Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два моцныя землятрусы ў Японіі: дзясяткі загінулых, сотні параненых


Колькасьць загінулых у выніку двух землятрусаў у Японіі на дадзены момант складае 27 чалавек, некалькі сотняў атрымалі розныя траўмы.

Пра гэта паведамляе BBC.

Першы землятрус магнітудай 6,5 адбыўся ў чацьвер. Тады загінулі дзевяць чалавек. Другі землятрус адбыўся ў ноч на суботу. Яго магнітуда склала 7,3 бала, ачаг знаходзіўся на глыбіні 10 кілямэтраў.

Улады прэфэктуры Кумамота на востраве Кюсю, дзе найбольш моцна адчуваліся штуршкі, паведамляюць пра моцныя разбурэньні, пашкоджаньне дарог і ліній электраперадач. Мясцовы шпіталь быў эвакуяваны з-за небясьпекі абвалу.

У горадзе Ятсушыра пачаліся пажары, у многіх гарадах адбыліся адключэньні электрычнасьці.

У рэгіён прыбылі дадатковыя ратавальныя атрады і вайсковыя падразьдзяленьні, якія шукаюць пад заваламі будынкаў людзей і дапамагаюць тым, хто застаўся без прытулку.

Паступае таксама шмат зьвестак пра людзей, заблякаваных пад абломкамі будынкаў, сярод іх некалькі дзясяткаў жыхароў дома для састарэлых у Машыкі.

Было абвешчана папярэджаньне аб магчымасьці цунамі, якое было зьнята праз 50 хвілін.

Пры гэтым, як сьцьвярджаюць мясцовыя ўлады, ні адно з атамных энэргетычных прадпрыемстваў не пацярпела. Тысячы людзей пакінулі свае дамы, баючыся, што тыя могуць абваліцца. Яны застаюцца на вуліцах і ў парках, накрываюцца ад холаду коўдрамі.

XS
SM
MD
LG