Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Двум расейскім журналістам адмовілі ў акрэдытацыі ў Чэхіі з-за інфармацыі спэцслужбаў


Сытуацыю з двума расейскімі журналістамі пракамэнтавала прэс-служба МЗС Чэхіі.

Кіраўніца прэс-службы МЗС Чэхіі Міхаэла Лагранава заявіла Радыё Свабода, што расейскім журналістам Аляксандру Куранаву і Ўладзіміру Сьнегірову было адмоўлена ў акрэдытацыі на падставе інфармацыі, прадстаўленай спэцслужбамі краіны ў ходзе праверкі.

У чым канкрэтна заключаецца гэтая інфармацыя, Лагранава не патлумачыла, спаслаўшыся на сакрэтнасьць зьвестак. Кіраўнік прэс-службы МЗС Чэхіі падкрэсьліла, што адмова ў акрэдытацыі не азначае, што журналісты абавязкова павінны пакінуць тэрыторыю Чэхіі, аднак ім будзе адмоўлена ў доступе на афіцыйныя мерапрыемствы.

Карэспандэнт «Вячэрняй Масквы» Ўладзімір Сьнегіроў, які працуе ў Празе з 2014 году, у інтэрвію нашай радыёстанцыі паведаміў пра намер зьвярнуцца ў суд — у спробе аспрэчыць адмову ў прадаўжэньні яму акрэдытацыі. «З аднаго боку, мне гэта непрыемна, што ў чымсьці западозрылі, з другога боку, як журналісту мне гэта цікава, таму што зьявілася магчымасьць убачыць мэханізмы эўрапейскай дэмакратыі ў дзеяньні», — сказаў Сьнегіроў, дадаўшы, што ён ужо напісаў лісты шэрагу службовых асоб Чэхіі, уключаючы прэзыдэнта краіны.

У бліжэйшы панядзелак, паводле словаў Уладзіміра Сьнегірова, ён і карэспандэнт МІА «Расея сёньня» Аляксандар Куранаў маюць намер даць сумесную прэс-канфэрэнцыю ў Празе.

МЗС Расеі заявіў у сераду, што пратэстуе супраць адмовы чэскіх уладаў падоўжыць акрэдытацыю двум расейцам і не пакіне гэтыя дзеяньні без адпаведнай рэакцыі.

XS
SM
MD
LG