Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 беларускіх брэндаў дзіцячага адзеньня


Наша сталая аўтарка маладая мама Аляксандра Сержановіч склала сьпіс айчынных брэндаў дзіцячага адзеньня, у якім не сорамна пайсьці хоць гуляць у чвырніцы, хоць у госьці, хоць на фэст.

Не буду хітраваць: яшчэ нядаўна я, як і многія іншыя бацькі, думала, што немагчыма апрануць дзяцей у беларускае адзеньне і застацца задаволенай яго выглядам і якасьцю. Усё таму, што прывыкла купляць вопратку замежных вытворцаў і сваімі зусім не цікавілася.

SardinaВaby

Ідэальная крама для бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці выглядалі стылёва і не як усе. Яркія колеры, нестандартныя фасоны, нязвыклы падыход да звычайных рэчаў — па ўсё гэта вам на sardinaba.by. Адзін толькі каўнер у выглядзе лісы чаго каштуе ці спадніца, якую можна насіць у двух варыянтах, пераварочваючы пад настрой. Да апісаньня рэчаў вытворцы таксама падышлі крэатыўна: тут можна знайсьці спэцадзеньне лаўца яшчарак, пірацкія порткі ці байку з хвастом. Такі падыход дакладна дзецям спадабаецца.

Nasha.by

Прадпрыемства «Інгузстыль», больш вядомае як крама nasha.by, ужо больш за 7 гадоў шые адзеньне для жанчын і дзяўчынак. У дзіцячым разьдзеле можна знайсьці практычнае адзеньне на кожны дзень, зусім не змрочную школьную форму, а таксама стылёвае сьвяточнае адзеньне. Ужывую зірнуць на строі ад nasha.by можна ва ўсіх буйных унівэрсальных крамах сталіцы, а таксама на сайце (без пазначэньня сеткі памераў і коштаў на тавары).

«Маруся»

Брэнд «Маруся» прапаноўвае беларускае адзеньне, распрацаванае італьянскімі дызайнэрамі. Вытворца робіць стаўку на натуральныя тканіны — бавоўну, лён, віскозу, воўну. Асартымэнт уражвае разнастайнасьцю: ёсьць адзеньне для дзяўчынак і хлопчыкаў ад нованароджаных да падлеткаў, на кожны дзень і на ўрачысты выхад, а таксама адзеньне Familylook (аднолькавае для мамы і дачкі). Ёсьць усё — ад куртак да майткоў. Прадаецца адзеньне як у традыцыйных крамах, так і праз інтэрнэт.

«Бельбімба»

Кампанія «Бельбімба» прапануе адзеньне для дзетак з народзінаў і да 14 гадоў. Гэта адзіны брэнд у сёньняшнім топе, які выпускае адзеньне нават для нованароджаных, у тым ліку для неданошаных дзетак. У асартымэнце простыя і зручныя для малых паўзункі, шапачкі і бодзікі з арганічнай бавоўны.

Калекцыі для старэйшых дзетак пабудаваныя па прынцыпе TotalLook, то бок можна апрануць дзіця з ног да галавы, і рэчы будуць пасаваць адна да адной. Калекцый на сайце багата, ёсьць з чаго выбраць. Варта адзначыць, што тут дастаткова варыянтаў для хлопчыкаў, што сустракаецца не так і часта.

Lemur

Фірма «Надзея» з Брэсту, якая існуе больш за 70 гадоў, не так даўно вырашыла накіраваць усе намаганьні на стварэньне дзіцячага адзеньня. У выніку нарадзіўся брэнд Lemur. Вытворца дзеліць сваё адзеньне на 3 стылі: casual, glamour і school. Тут, як і ў многіх вытворцаў, перавага аддаецца адзеньню для дзяўчынак. Можна знайсьці і сьвяточныя сукенкі а-ля прынцэса, і строгія школьныя камплекты, і легкадумныя летнія сукенкі. Для хлопчыкаў ёсьць толькі пара цішотак і джэмпэраў.

«Аранжавы вярблюд»

«Аранжавы вярблюд» — гэта якраз той самы выпадак, калі ўсе начутыя пра брэнд, але не ведаюць, што ён беларускі. Прынамсі, так атрымалася ў мяне і некалькіх маіх сяброў. Вы дакладна бачылі крамы гэтай фірмы ў горадзе, і, магчыма, нават нешта куплялі ў іх. Не ўсё, што прадаецца ў гэтых крамах, зроблена ў Беларусі. «Аранжавы вярблюд» прадае шэраг эўрапейскіх брэндаў, але ёсьць у іх і свае сэзонныя калекцыі. Кампанія заяўляе, што кіруецца моднымі тэндэнцыямі і стварае адзеньне любых стыляў: ад гранжа да дзелавога. Стылю гранж у каталозе я не адшукала, але адзеньне з большага прыстойнае.

«Панда»

Прадпрыемства «Панда» шые жаночае і дзіцячае адзеньне. Тут можна знайсьці строгія касьцюмы для школы, спартовае адзеньне і строі для ўрачыстых мерапрыемстваў для дзяўчынак і хлопчыкаў ростам ад 98 да 164 сантымэтраў. У такую краму можна ісьці па школьную форму: прывабна глядзяцца спадніцы ў клетку ў стылі кілтаў, ёсьць прыемныя сарафаны і пінжакі. Але яркія колеры і адзеньне на кожны дзень лепш шукаць у іншым месцы.

Elen Ermo

Дызайнэрскія рэчы для дзетак можна набыць і ў брэнда Elen Ermo, які належыць вядомаму беларускаму дызайнэру Алене Ермаленка. Дызайнэр прапаноўвае тры дзіцячыя калекцыі: «Лета ў гарошак», «Французскія сны» і «La Fleur». Нестандартныя рэчы вы тут знойдзеце ў вялікай колькасьці. Яны прыдатныя для сьмелых бацькоў і іх сьмелых дзетак. Простага і непрыкметнага тут шукаць не варта.

«Буба»

Стылёвыя рэчы для дзетак да 3-х гадоў выпускаюцца пад брэндам «Буба». Тут не будзе стандартнага дзяленьня на ружовае і блакітнае, на машынкі і лялькі, затое тут ёсьць максымальна простае і зручнае адзеньне на кожны дзень. Такое адзеньне, якое шыюць мамы для сваіх любімых дзетак. «Буба» выкарыстоўвае натуральныя тканіны і прыемныя фасоны. Гэта не масавая вытворчасьць, таму можаце быць упэўнены, што не сустрэнеце яшчэ адно дзіця ў такім жа адзеньні, як у вашага. Не так даўно «Буба» адкрыла крамку KidsKnits з цёплымі вязанымі рэчамі для дзетак. Тут можна замовіць і адзеньне Familylook.

Аляксандра Сержановіч для Радыё Свабода

У матэрыяле выкарыстаны фота з сайтаў sardiaba.by, nasha.by, shop.marusya.by, bellbimbo.by, lemur.by, shop.orangecamel.by, panda.by, elenermo.com, /vk.com/booba_for_kids.

XS
SM
MD
LG