колькі ў нас зруйна касьцёлаў і цэркваў, і сёньня іх не аддаюць вернікам, і сёньня працягваюць руйнаваць. У якіх руінах стаяць сядзібы, замкі, капцы, палацы і паркі... Гэта горш, чым ІГІЛ — тут сваю, беларускую культуру руйнуюць. Лепш дапамаглі б, замест таго, каб замінаць.

Капліца ў вёсцы Прасьці да таго, пакуль яе распачаў аднаўляць ксёндз Ігар

Капліца ў вёсцы Прасьці да таго, пакуль яе распачаў аднаўляць ксёндз Ігар

Альбо, дазволы на будаўніцтва. Паводле статуту, мы маем права прасіць зямлю на будаўніцтва, значыць маем права і атрымаць гэтую зямлю. Такога ж пункту няма, што дзяржава мае права ня даць. А нам кажуць: ня маеце права атрымаць зямлю, бо нейкі недзе касьцёл яшчэ не дабудаваны. Альбо — назавіце інвэстара, тэрміны і гэтак далей... Народ — інвэстар, ён і тэрміны пазначае — гэта ж не з дзяржаўнага бюджэту сродкі на будаўніцтва палацаў, каб тэрміны плянаваць. Так, мы мусім дзейнічаць паводле нашых статутаў, але тады няхай і чыноўнікі дзейнічаюць паводле дзейных законаў і статутаў. Чыноўнікі, давайце не выдумляць свае „паняткі“, а выконваць законы!»

Такі выгляд мае цяпер былая паўразбураная капліца

Такі выгляд мае цяпер былая паўразбураная капліца

Крыжы сьпілоўвалі, а за малітву давалі штраф

У Менску ксёндз Ігар Лашук быў пробашчам адразу трох парафій: у мікрараёне Серабранка, а таксама ў Бараўлянах і Раўбічах пад Менскам. У Серабранцы сьвятар пабудаваў капліцу і Моладзевы цэнтр, а таксама распачаў узьвядзеньне касьцёла — першага ў Менску пасьля перапынку тэрмінам у сто гадоў. Пад менскам падзеі разгортваліся болш драматычна, кажа ксёндз Ігар.

«У Раўбічах ёсьць даўні касьцёл, дзе зараз месьціцца этнагарафічны музэй, і за яго мы змагаемся ад 1994 году. Усялякага было: аднойчы мы маліліся на мясцовых могілках у сваё парафіяльнае сьвята. То міліцыі і амапаўцаў там было больш, чым парафіянаў. А ў выніку мяне зьвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванагам мітынгу і аштрафавалі. Магчыма, мы і вярнулі бы нашу сьвятыню, але адначасна з аналягічнай просьбай да ўладаў зьвярнуўся і праваслаўны прыход, заяву якога падпісаў колішні мітрапаліт Філярэт. Бо пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага царскія ўлады перадалі касьцёл праваслаўным і ў ім некаторы час месьцілася царква. У выніку гэты касьцёл па-ранейшаму належыць дзяржаве. Таму мы мусілі ў Раўбічах збудаваць капліцу і Парафіяльны цэнтр.

У Бараўлянах таксама была гісторыя: на месцы будаўніцтва касьцёла нам сьпілавалі крыж. Хто гэта зрабіў і навошта невядома і па сёньня. Гэты крыж і зараз стаіць пры капліцы, якую я пабудаваў пазьней. Там жа ў Бараўлянах я будаваў і Моладзевы цэнтр. А зараз я рамантую касьцёл у Багданаве, дзе служу, і будую там плябанію — дом сьвятара. Маем пляны на будаўніцтва касьцёла ў менскім мікрараёне „Дружба“, дзе я таксама ёсьць парафіяльным пробашчам. Ну і зараз аднаўляю капліцу, пра якую ўжо казаў, — на маёй радзіме, у вёсцы Прасьці каля Нясьвіжу».

Пасьля ня скажаце, што «былі на службе» ў дзяржавы... Перад Богам гэта на сто адсоткаў «не пракаціць»

Напярэдадні свайго 50-годзьдзя ксёндз Ігар Лашук атрымаў дыплём выпускніка журналісцкага факультэту БДУ і зараз сьвятар — спэцыяліст па камунікацыі ў галіне грамадзкіх сувязяў.

Ксёндз Ігар падчас здачы іспыту на факультэце журналістыкі БДУ

Ксёндз Ігар падчас здачы іспыту на факультэце журналістыкі БДУ

дыплём выпускніка

дыплём выпускніка

Кажа, што быў найстарэйшым студэнтам БДУ і найстарэйшым сьвятаром, які вучыўся. Гады службы ксяндзом-будаўніком і адраджэнцам, а таксама шматгадовая праца зь людзьмі назапасілі айцу Ігару багата жыцьцёвага досьвету, каб падзяліцца зь іншымі:

«Служыць шмат лягчэй людзям вясковым — яны прасьцейшыя, адкрытыя і шчырыя. Чым далей чалавек ад прыроды і бліжэй да цывілізацыі — тым больш ён сапсаваны. Зь людзьмі працаваць заўсёды цяжка: у кожны пэрыяд гэтыя цяжкасьці зьмяняюцца, але і застаюцца. На адсоткаў восемдзесят людзі ставяцца да веры фармальна. Але дзеля справядлівасьці сказаць — дзеці ходзяць у касьцёлы і ніхто гэтага не баіцца і не саромеецца — для іх гэта натуральная частка жыцьця.

Ксёндз Ігар з мамай і яе суседкай у бацькоўскай хаце

Ксёндз Ігар з мамай і яе суседкай у бацькоўскай хаце

У людзей дарослых ёсьць такое распаўсюджанае меркаваньне, што, маўляў, каб быць веруючым, то не абавязкова хадзіць у касьцёл, можна верыць у душы. Я на гэта адказваю словамі самога Хрыста: „Хто прымае маё цела, той мае жыцьцё вечнае, хто не прымае — той ня мае“. Нельга прыняць цела Хрыста, седзячы дома на канапе пры тэлевізары, трэба дайсьці да храма. Гэта вельмі важна яднацца з Хрыстом, бо ў жыцьці больш нічога іншага можа і не застацца. Як мне адзін дзедусь, пражыўшы доўгае жыцьцё, казаў: хадзіў у касьцёл і рабіў дабро людзям — і больш нічога не ўзгадаў — гэта галоўная для яго спадчына і вынік жыцьця.

Шануйце, людзі, адно аднаго, бо пазьней і захацелі бы ўшанаваць, але ня будзе каго. Такое маё пасланьне і чыноўнікам: шануйце людзей і старайцеся дзеля іх працаваць, а не псаваць ім жыцьцё. Бо пасьля ўсё роўна адкажаце... Пасьля ня скажаце, што „былі на службе“ ў дзяржавы, у кіраўніка ці яшчэ ў каго іншага. Перад Богам гэта на сто адсоткаў „не пракаціць“».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG